Die Tageszeitung: Дэмакратыя ў двары
«Цягам некалькіх месяцаў беларусы пратэстуюць супраць свайго прэзідэнта і за перазагрузку ў краіне. Сваёй настойлівасцю яны здзівілі ўсіх — у тым ліку і саміх сябе», — піша нямецкае выданне Die Tageszeitung.
«Яны паўсталі і ўжо сёння ўвайшлі ў гісторыю: тысячы беларусаў, якія вырашылі сёлета пазбавіцца ад свайго прэзідэнта. “Я закахалася ў свой народ”, — сказала ўлетку Святлана Алексіевіч, беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года. Лукашэнка гэта пачуццё не падзяляе. Назіраючы за сваімі суграмадзянамі, ён становіцца чырвоным, дакладней — чырвона-белым, і ў гэтым заключаецца праблема. Гэтыя колеры, увекавечаныя на дзяржаўным сцягу заснаванай у 1918 годзе першай незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, сталі сімвалам пратэсту супраць даўняга кіраўніка», — адзначае журналістка Барбара Эртэль.
Беларусы пратэстуюць супраць Лукашэнкі ўжо больш чатырох месяцаў. «І ўспрымаюць гэта з гумарам: “Перад выбарамі ў ЗША тэлефануе Лукашэнку прэзідэнт Дональд Трамп і просіць пазычыць яму Лідзію Ярмошыну (старшыню ЦВК Беларусі). Лукашэнка згаджаецца. Праз некаторы час зноў тэлефануе Трамп. Ён плача і просіць Лукашэнка забраць Ярмошыну. Мінскі кіраўнік пытаецца: “Ну што, выбралі яны цябе?”. “Выбралі — цябе!”, — адказвае Трамп».
«На жаль, Лукашэнка падобныя анекдоты не ўспрымае. На пратэсты рэжым адказвае гвалтам», — піша выданне.
«Аднак людзі больш не дазваляюць сябе запалохаць. Апазіцыйны рух ўмацоўваецца, што, верагодна, здзіўляе і саміх беларусаў. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі многіх прафесійных і ўзроставых груп, прычым не толькі ў сталіцы — Мінску: гэта школьнікі, студэнты, дзеячы мастацтва, лекары, IT-спецыялісты, рабочыя і пенсіянеры», — гаворыцца ў артыкуле.
«Як мінімум такімі ж разнастайнымі і крэатыўнымі з’яўляюцца формы пратэсту. Ужо даўно для таго, каб паказаць свой твар і пазіцыю, патрэбная не толькі вуліца. Заваёва грамадскай прасторы адбываецца ў дварах панэльных дамоў часоў рэальнага сацыялізму. (...) Замест дэмантаваных сцягоў на балконах на вяроўках для бялізны лунаюць рушнікі або сподняе белага і чырвонага колераў».
Суседская дапамога набыла ў Беларусі новае значэнне, адзначае журналістка. «А менавіта, калі людзі адчыняюць дзверы незнаёмцам, якія спрабуюць уцячы ад сваіх пераследвальнікаў, і так ратуюць іх ад гвалту ці горшага».
«Дарэчы, у Беларусі Новы год наступіць не ў 0: 00 1 студзеня, а ў 23:34 31 снежня, жартуюць беларусы. 23.34 — гэта нумар артыкула закона, які прадугледжвае пакаранне за правядзенне масавых мерапрыемстваў».
«Аднак у кожным жарце ёсць доля праўды: з гэтага года гадзіннікі ў Беларусі сапраўды ідуць па-іншаму. І гэта захаваецца, незалежна ад таго, чым скончыцца супрацьстаянне з рэжымам Лукашэнкі», — заключае Die Tageszeitung.
Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ