Два гады «хіміі». Мужчыну асудзілі за дзве ўвагнутасці на міліцэйскай машыне і супраціў

Сведчанні міліцыянтаў, якія затрымлівалі падсуднага, зафіксавалі больш чым праз месяц, аднак гэта не дало суду падставы спыніць разгляд, паведамляе «Свабода».

c7b146cc_842d_4990_99ef_877e0155e17b_w1023_r1_s_1.webp

У судзе Савецкага раёна Мінска скончыўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачанні Валерыя Богдана ў «супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак» (арт. 363 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Аляксандар Воўк. Дзяржабвінаваўцам выступіў пракурор Рабаў.

У матэрыялах следства Валерый Богдан фігураваў як удзельнік масавага мерапрыемства. 6 снежня 2020 года яго затрымалі на вуліцы Якуба Коласа ў Мінску. У той самы дзень хтосьці пашкодзіў міліцэйскі спецтранспарт — на бакавіне выявілі дзве ўвагнутасці. Следчыя вырашылі, што гэта зрабіў Богдан.

У судовую залу сведкі-міліцыянты прыйшлі ў балаклавах. На мінулае пасяджэнне яны не з'явіліся, матывуючы тым, што былі ў адпачынку. Адзін з іх на судзе заявіў, што заўважыў трох чалавек, якія ішлі асобна, пры затрыманні адзін з іх паводзіў сябе спакойна, другі стаў уцякаць, а трэці — Богдан — пачаў супраціўляцца, штурхаць супрацоўніка, упірацца нагамі.

Затым старшына Базілевіч убачыў на аўтамабілі «Форд-Транзіт» увагнутасці. Абодва сведкі сказалі, што не бачылі, хто наносіў удары па машыне, а іх паказанні з нагоды пашкоджання транспарту запісалі больш як праз месяц пасля падзей.

Пракурор запрасіў для абвінавачанага 2 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу — «хімію». Суддзя падтрымаў пракурора.

У сваім апошнім слове Богдан цалкам прызнаў віну, выбачыўся і паведаміў, што гатовы задаволіць матэрыяльныя прэтэнзіі. Аднак пры абвяшчэнні прысуду суддзя сказаў, што той віны не прызнаў.

Валерый Богдан збіраецца абскардзіць прысуд.