«Белпошта» ўрэшце адкрыла для сябе e-mail
У Беларусі з 3 студзеня пачала працаваць нацыянальная паштовая электронная сістэма. Яна дазваляе перасылаць і простыя заказныя лісты ў электроннай форме.
Як паведамляе REFORM.by са спасылкай на прэс-службу Мінсувязі, для выкарыстання сістэмы прыйдзецца стварыць электронную паштовую скрыню на сайце «Белпошты» і прайсці аўтэнтыфікацыю з выкарыстаннем ЭЛП.
Пры паступленні электроннага ліста прыйдзе апавяшчэнне на паказаны пры рэгістрацыі нумар тэлефона/e-mail. Праз электронную сістэму можна адпраўляць дакументы, фотаздымкі, рахункі, паведамленні, даведкі, выпіскі і іншае.
Тэкставае паведамленне можа быць не больш за 30 старонак, можна ўкласці не больш за 3 файлы памерам да 10 Мбайт. Падтрымліваюцца пашырэнні файлаў doc, docx, xls, xlsx, pdf.
Паслугі сістэмы платныя. Просты электронны ліст каштуе 42 капейкі, а заказны — 1,5 рубля.
З відэа, дзе паказана, як працуе гэтая сістэма, бачна, што «нацыянальная паштовая электронная сістэма» па функцыянале мала чым адрозніваецца (а ў магчымасці далучэння файлаў нават саступае) ад папулярных паштовых сэрвісаў кшталту Gmail, Mail.ru, Яндэкс.Пошта, або Mail.tut.by. Адрозненні толькі два: гэтая сістэма, а) афіцыйная беларуская, і б) платная.