Польшча не будзе спаганяць з беларускіх грамадзян плату за афармленне нацыянальнай візы

З грамадзян Беларусі да 31 снежня 2022 года не будзе спаганяцца консульскі збор за афармленне нацыянальнай візы Польшчы.

polskaya_viza.jpg


Гэта вынікае з пастановы Міністэрства замежных спраў Польшчы № 2402 ад 22 снежня 2020 года, апублікаванай у польскай Інтэрнэт-сістэме прававых актаў.

У пастанове таксама гаворыцца аб абнуленні консульскага збору за афармленне шэнгенскай візы для грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў і беларусаў ва ўзросце да 25 гадоў, якія прымаюць удзел у семінарах, канферэнцыях, спартыўных, культурных або адукацыйных мерапрыемствах, арганізаваных некамерцыйнымі арганізацыямі, паведамляе naviny.media.

Дакумент набыў моц 1 студзеня 2021 года.

Як паведамляецца на сайце ўпраўлення па справах замежнікаў Польшчы, нацыянальная віза дае права на ўезд, у тым ліку шматразовы, і бесперапыннае пражыванне на тэрыторыі краіны агульнай працягласцю больш за 90 дзён. Перыяд дзеяння нацыянальнай візы не можа перавышаць адзін год.

2 снежня мінулага года ўрад Літвы прыняў прапанову свайго Міністэрства замежных спраў выдаваць нацыянальныя візы беларусам, пацярпелым ад рэпрэсій.

«Праз гвалт, які здзяйсняецца беларускім рэжымам супраць сваіх грамадзян, і масавых парушэнняў правоў чалавека ўсё больш і больш грамадзян Беларусі, якія шукаюць прытулку і часовай абароны, хочуць прыехаць у Літву, — цытавала прэс-служба ўрада Саўлюса Скверняліса, які выконваў на той момант абавязкі прэм'ер-міністра. — Для ўезду і знаходжання ў Літве на больш працяглы тэрмін грамадзянам Беларусі было неабходна атрымаць доўгатэрміновую нацыянальную візу, за якую спаганяецца збор за падачу заявы ў памеры 60 еўра. З гэтага часу плата спаганяцца не будзе».

Гэтая льгота будзе прадастаўляцца ў тых выпадках, калі МЗС Літвы пацвердзіць, што запыт быў пададзены па асаблівых гуманітарных прычынах, або выдача нацыянальнай візы без збірання консульскага збору адпавядае мэтам супрацоўніцтва ў галіне развіцця, знешняй палітыкі ці нацыянальнай бяспекі.