Журналіст Андрэй Аляксандраў застанецца за кратамі да 12 траўня
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў застанецца за кратамі да 12 траўня. Тэрмін яго ўтрымання пад вартай працягнуты на два месяцы. Паводле слоў адваката Антона Гашынскага, Аляксандраў трымаецца добра, следчыя дзеянні з яго ўдзелам цяпер не праводзяцца. Ён шмат чытае, займаецца спортам, ходзіць на прагулкі.
Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі ў
студзені сёлета, нагадвае «Еўрарадыё» са спасылкай на БелаПАН. Сілавікі іх падазраюць «у фінансаванні пратэстнай
дзейнасці» (аплачвалі штрафы пратэстоўцаў). Журналіста абвінавачваюць у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і
фінансаванні такой дзейнасці». Праваабаронцы прызналі яго і Злобіну
палітвязнямі.
Ірыне Злобінай, найхутчэй, таксама працягнулі тэрмін утрымання
пад вартай, паколькі 12 сакавіка яна не выйшла на волю.