Хэлоўін і адукацыя, фашысцкі карнавал: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў.
Знікненне жывёл з планеты, брудныя выбары ў ЗША, бразільскія танцы ўльтраправых — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

Эколагі падзяліліся страшнай навіной — з 1970 года на планеце знікла амаль дзве траціны папуляцый жывёл — прынамсі з тых, за якімі яны назіралі. Прычым надзеі на тое, што маладое пакаленне зменіць сітуацыю, няма. Гэты сумны факт ілюструе тайскі мастак Стэфан Перэй (Stephane Peray). На яго малюнку тынейджэр спяшаецца зрабіць сэлфі з тыграм, пакуль той не вымер.

Чарговым сведчаннем глабальнага распаўсюджвання папулісцкіх настрояў стала перамога на прэзідэнцкіх выбарах у Бразіліі Жаіра Болсонару, якога часта параўноўваюць з Дональдам Трампам. Перамога Жаіра ператварыла ўсіх ультраправых палітыкаў свету ў аматараў бразільскай культуры: па версіі французскага Politic, Марына Ле Пен танчыць самбу.

У Штатах скончылася перадвыбарчая кампанія ў Кангрэс, які будзе абраны 6 лістапада. Лічыцца, што выбары вырашаць лёс краіны. Зрэшты, гэтай кампаніі і так наканавана застацца ў аналах гісторыі. Яшчэ ніколі палітыкі не вялі такую брудную гульню супраць сваіх апанентаў. Нездарма карыкатурыст амерыканскай газеты Omaha World Herald прапануе грамадзянам адмыцца пасля заканчэння выбараў.

Канцлер ФРГ Ангела Меркель абвясціла, што ў снежні пойдзе з пасады кіраўніка сваёй партыі, пры гэтым захаваўшы пасаду кіраўніка ўрада да канца свайго тэрміну — гэта значыць, да 2021 года. Усе шукаюць прычыны такога рашэння. А вось нямецкае выданне Tageszeitung мяркуе, што Меркель проста ўсё дастала. На карыкатуры задаволеная канцлер заклікае саму сябе сысці з кіраўніцтва краіны.

Многія на мінулым тыдні святкавалі Хэлоўін. Нягледзячы на нездаровае захапленне моладзі магіяй, свята мае і пазітыўныя аспекты. Гэта заўважыў амерыканскі часопіс New Yorker. «Затое яна чытае», — радуюцца, назіраючы за сваёй дачкой, бацькі.