Дваім – калонія. У Брэсце асудзілі другую «дзясятку» па «справе карагодаў»

Суд Ленінскага раёна Брэста 15 сакавіка вынес прысуды ўдзельнікам карагодаў 13 верасня на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава — калі супраць пратэстоўцаў быў ужыты водамёт. 

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце


Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў адразу восем чалавек па ч. 1 арт. 342 КК, прызначыўшы ім пакаранне ад 1,5 года «хатняй хіміі» да 1 года і 8 месяцаў калоніі. Гэта ўжо другая «партыя» асуджаных, але пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі было прызначана ўпершыню. Колькасць абвінавачаных па «справе карагодаў» дасягае паўсотні — гэта адна з самых масавых «палітычных» спраў у Беларусі.
Як перадае брэсцкая «Вясна», суд палічыў даказанай віну васьмі чалавек па ч. 1 арт. 342 КК і прызначыў наступныя пакаранні:
Дзмітрыю Буневічу — 1 год і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;Аляксею Арцецкаму — 1,5 года калоніі агульнага рэжыму;Дзмітрыю Абрамуку і Віталю Бруху — 2 гады «хіміі»;Аляксею Бараноўскаму, Дзмітрыю Качурку і Уладзіміру Талатынніку — 1,5 года «хіміі»;Генадзю Місюту — 1,5 года хатняй хіміі.
Менавіта такое пакаранне прасілі дзяржаўныя абвінаваўцы пракуроры Юшчук і Ляшок. Што тычыцца абвінавачаных Валянціны Жукоўскай і Сяргея Наліўкі, то разгляд іх спраў будзе праходзіць асобна, бо яны не наведвалі некаторыя пасяджэнні па стане здароўя.
Аляксея Арцецкага ўзялі пад варту ў залі суда. Дзмітрыя Буневіча затрымалі яшчэ да вынясення прысуду — 12 сакавіка. Да яго прыехалі дадому і сказалі, што трэба ў Следчы камітэт.

У чым іх абвінавацілі?

Паводле абвінавачання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі ха сабой парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода на 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — на 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Пацярпелым бокам у справе выступаюць КУТП «Тралейбусны парк» і ААТ «Брэсцкі аўтобусны парк».

Што з астатнімі фігурантамі справы?

Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай «справе карагодаў». Суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку — да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу:
Ярашуку Яраславу, палітзняволенай Марыне Глазавай — 1,5 года абмежавання волі без накіравання («хатняя хімія»);Варановічу Вадзіму, Жараву Максіму — 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»);Калпачыку Яўгену, Віктару Дзенісенку, Якубуку Аляксею, Ліцвіну Віталю, Федарэнку Мікалаю — 1,5 года з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»);Сірэцан Марыне — 1 год абмежавання волі без накіравання («хатняя хімія»).
Праваабаронцам «Вясны» вядома, што чатырох брэстаўчан па «справе карагодаў» змясцілі ў СІЗА:
Рамана Яхіна;Арсенія Сіняка;палітзняволеную Вольгу Глушань;палітзняволенага Данілу Чамаданава.
На дадзены момант гэта адзіныя абвінавачаныя па гэтай справе, каго затрымалі. У дачыненні да астатніх абвінавачаных выбраныя меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.
У суд паступілі справы па «трэцяй» партыі. На гэты раз абвінавачаных адзінаццаць чалавек: 63-гадовая актывістка Алена Гнаук, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юрый Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кіріл Луда, Радзівон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка над імі таксама адбудуцца суды, яны ўжо знаёмяцца з матэрыяламі справы.