Эстонія выдаткавала 800 тысяч еўра на праекты для Беларусі
Міністэрства замежных спраў Эстоніі фінансуе праекты па супрацоўніцтве ў галінах развіцця адукацыі, грамадзянскага руху і аховы здароўя ў Беларусі, паведамляе прэс-служба эстонскага дыпведамства.
Па выніках абвешчанага ў кастрычніку конкурсу былі адабраныя праекты, якія атрымаюць фінансаванне на агульную суму 800 тысяч еўра. Яны будуць рэалізаваныя з 2021 па 2022 год, а ў некаторых выпадках да 2023 года. Усяго ад Беларусі паступіла 15 заявак, паведамляе REFORM.by.
Адабраныя праекты тычацца развіцця вышэйшай адукацыі, асабліва тэхнічнай, і ўкаранення інтэлектуальных навучальных інструментаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Атрымаюць падтрымку і незалежныя беларускія СМІ, ёсць таксама планы па павышэнні дасведчанасці аб дэмакратыі і вяршэнстве закона і па інфармаванні насельніцтва аб здароўі.
Па словах міністра замежных спраў Урмаса Рэйнсалу, сёлета Эстонія павялічыла аб’ём падтрымкі праектаў у дачыненні да Беларусі.
«Беларусь знаходзіцца ў ліку прыярытэтных краін для супрацоўніцтва Эстоніі ў галіне развіцця з 2011 года, і наш абавязак — падтрымліваць Беларусь цяпер, як ніколі. Каб падтрымаць ўстойлівасць дэмакратыі, мы можам падзяліцца сваім вопытам рэформаў, а таксама практычна падтрымаць развіццё анлайн-навучання ў вышэйшай адукацыі, напрыклад, каб і рэпрэсаваныя студэнты, і выкладчыкі маглі ўдзельнічаць у навучанні», — сказаў Рэйнсалу.
Партнёрамі праектаў, якія атрымалі фінансаванне, з’яўляюцца Талінскі тэхналагічны ўніверсітэт, Талінскі ўніверсітэт, Тартускі ўніверсітэт, Талінскі каледж аховы здароўя, Фонд «Адкрытая Эстонія» і Эстонскі цэнтр Усходняга партнёрства.