Дацэнт БДУФК Вадзім Мажэйка звольніўся з універсітэту на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў у Беларусі

У сваім акаунце ў Інстаграме Вадзім Мажэйка размясціў відэазварот, у якім патлумачыў свой учынак.

Вадзім Мажэйка

Вадзім Мажэйка

Дацэнт БДУФК Вадзім Мажэйка звольніўся з універсітэту на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў у Беларусі
«Чатыры гады я выкладаў тут гуманітарныя дысцыпліны студэнтам вочнага і завочнага аддзялення, кіраваў дыпломнымі працамі і магістарскімі дысертацыямі. Але пасля ўсяго, што адбылося ў Беларусі за апошнія месяцы, нельга проста так вучыць і вучыцца як ні ў чым не бывала. Палітычныя рэпрэсіі і фальсіфікацыі на выбарах перайшлі ў татальнае гвалт супраць беларускага народа», – кажа выкладчык Вадзім Мажэйка ў сваім відэазвароце.
Ён кажа, што не можа больш працаваць у дзяржаўнай арганізацыі, «якая стала часткай механізму падпарадкавання і рэпрэсіяў»: «Я сыходжу з універсітэту, каб абавязкова вярнуцца вучыць студэнтаў у новай, вольнай Беларусі».
«Мы абавязкова пераможам, а старая дыктатура абрынецца, і пахавае пад сваімі абломкамі ўсіх, хто за яе трымаецца і здзяйсняе злачынствы, апраўдвае беззаконне і хлусню. Але сіла – у праўдзе. Жыве Беларусь!»