Для барацьбы з пластыкавым смеццем выйдзе прэзідэнцкі ўказ

Дакумент будзе кантраляваць збор тары – амаль усёй, ад шкляных і пластыкавых бутэлек да металічных бляшанак з-пад напояў. Гэта значыць, што іх можна будзе здаць і атрымаць пэўную суму грошай, піша Белсат.

plastic.jpg

Наталля Блышчык, спецыяліст Цэнтру экалагічных рашэнняў, тлумачыць:
«Ёсць пашыраная адказнасць вытворцы, гэта выдатны досвед – і кожны вытворца нясе адказнасць за той пакунак, які ён вырабляе, у тым ліку пластыкавы. Грошы выдаткоўваюцца на стварэнне сістэмы збору адкідаў пластыку ў тым ліку. Але, на жаль, да перапрацоўкі ў нашай краіне прыдатныя не ўсе пакункі – у асноўным гэта толькі пластыкавыя бутэлькі і шчыльныя поліэтыленавыя пакеты».
Толькі беларусы штогод прадукуюць каля 3 мільёнаў тонаў адкідаў, з іх каля траціны – пластык. Адпаведна, беларускія эколагі заяўляюць пра неабходнасць далучыцца да ініцыятывы Еўрапейскага Звязу. Там не пазней, як праз тры гады цалкам адмовяцца ад ужывання аднаразовага посуду, ватных палачак, трубачак для пітва ды іншых падобных вырабаў. Іх заменяць няшкоднымі ці шматразовымі адпаведнікамі. Таксама прапаноўваецца ўвесці плату за пластыкавыя пакеты – такая захада мае знізіць іх ужыванне да 40 %. А ці гатовыя да такіх крокаў беларусы?
«Так, гатовыя, асабліва ад пакетаў, якія ў краме, бо іх збіраецца агромністая колькасць і па факце яны проста выкідаюцца ў сметніцу. То бок гэта было б вельмі класна, калі б пластыкавыя рэчы маглі б замяніцца на драўляныя, напрыклад. Ад чагосьці, магчыма, гатовыя. Ад трубачак, я думаю, так. Ад талерак таксама гатовыя – перайсці на папяровыя ці нейкія больш экалагічна чыстыя».
Наталля адзначае, што у некаторых краінах Еўропы ўжо адмовіліся ад аднаразовага посуду.
У той жа момант, эксперты кажуць, што ў Беларусі пытанне перапрацоўкі пластыку – гэта не толькі пра ахову навакольнага асяродку – любы буйны экалагічны праект таксама і эканамічны. Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса, тлумачыць:
«Не так проста ў нас працаваць камерцыйна са смеццем, і смецце ў гэтым сэнсе – бутэлькі розныя, ПЭТы, будуць зноў яшчэ адной крыніцай для наменклатурнага бізнесу… Гэтыя тараматы – ізноў, колькі яны будуць каштаваць, хто іх будзе пастаўляць? Там будзе заложаны такі прыбытак, што для чыноўнікаў даволі».
Праблема яшчэ большая за дробнае пластыкавае смецце – мікрапластык – прадукты распаду пластыкавых вырабаў, а таксама маленькія пластыкавыя гранулы – іх можна знайсці хоць бы ў таннай касметыцы. Мікраплатыстык трапляе ў акіян – яго знайшлі ў больш чым 600 відах рыбаў! У нашай краіне гэтыя адкіды плаваюць амаль у кожным вадаёме. Не дзіва, што кожны еўрапеец штогод зʼядае каля 11 тысячаў пластыкавых мікрагранулаў.
«Шмат хто думае, што пластык лёгка перапрацоўваецца і ў прынцыпе праблема толькі ў тым, каб яго сабраць. Але, насамрэч, у пластыку ёсць такая праблема, як сыходны цыкл перапрацоўкі. Са старога другаснага пластыку зрабіць такую ж пластыкавую рэч не атрымаецца. То бок гэта будзе новая пластыкавыя рэч, але горшай якасці. І два-тры цыклы перапрацоўкі – і пластык аказваецца на сметніцы», – распавядае Наталля Блышчык.
Беларускае развязанне праблемы – будаўніцтва заводу для спальвання смецця, што і плануецца зрабіць у Менску. Праўда, і гэта не надта экалагічнае выйсце, бо прадукты гарэння пластыку надта таксічныя. Але ж пра поўную адмову ад пластыку пакуль гаворкі не ідзе нават у самых высокаразвітых краінах.