Дэманстрацыйнае дзеянне як вырашэнне праблемы?

Увечары 16 студзеня вядомы беларускі аналітык Вадзім Мажэйка абвясціў у сваім Фэйсбуку, што звольніўся з універсітэту. Ён займаў пасаду дацэнта ў БДУФК. У каментарах на яго старонцы адразу з’явіліся словы накшталт «Моцна. Дзякуй за пазіцыю», «Моцны ўчынак грамадзяніна і чалавека», «Вадзім, ты крут» і г.д. Шчыра кажучы, адразу ўзнікла пытанне: а што тут крутога і тым больш разумнага?



majeiko.jpg

Я ні ў якім разе не асуджаю дзеянне Вадзіма Мажэйкі, але ўзнікае пытанне: што гэта дае агульнай справе, калі з універсітэту звальняецца добры выкладчык нашых поглядаў? Звальняецца сам, а не яго звальняюць. Ці не больш сэнсу ў тым, каб ствараць каўчэгі там, дзе гэта магчыма, і несці ў масы беларускія погляды? Калі сістэма не прымушае цябе рабіць гнюсныя ўчынкі і ты не хаваеш сваіх поглядаў ды працуеш у галіне адукацыі, хіба гэта не добрая магчымасць для таго, каб несці асвету?
Мне здаецца, што звальняцца самому дакладна не трэба. Хаця гэты ўчынак, напрыклад, 26 кастрычніка, я цалкам бы зразумеў. Тады было не зразумела, які ахоп можа прыняць забастоўка і быў заклік ад Святланы Ціханоўскай да агульнанацыяльных дзеянняў – да агульнай справы. Але зараз, калі сістэма сама праводзіць “чысткі” – такі крок я не надта разумею. Адразу ўзгадваецца ўрывак з кнігі Адама Мальдзіса “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”, там дзе аўтар прыводзіць такія словы Караткевіча: 
І калі ў прысутнасці Караткевіча заводзілі размовы, як бы "рыўком" змяніць усё тое, што сёння называецца застоем, Караткевіч злаваў, лічачы гэта правакацыйнай дэмагогіяй, што толькі шкодзіць справе. Памятаецца, калі ў 1970 годзе адзначалася Валодзевых "сорак", назаўтра, каб "паправіць галовы", прыйшоў Сцяпан Міско з нейкім матэматыкам. Апошні пачаў бесцырымонна выкладаць розныя нерэальныя планы. Караткевіч пахмурна перапыніў яго:— У маім доме пра палітыку, такую палітыку, не гавораць! Зарубі гэта, хлопча, на носе!— Што ж рабіць? Цярпець?— Дзела рабіць! Сілы збіраць! Розум назапашваць! Каб вытрываць.
Менавіта “сілы збіраць” я і маю на ўвазе. А дзе, як не ва ўніверсітэце, іх збіраць? Асабіста я даўно ведаю такое імя і прозвішча, як Вадзім Мажэйка. Ведаю, што гэты чалавек часта выступае экспертам у розных праграмах, датычных Беларусі. І тое, што ў гэтага чалавека атрымлівалася сумяшчаць гэта з выкладаннем ва ўніверсітэце, мяне, шчыра кажучы, вельмі радавала. Я думаю, што сэнсу ў выкладанні ў беларускім універсітэце болей, чым у выступе на тым жа “Белсаце”. “Белсат” збольшага глядзіць аўдыторыя, якая і так беларускіх поглядаў, а ці шмат у беларускіх універсітэтах выкладчыкаў з такімі поглядамі як Вадзім Мажэйка? Мне здаецца, што не надта. Таму і каштоўнасць іх вельмі вялікая. Каштоўнасць тых, хто застаюцца ў Беларусі і робяць сваё атачэнне больш беларускім, пашыраюць кола беларусаў. А ўніверсітэт як-ніяк добрая трыбуна для такіх дзеянняў.
Мне здаецца, што дэманстрацыйныя дзеянні лагічны і натуральны для дэманстрацыйных прафесій, напрыклад, актораў, там дзе гэтыя дзеянні маюць пэўны розгалас і могуць быць арыентырам для шырокіх масаў людзей, а для людзей недэманстрацыйных прафесій такія дзеянні, як звальненне, маюць заўважны вынік толькі пры набыцці масавасці. А каб такія дзеянні былі масавымі, атачэнне павінна мець беларускія погляды) У іншым выпадку такія дзеянні ідуць толькі на карысць супрацьлегламу боку: не трэба нават звальняць – самі сыйдуць.
Хочацца верыць, што Вадзім Мажэйка знойдзе карыснае прымяненне таму часу, які вызваліўся ў яго ў сувязі са звальненнем, але ў беларускім універсітэце дакладна стала на аднаго выкладчыкамі з беларускімі поглядамі меней.