Дэмакратыя — не меню ў рэстарацыі

Кіраўніца Латвійскага цэнтра па правах чалавека Анхеліта Каменска падзялілася з чытачамі “Новага Часу” сваім поглядам на латышскія праблемы.



6_1_kamenska.jpg

Анхеліта Каменска

У Беларусі праваабаронца ўстойліва асацыюецца з каляпалітычнай тэматыкай: палітвязні, рэпрэсіі, парушэнні закону, смяротнае пакаранне. У суседняй Латвіі праваабаронцы больш займаюцца іншымі пытаннямі. Але гэта не значыць, што працы ім не хапае

Мова: дзяржаўная і руская

Часам патрабаванні да ведання латышскай мовы ў нас несувымерныя. Напрыклад, для прыбіральшчыцы ці цырульніка. Насамрэч, не важна ж, на якой мове гаворыць майстар, галоўнае — добрая работа. Людзей не прымусіш адміністратыўнымі метадамі вывучыць мову, хутчэй, будзе супрацьстаянне. Патрабаваць ведання латышскай мовы — легітымнае, але самі метады... У Еўрапейскім саюзе ёсць тры дзяржавы, дзе самы высокі ўзровень ведання дзвюх моваў: Люксембург, Славакія, Латвія. У Латвіі руская мова заўсёды будзе займаць адметнае месца. Калі цяпер гавораць пра нашу моўную праблему, то не звяртаюць увагу на колькасць тых, хто вывучыў латышскую. У 1989 годзе 80% нацыянальных меншасцяў не гаварылі па-латышску. Цяпер такіх засталося 10%.

Прысваенне рускай мове статусу замежнай было недальнабачнасцю. Руская мова не з’яўляецца і не можа быць замежнай. Замежная — гэта мова, якую вы вучыце і ў якой у дадзенай краіне няма асяроддзя, у рускай мовы ў Латвіі асяроддзе ёсць.

Галоўнае ў латвійскай сітуацыі — зразумець, што групы меншасцяў не маналітныя. Рускія розныя, як і латышы. І спрэчныя пытанні, адпаведна, па-рознаму ўспрымаюцца. Цяпер у нас многа змяшаных шлюбаў — прыкладна траціна, а ў Эстоніі толькі 3%. Часта людзі незадаволена бурчаць, але ім варта было б з’ездзіць у іншыя постсавецкія краіны і паглядзець, што адбываецца там. Мы ўсе пачыналі прыкладна з адной адзнакі, і не ўсе разумеюць, якімі тэмпамі мы пражылі апошнія пятнаццаць гадоў.

Цяпер, я мяркую, у нас ёсць праблема існавання ў дзвюх інфармацыйных прасторах адначасова: латышскай і расійскай. Форма падачы інфармацыі ў апошняй вызначаецца лабіраваннем расійскіх інтарэсаў. Гэта ўплывае на светапогляд людзей.

Уцекачы не абіраюць Латвію

Пенітэнцыярная сістэма Латвіі ў многім ёсць яшчэ спадчыннасцю савецкага часу. Я наведала ўсе следчыя ізалятары Латвіі, турмы. Я была прадстаўніком Латвіі ў Камітэце па папярэджанні катаванняў пры Савеце Еўропы. У нас няшмат хто хоча займацца гэтай тэмай, ды і ўвогуле ў галіне правоў чалавека працуе нямнога людзей. Часта праваабарончыя арганізацыі маюць вузкую скіраванасць, напрыклад, працуюць з дзецьмі.

Мы маем магчымасць наведвання закрытых месцаў утрымання ўцекачоў. Цяпер там прымальныя ўмовы, а гады два таму былі жахлівыя. Да слова, у Латвіі гэтае пытанне востра не стаіць. За апошнія трынаццаць гадоў было каля васьмісот прашэнняў аб наданні статусу ўцекача, і толькі каля ста з іх было задаволена. У той жа час некаторыя краіны штогод разглядаюць блізу пяцідзесяці тысяч такіх спраў!

Я думаю, што цяпер у нас адна з самых вялікіх праблемаў — карупцыя. У краіне працуе бюро па папярэджанні карупцыі, сядзяць у турме за хабар і чыноўнікі, і суддзі. Мы назіраем зрошчванне палітыкі і бізнэсу.

Амбудсмен

Важна, каб інстытуту амбудсмена была гарантаваная незалежнасць, у тым ліку фінансавая, права заканадаўчай ініцыятывы, упэўненасць, што за крытыку дзеянняў прэзідэнта ён не адправіцца ў турму. У нас ёсць праблема ў персонах амбудсмена. Гэты чалавек мусіць мець аўтарытэт, ведаць сучасную юрыспрудэнцыю.

Нашым першым амбудсменам быў былы старшыня канстытуцыйнага суду. Чалавек старой школы, а ў яго бюро працавалі маладыя юрысты, таму не было еднасці поглядаў. У парламенце тады працавалі многія прыяцелі амбудсмена, адпаведна, ён не быў схільны крытыкаваць палітыкаў. Быў такім незаўважным чалавекам: быццам бы ёсць, а быццам бы яго і няма.

Палітыкі ніколі не былі зацікаўленыя ва ўплывовым амбудсмене, а ў нас гэтую фігуру зацвярджае парламент. Яшчэ праблема ў тым, што гэтыя людзі не працуюць стратэгічна, то бок закранаюць пытанні, якія папулярныя ў насельніцтва: да прыкладу, тарыфы на камунальныя паслугі ці аплату падручнікаў. А пытанні еўрапейскай інтэграцыі асцерагаюцца закранаць.

Nota Bene

Пасля 2004 года, калі наша краіна стала сябрам ЕС, з боку розных устаноў адчуваецца хваля самазадаволенасці: мы патрапілі ў еўрапейскі клуб, адпавядаем стандартам. І гэта накладвае адбітак на тое ж стаўленне да рэкамендацый міжнародных арганізацый.

Напрыклад, гэта тычыцца тэмы правоў меншасцяў. Часам можна бачыць поўнае адмаўленне, рэакцыю не дарослых людзей. У чалавека выбраная памяць: хтосьці настальгуе па савецкім часе, але забыўся пра абмежаванні асобы ў той сістэме.

У інтэграцыі з Еўрапейскім саюзам абсалютна важна звяртаць увагу на заканадаўства і незалежныя суды, адукацыю грамадзян, умацаванне эфектыўнасці дзяржаўнай службы, роўнасці магчымасцяў і гатоўнасці людзей удзельнічаць ва ўсіх гэтых працэсах. Трэба ўлічваць, што мысленне людзей хутка не мяняецца.

У нашым выпадку пазітыўную ролю адыграла моцная латышская дыяспара за мяжой — яны знаёмыя з унутранымі асаблівасцямі Латвіі і разам з тым жылі ў дэмакратычным грамадстве, таму ведаюць яго лад. Трэба імкнуцца прыцягваць сваіх былых грамадзян да супрацоўніцтва.

Калі даюцца такія еўрапейскія каштоўнасці, як свабода слова, плюралізм, то людзям трэба тлумачыць, што магчымасці пашыраюцца адначасова з абавязкамі. Гэта не як меню ў рэстарацыі, з якога абіраеш толькі тое, што падабаецца.