«Пікетавалі з дапамогай запісак». У Мінску за святкаванне Масленіцы жанчынам далі па 15 сутак
Па 15 сутак атрымалі тры жанчыны — ўдзельніцы раённага свята Масленіца ва Уруччы каля Музея валуноў, паведамляе «Вясна». Усяго ў нядзелю на свяце былі затрыманыя 6 чалавек. Справы яшчэ траіх мужчын суд Першаймайскага раёна адправіў на дапрацоўку.
У Музеі валуноў ва Уруччы 14 сакавіка праходзіла святкаванне Масленіцы — санкцыянаванае мерапрыемства. Усяго там затрымалі шэсць чалавек, якіх даставілі ў Першамайскі РУУС. На ўсіх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП (раней 23.34) і адправілі на Акрэсціна.
Ганну Кавалёву, Святлану Хіневіч і Наталлю Аляхновіч
затрымалі, калі яны ўжо пакідалі мерапрыемства. Справы жанчын разглядаў
суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч.
У пратаколах напісана, што жанчыны «ўдзельнічалі ў адзіночным пікетаванні на вул. Русіянава, 55: прымацавалі зубачысткай да пудзіла запіску з надпісам "Сыходзь" і выкрыквалі лозунгі». Ужо на выхадзе да іх пад'ехаў бус, выбеглі невядомыя і ўсіх затрымалі.
На судзе дапыталі
сведку-міліцыянта, які сцвярджае, што асабіста бачыў, як кожная з жанчын пісала
нешта на паперках і прышпільвала да пудзіла. Праблема толькі ў тым, што пудзіла
спалілі з усімі надпісамі, і як сведка мог ведаць, што напісана на паперках —
загадка. Віну сваю ніхто з затрыманых не прызнаў, а на паперцы пісала толькі
Наталля. Паводле яе слоў, гэта было ў рамках мерапрыемства: трэба было напісаць на
паперцы тое, што хочацца пакінуць у мінулым і прымацаваць да пудзіла, таму яна
напісала «Інфаркт таты».
У выніку, суддзя Трусевіч
вырашыў, што Ганна, Святлана і Наталля вінаватыя ў пікетаванні з дапамогай
запісак, і асудзіў усіх на 15 сутак арышту.
Справы Улада Ёды, Змітра Сарокі
і Змітра Сачыўка суддзя без разгляду адправіў на дапрацоўку.