«Будзем больш патрабавальныя да тых, хто «лезе у палітыку». Сенатар Чайчыц навучыць адвакатаў пакоры?

Апошнім часам грамадства літаральна скалынаюць навіны, якія тычацца інстытута адвакатуры. Масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў за іх прафесійную дзейнасць і за рэалізацыю сваіх правоў, працягненне меры ўтрымання Максіму Знаку і Іллі Салею — адвакатам Марыі Калеснікавай, пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій, пазачарговыя атэстацыі адвакатаў і супярэчлівая інфармацыя аб зменах, якія рыхтуюцца ў «Закон аб адвакатуры», дыскрымінуючых адвакатаў, сведчаць аб сістэмным і брутальным наступе дзяржавы на рэшткі незалежнасці адвакацкай прафесіі ў Беларусі.

Фота moka.by

Фота moka.by

4 сакавіка адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, на якой абмяркоўваліся пытанні дзейнасці адвакатуры ў мінулым годзе і планы працы ў бягучым годзе. «Вясна» публікуе цытаты з выступлення старшыні БРКА Віктара Чайчыца, расшыфраваўшы іх аўдыёзапіс. Яны сведчаць пра глыбіню крызіса, у якім аказалася беларуская адвакатура.

Віктар Чайчыц пра адабрэнне жнівеньскіх катаванняў пасля прэзідэнцкіх выбараў і адносіны да палітычнай апазіцыі Лукашэнкі

«Я ўпэўнены, што ўсе вы чыталі і слухалі выступ прэзідэнта на Усебеларускім народным сходзе, і я прашу вас звярнуць увагу на яго словы ў той частцы, дзе ён тлумачыў асобныя, ну, будзем так казаць, непапулярныя крокі, якія былі зробленыя дзяржавай, і казаў вельмі часта: «А як я, па-вашаму, павінен быў паступіць?! Трэба было ратаваць краіну». Вы вось зараз, у больш спакойнай абстаноўцы, я ўпэўнены, што можаце неяк больш узважана падысці да тых лозунгаў і заклікаў, да чаго заклікаюць апазіцыянеры».

Сенатар пра адабрэнне прадузятага стаўлення суддзяў да адвакатаў за агалошванне інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека

«І калі вы думаеце, што вось гэта прынесла велізарную карысць — тое, што адвакат, не вашай калегіі, праўда, а другой калегіі, злавіла суддзю на тым, што яна памылілася, выносячы пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, калі паказала, што доказам здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння з’яўляецца той факт, што ў грамадзяніна была заключана дамова з адвакатам, і гэта праз пяць хвілін пасля вынясення гэтай пастановы было выкінута ў інтэрнэт, то вы памыляецеся. Хоць я думаю, што вы так не думаеце. Таму што потым, як стала вядома, проста ўсе суддзі аб’ядналіся і сказалі, значыць: адвакаты нашага калегу, як кажуць, зганьбілі, давайце і мы неяк трошачкі будзем больш строгімі да адвакатаў.

А ў межах закона быць больш строгім для суддзі — гэта нескладана. Я з вамі гэта кажу, значыць, адкрыта і прашу, значыць, не выкідваць гэта ў інтэрнэт, а то заўтра яшчэ будзе больш нейкіх там нараканняў у адрас адвакатаў. І нехта скажа, што, значыць, суды выносілі неправасудныя там пастановы, таму што яны пакрыўдзіліся на адвакатаў. Не. Мы гэта ніколі, як кажуць, не дакажам».

Чайчыц пра адабрэнне ціску на адвакатаў знутры калегій за выказванне імі прававога меркавання

«Вось Мікалай Міхайлавіч [намеснік міністра юстыцыі Старавойтаў. – Заўв.рэд.] задаў пытанне, і Аляксей Іванавіч [старшыня МГКА Швакаў. – Заўв.рэд.] чамусьці неяк на яго не адказаў: а што зрабіла рада Мінскай гарадской калегіі адвакатаў для ўзняцця прэстыжу адвакатуры? Я лічу, што рада зрабіла шмат. Мы ж пастаянна і разам з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў праводзілі мерапрыемствы. І намагаліся ўнушыць, спыніць адвакатаў ад вось гэтых палітычных заяў, палітычных лозунгаў. І, магчыма, калі б не было вось гэтых мерапрыемстваў, то значна больш адвакатаў вось дзесьці па няведанні, напэўна, вось улезлі б у гэтую палітыку».

Для сенатара Чайчыца рэалізацыя адвакатам фундаментальнага права на выказванне меркавання азначае «лезці ў палітыку»

Віктару Чайчыцу было задазена пытанне аб тым, якія дзеянні адваката разглядаюцца як тыя, што ён «лезе ў палітыку». Адказ: «Як кажуць, вельмі складанае пытанне. Значыць, эээ, вы глядзелі такі сюжэт, відэаролік ходзіць?.. "Нашых б’юць"! А другі чалавек кажа: "Пачакай, ну спыніся, тут вельмі важна вызначыць: нашых б’юць або нашы б’юць не нашых…" Дык вось пытанне, значыць, што такое «адвакат улез у палітыку»? Я б сказаў так, што быць па-за палітыкай немагчыма: мы нейкія пэўныя палітычныя дзеянні, безумоўна, здзяйсняем. Але, значыць, на сённяшні дзень, з майго пункту гледжання, я думаю, што вам пра гэта неаднаразова распавядаў і Аляксей Іванавіч, значыць, быць адвакату па-за палітыкай — гэта не спрабаваць вырашаць пытанні, нават пытанні свайго якога б там ні было кліента, менавіта выкрыкваючы нейкія палітычныя лозунгі. Альбо, падводзячы ўсё да таго, што, калі дзесьці парушаныя, з вашага пункту гледжання, правы кліента, то казаць пра тое, што гэта з-за таго, што ён вунь там прыцягваецца па нейкім там артыкуле ці тое, што ён там з’яўляецца нейкім "палітычным". Гэта значыць, ні ў якім разе гэтага не пазначаем.

Трэба казаць, што адбылося, дапусцім, працэсуальнае парушэнне. Яно выявілася ў тым-та і тым-та. І неабходна там, дапусцім, ці то змяніць меру ўтрымання, таму што няма дастатковых падстаў для прымянення меры ўтрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, ці там нейкія іншыя моманты. І вось працаваць у такім накірунку.

І, вядома ж, ні ў якім разе не падпісвацца пад нейкімі лозунгамі і пад нейкімі патрабаваннямі палітычнага характару, дзе адвакаты пачынаюць рабіць ацэнку і даваць ацэнку дзеянням канкрэтных дзяржаўных служачых, дзесьці нават патрабаваць там, дапусцім, штосьці ад генеральнага пракурора, якія дзеянні ён павінен здзейсніць. Значыць, мы можам хадайнічаць, прасіць, ну а, можна сказаць, патрабаваць ад генеральнага пракурора ў дачыненні да свайго кліента, калі парушана права».

Член Савета Рэспублікі заклікае да расправы над адвакатамі, якія «лезуць у палітыку»

«Нам трэба сваімі дзеяннямі паказаць тое, што мы ў стане ў сваёй карпарацыі, сваім інстытуце, разабрацца і што мы ў далейшым будзем больш строгія і больш патрабавальныя да тых адвакатаў, якія парушаюць закон і якія там "лезуць у палітыку". Паважаныя калегі, я прашу вас звярнуць на гэта ўвагу і вось неяк зрабіць адпаведныя высновы, калі хтосьці іх яшчэ не зрабіў».

Старшыня БРКА кажа пра цэнзуру і патрабуе ад адвакатаў папярэдне ўзгадняць іх выказванні ў СМІ з кіраўніцтвам адвакатуры

«І я ўжо не ведаю вось, якое вы выношваеце дзеянне або што ж вы хочаце спытаць, дакладней думаеце: а цікава, гэта будзе з’яўляцца палітычным выказваннем або іншым? Дык вось, калі вы да мяне прыйдзеце або да Аляксея Іванавіча — мы падрабязненька разгледзім вашу сітуацыю і дадзім вам адпаведныя рэкамендацыі».

Пра змены ў закон аб адвакатуры: не трэба драматызаваць — будзеце кіравацца загадамі дзяржорганаў

«І зараз вы ўсе ведаеце, што абмяркоўваецца пытанне аб змяненні, унясенні змен у "Закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці". І пытанне так ставіцца, што калі вы, паважаныя адвакаты, не змаглі працаваць самастойна і не прыслухоўваліся да парад органаў адвакацкага самакіравання, а я пра гэта вельмі часта таксама казаў, то вы будзеце кіравацца загадамі дзяржаўных органаў. Драматызаваць гэтую сітуацыю не трэба ні ў якім разе!»

Чайчыц пра крытэры заканатворчасці і ультыматум для адвакатуры: калі адвакаты ў палітыку не палезуць, змены у «Закон аб адвакатуры будуць значна "лепшымі"»

«Напэўна, пяты ці дзесяты раз звяртаю вашу ўвагу: прэтэнзій зараз з боку дзяржавы да адвакатаў вельмі шмат. Але ў нас яшчэ ёсць час для таго, каб даказаць, паказаць, што мы ўсе пытанні настроены вырашаць выключна ў прававым полі, што мы не палезем у палітыку, што тыя выпадкі, якія былі, гэта нейкія адзінкавыя выпадкі. І тады, паверце, у нас шанцаў, што закон будзе нашмат «мякчэй і лепш» для нас значна, значна, больш».

Кіраўніцтва БРКА яшчэ 4 сакавіка ведала пра тое, што змены у «Закон аб адвакатуры» закрануць індывідуалаў і бюро, хаця 10 і 12 сакавіка яно гэта абвяргала

На пытанне аб тым, якія рыхтуюцца змены ў «Закон аб адвакатуры», Віктар Чайчыц заявіў: «Выключна ў агульным, значыць, хачу сказаць, што ёсць станоўчыя моманты, пра якія я ўжо казаў, — што прыбяруць 3-гадовы стаж і можна будзе адразу, значыць, са студэнцкай лавы прыходзіць у якасці стажораў. Далей, значыць, ну, там ёсць такія моманты, супраць якіх мы, вядома, выступаем, што, значыць, палепшыцца, калі можна так выказацца, прыход, прыём, у адвакатуру для асоб, якія доўгі час прапрацавалі ў праваахоўных і судовых органах — яны будуць здаваць толькі вусны экзамен. Ну, такая практыка ёсць у многіх краінах, у асобных краінах там, калі чалавек з Вярхоўнага суда захацеў стаць адвакатам, то ён наогул не здае аніякія экзамены. Значыць, вось гэтыя пытанні. Значыць, будзе выразна ўжо вызначана, значыць, гэта па форме адвакацкіх аб’яднанняў, і, вядома, упор будзе зроблены ў бок юрыдычных кансультацый».

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Віктар Чайчыц, які сумяшчае сваю палітычную пасаду са статусам адваката, патрабуе ад адвакатаў сыходзіць з прафесіі за публічную актыўнасць, якую Чайчыц лічыць «палітыкай»

«А калі хочаце займацца палітыкай, сыдзіце і займайцеся асобна ад адвакатуры. На вялікі жаль, тут Мінск, як кажуць, наперадзе планеты ўсёй. Значыць, і вось тут Мінск праявіў сабе з найгоршага боку».

Юрыст ПЦ «Вясна» Аляксей Лойка адзначае, што за рыторыкай Чайчыца стаіць мэта ўсяго рэпрэсіўнага апарата дзяржавы: каб адвакаты перасталі публічна выказвацца аб неправамерных дзеяннях улады супраць грамадзян і заяўляць публічныя патрабаванні ў падтрымку калег і незалежнасці прафесіі.

«На працягу апошніх месяцаў мы адзначалі негатыўную тэндэнцыю наступу дзяржавы на праявы салідарнасці ў адвакацкай карпарацыі, а таксама спробы "выпаліць" з публічнай прасторы выказванні адвакатамі свайго прафесійнага меркавання. У ход ідуць не толькі адрасныя рэпрэсіі ў дачыненні да канкрэтных адвакатаў, але і якія рыхтуюцца, як нядаўна высветлілася, змены закона, якія могуць прывесці да забароны індывідуальна практыкуючым адвакатам і адвакацкім бюро весці абарону па крымінальных і адміністрацыйных справах, а таксама да ўсталявання кантролю Мінюста за фарміраваннем радаў тэрытарыяльных калегій адвакатаў і нават за прыёмам стажораў.

Пры гэтым парадаксальна: Чайчыц спрабуе ўскласці на адвакатаў, якія актыўна і прынцыпова адстойваюць правы кліентаў і выказваюцца аб парушэннях правоў, адказнасць за ліквідацыю дзяржавай незалежнасці адвакатуры, замест таго, каб у мэтах выканання задач старшыні БРКА мабілізаваць адвакатуру на адстойванне гэтай незалежнасці.

Такая «барацьба» дзяржавы з публічным выказваннем меркавання адвакатамі звязаная з наступствамі прававога дэфолту. Узяць хаця б адваката, які ўвёў у абарот гэты выраз: адвакат, а зараз палітзняволены, Максім Знак вёў стрымы, у якіх разважаў пра рэпрэсіі, якія адбываліся падчас выбарчай кампаніі, з пункту гледжання правоў чалавека і адказваў у рэжыме анлайн на пытанні гледачоў. Улады бачаць для сябе праблему не ў тым, што стрымы аднаго Знака глядзелі толькі ў рэжыме анлайн ад 30 да 50 тысяч гледачоў, а ў тым, што, напрыклад, калі адвакат патлумачыў, чаму адмова Вярхоўнага суда ўзбуджаць вытворчасць і разглядаць скаргу на вынікі выбараў парушае правы нашых грамадзян на ўдзел у кіраванні сваёй дзяржавай і на судовую абарону, грамадства паверыла менавіта Знаку, а не пазіцыі Вярхоўнага суда, які лічыць, што «разгляд скаргі не адносіцца да кампетэнцыі суда».

І корань праблемы тут у тым, што ўлада сама страціла сваю легітымнасць настолькі, што беларусы шчыра падтрымліваюць прынцыповую пазіцыю адвакатаў, якія добрасумленна і прынцыпова выконваюць свой прафесійны абавязак, адкрыта заяўляюць пра парушэнні правоў чалавека. Менавіта гэта і тлумачыць, чаму грамадзяне ўжо з асцярогаю і недаверам ставяцца да таго, што нелегітымная ўлада піша на паперы ў прысудах судоў, пастановах следчых і адказах пракурораў на скаргі аб катаваннях».