Два дзясяткі мужных аршанцаў адзначылі дзень нараджэння Караткевіча
Жыхары Слуцка, Магілёва і іншых гарадоў, якія яшчэ ў мінулым годзе трапілі пад прэсінг за ўскладанне кветак ахвярам Халакосту, мусяць дзівіцца мужнасці двух дзясяткаў аршанцаў, якія адважыліся выйсці сярод белага дня з кветкамі да помніка Уладзіміру Караткевiчу, нібы тыя 300 гераічных спартанцаў са старажытнай грэчаскай гісторыі.
«Учора, калi мы ўскладалi кветкi да помнiка Караткевiчу на Дзень яго нараджэння, да нас падышлi мiлiцыянты i сказалi, што гэта несанкцыянаваны мiтынг. Запiсалi пашпартныя дадзеныя.
Няужо ўжо i ўскласцi кветкi да помнiка трэба дазволу прасiць?» — напісала ў «Фэйсбуку» жыхарка Оршы і грамадская актывістка Алена Кучынская.
Алена паведаміла, што да помніка знакамітага пісьменніка і паэта ў дзень яго нараджэння неабыякавыя аршанцы прыходзілі кожны год. Прыйшлі і ў гэтым годзе каля двух дзясяткаў чалавек, забароненых уладамі сімвалаў з сабой не мелі. Пастаялі хвілін дзесяць, прачыталі некалькі вершаў, пакуль не з’явіліся міліцыянты і не пачалі перапісваць адрасы і нумары пашпартоў прысутных...
Цяпер аршанцы чакаюць наступстваў свайго «крамольнага ўчынку» — адзначэння дня нараджэння слыннага земляка.
Дадаць тут можна толькі каментар аднаго з чытачоў яе паста. На яго думку, у 2022 годзе, калі так пойдзе і далей, выхад з пад’езда давядзецца ўзгадняць з міліцыяй: «Куды ідзеш?», «Навошта?», «Адкуль, куды і навошта прыехаў, паехаў», «Як і калі ідзеш на месца працы». І ўсё будзе пазначацца ў адмысловых паперах.
А жыхары Слуцка, Магілёва і іншых гарадоў, якія яшчэ ў мінулым годзе трапілі пад прэсінг за ўскладанне кветак ахвярам Халакосту, мусяць дзівіцца мужнасці двух дзясяткаў аршанцаў, якія адважыліся выйсці, нібы тыя 300 гераічных спартанцаў са старажытнай грэчаскай гісторыі. Таму што ў Віцебску, як мне распавядалі знаёмыя, пад покрывам цемры прабраліся з кветкай да помніка Уладзіміру Караткевічу толькі некалькі невядомых герояў.
Не кажу ўжо пра некалькі таямнічых лампадак, што з’явіліся ля крыжа слуцкім паўстанцам у Грозаве — падобна, што каб іх паставіць, у гэтым годзе патрэбна было здзейсніць цэлую спецаперацыю...