Журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву выставілі абвінавачванне
Андрэю Аляксандраву, журналісту і медыяменеджару, выставілі абвінавачванне, паведамляе Прэс-служба БАЖ.
Пра выстаўленне абвінавачвання паведаміла БелаПАН ягоная адвакатка Вольга
Карпушонак. Але па якім менавіта артыкуле абвінавачваюць Аляксандрава, не
вядома, паколькі адвакатка знаходзіцца пад падпіскай пра неразгалошванне.
Аднак, як паведаміў 15 студзеня намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, выступ якога размешчаны ў youtube-канале МУС, у дачыненні да журналіста распачатая справа паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Ён падазраецца ў фінансаванні пратэставай дзейнасці.
"Адчувае Андрэй сябе добра, усё неабходнае ў яго ёсць, усяго хапае. Сукамернікі цалкам адэкватныя, нармальныя ўмовы", — адзначыла адвакатка.
Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня па падазрэнні ў фінансаванні пратэставай дзейнасці — у прыватнасці, у тым, што аплачвалі штрафы затрыманых падчас акцый людзей, кампенсавалі кошт іх утрымання ў ЦІП і ізалятарах. Паводле інфармацыі МУС, неабходныя для гэтага сродкі яны атрымлівалі з-за мяжы.
14 студзеня ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў працаваў намеснікам дырэктара ў 2014–2018 гадах, прайшоў трохгадзінны ператрус у рамках расследавання справы, распачатай па артыкуле 342 КК у дачыненні да журналіста. Канфіскаваныя рукапісныя запісы, фінансавая дакументацыя, каля дзесяці жорсткіх дыскаў працоўных кампутараў, жорсткі дыск сервера лакальнай сеткі, два нэтбукі, візітныя карткі.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі абвясцілі Аляксандрава і Злобіну палітычнымі зняволенымі.