«Прычынай стала каханне». Вярнулася з-за мяжы, каб развітацца з любым палітвязнем — і сама трапіла ў СІЗА
Яму 17, ёй 18. Абое з Брэста, вучыліся ў адным каледжы. Абое цяпер за кратамі — па справе за «масавыя беспарадкі». Яна магла б быць на волі, але вярнулася пабачыць каханага. «Наша Ніва» расказала кранальную гісторыю падлеткаў Дзяніса Хазея і Віталіі Бандарэнка.
Віталія — адзіная дачка ў сям’і. Маці — раскройшчыца, бацька
ездзіў на заробкі ў Расію. Пяць год таму падчас адной з такіх камандзіровак яго
не стала. Што за мутная гісторыя здарылася, сваякам так да канца і невядома:
справу хутчэй закрылі, каб не «вісела».
У сельскагаспадарчы каледж у Высокім (Камянецкі раён) Віта
паступіла на падвойную спецыяльнасць — «Кухар і касір». Маці Наталля тлумачыць,
што ў брэсцкіх каледжах давялося б абіраць адну прафесію для навучання, а дачка
вагалася, таму паехала ў суседні горад. У жніўні яна атрымала дыплом і
ўладкавалася прадаўцом у брэсцкую кавярню. Праўда, працавала там нядоўга: праз
пандэмію кліентаў стала мала, і кавярня закрылася.
З Дзянісам, які быў на курс меншы, Віта пазнаёмілася ў
каледжы. Той вучыўся на трактарыста, зваршчыка і кіроўцу катэгорыі С. У Высокім
апынуўся, калі не хапіла балаў на будаўнічы ліцэй у Брэсце.
Дзяніс захапляўся футболам, наведваў трэнажорную залу.
Невысокі, але дужы, мускулісты хлопец. У бойку першым не лез — спакойны па
характары.
«Прыемны чалавек, пазітыўны. Падчас вучобы ў школе да яго не
было пытанняў, вёў сябе ўзорна, нікога не чапаў», — згадваюць знаёмыя.
У чэрвені падлеткі пачалі сустракацца. Дзяўчына падарыла любаму тэлефон.
«Віта расказвала, што ў яе вялікае каханне. Паказала аднойчы
фота: "Мама, як табе гэты хлопчык?" Ну сімпатычны, кажу, але ж ён маленькі. "Мама, нічога ты не разумееш", — з усмешкай распавядае маці Віталіі пра тое
завочнае знаёмства. — Пасля яны былі ў нас дома разы два, заходзілі на гарбату.
Забягалі літаральна на 20 хвілін: "Мама, мы галодныя". Сядзелі на кухні, а я
сыходзіла ў іншы пакой, каб не бянтэжыць».
10 жніўня падлеткі былі разам у горадзе. А ў канцы жніўня
Віту затрымалі на працы ў кафэ і павезлі ў ІЧУ. Праз двое сутак быў суд па
адміністрацыйнай справе, уляпілі штраф. Але ў ізалятары дзяўчыну пакінулі яшчэ
на суткі — каб паведаміць, што на яе завялі «крыміналку». Частка 2 артыкула 293 — «Удзел у масавых беспарадках», — за якую пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
«Спачатку я яе адчытала, што яна, дзяўчынка, ўлезла ў гэты
натоўп. Але цяпер, канешне, падтрымліваю дачку, перажываю за яе. Віта вельмі
засмучаная была гэтыя месяцы, яна лічыць абвінавачанне несправядлівым, дагэтуль
не верыць у афіцыйныя вынікі выбараў», — дзеліцца маці.
І Віталія, і Дзяніс да суда не былі пад вартай. Бачыліся па
выходных, бо ў будныя дні хлопец ездзіў у каледж. Выкладчыкі пра патэнцыйную
«крыміналку» на яго ведалі, ставіліся з паразуменнем.
«Сам Дзяніс суда не баяўся, казаў, яму ўсё роўна. Жыў як і
раней», — кажуць аднакурснікі.
У канцы студзеня да пачатку суда Віта з’ехала за мяжу. Маме
свае планы не раскрывала.
«У адзін дзень сабралася і сышла. Джынсы, майку кінула ў
заплечнік — я падумала, яна збіраецца да сяброўкі. "Мама, я сядзець не буду", —
сказала толькі.
У канцы лютага яна вярнулася на пару дзён. Зняла жыллё
насупраць нашага дома, каб паглядзець на мяне — а я нават не ведала. Засумавала
па сям’і і па сваім хлопцы, і вось зрабіла глупства», — уздыхае Наталля.
Сябры падлеткаў таксама кажуць, што прычынай яе вяртання
стала каханне.
«Калі даведалася, што Дзянісу пагражае некалькі гадоў
калоніі, яна сказала: я прыеду, правяду цябе і дачакаюся».
Віталію затрымалі 1 сакавіка. 10 сакавіка асудзілі Дзяніса —
тры гады выхаваўчай калоніі.
Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры
Брэста ён і іншыя абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак і ўчынілі
пагромы. Пасля чаго нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі,
рознымі прадметамі. У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для
смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні,
ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя «наўмысна
знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якая належала
міліцыі і цывільным».
«Гэта была вельмі нечаканая навіна для нашага класа. Мы з
цяжкасцю паверылі ў тое, што адбылося», — аднакласнікі хлопца шакаваныя прысудам.
Віталію, верагодна, будуць судзіць з іншай партыяй
брэстаўчан, заўважаных на пратэстах, — суд там разглядае лёсы людзей пачкамі.
Вырашэння свайго дзяўчына чакае ў СІЗА №7.
«Пісала, што нашых лістоў не атрымлівае. Але падбадзёрвае нас больш, чым мы яе. "Не плачце, не засмучайцеся, усё будзе добра"», — згадвае словы дачкі маці.