Дзе заканчваецца мірны сход і пачынаецца масавае мерапрыемства?
Ці магчымы былі б «дармаедскія» пратэсты без дазволу ўлады і без хапуну? Ці можна адсвяткаваць Дзень Волі без згоды Мінгарвыканкаму? У апошні час ад беларускіх праваабаронцаў усё часцей можна пачуць вызначэнне «мірны сход», а не заканадаўчае «масавае мерапрыемства». Дык у чым розніца, і ці ёсць яна?
Сход ці «мерапрыемства»?
Канстытуцыя гарантуе нам свабоду сходаў. Сутнасць свабоды мірных сходаў — у магчымасці грамадзян, якія знаходзяцца ў грамадскім месцы, непасрэдна і публічна выказваць альбо выяўляць іншым спосабам свае думкі, перакананні адносна дзяржаўных, грамадскіх, індывідуальных праблем.
Значэнне мірнага сходу нават не столькі ў праяве поглядаў грамадзян, а ў магчымасці народа актыўна ўздзейнічаць на ўлады, выказваць пратэст іх рашэнням ці, наадварот, падтрымліваць іх, кантраляваць дзейнасць дзяржаўных органаў, патрабаваць зменаў у ажыццяўленні палітыкі.
Здавалася б, гэта — элементарныя асновы права. І нормы Канстытуцыі павінны менавіта так і трактавацца.
Але ў Беларусі мірныя сходы рэгулююцца чамусьці законам «Аб масавых мерапрыемствах». А парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў перакрэслівае ўсю сутнасць гарантаванага канстытуцыйнага права. Тут і заканчваецца гарантыя мірных сходаў і пачынаецца беларуская песня пра «масавыя мерапрыемствы».
Закон «Аб масавых мерапрыемствах» прадугледжвае занадта жорсткую і складаную працэдуру атрымання дазволу на іх, што падмацоўваецца адпаведнай практыкай дзяржаўных органаў. Амаль кожны зварот арганізатараў у выканкамы аб правядзенні шэсцяў, пікетаў ці мітынгаў (за выключэннем, хіба, традыцыйных акцый) заканчваецца забаронай іх правядзення па розных, часцяком надуманых прычынах.
Факт, што выкарыстанне дазваляльнага парадку правядзення масавага мерапрыемства ў тым выглядзе, як гэта існуе ў Беларусі, парушае асновы права. Хаця б таму, што пытанне аб мэтазгоднасці ажыццяўлення правоў чалавека можа вырашацца толькі самой асобай, а любыя перашкоды з боку дзяржавы са спасылкай на немэтазгоднасць рэалізацыі правоў чалавека недапушчальныя.
Між іншым, масавае мерапрыемства і мірны сход — паняцці не тоесныя. Масавае мерапрыемства — гэта сход, для якога загадзя быў узяты дазвол на яго правядзенне ў выканкаме, а арганізатары заплацілі за паслугі міліцыі, камунальных службаў і медыкаў. Груба кажучы, людзі запыталіся ва ўлады, ці можна ім публічна выказаць свае думкі. Прыкладам могуць стаць нейкія сходы БРСМ.
Але абсурдна казаць пра правядзенне масавых мерапрыемстваў, калі былі выкананы ўсе фармальнасці, не было ніякіх супрацьпраўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў, а ўсё заканчваецца затрыманнямі, штрафамі і суткамі. Больш за тое, улады лічаць масавым мерапрыемствам нават пікет аднаго чалавека.
Мірныя сходы — гэта права грамадзян выйсці на вуліцу і сказаць усё, што яны думаюць, разам ці паасобку, незалежна ад дазволаў дзяржорганаў. Напрыклад, у 2011 годзе, калі ў інтэрнэце ўзнікла ідэя сабрацца ўсім на Кастрычніцкай плошчы Мінска і «падзякаваць» уладзе за «разумную» эканамічную палітыку воплескамі. Грамадзяне выйшлі і проста пляскалі ў ладкі. Ці арганізаваныя год таму акцыі ў Курапатах. Гэта адназначна было мірным сходам, але не масавым мерапрыемствам з-за невыканання фармальнай працэдуры.
Таму праваабаронцы і кажуць пра хібы закона «Аб масавых мерапрыемствах» і прапануюць задумацца над свабодай сходаў.
У свеце сходы — не толькі мірныя
Калі звярнуцца да міжнародных актаў і асноўных законаў еўрапейскіх дзяржаваў, то можна ўбачыць, што ў іх гаворка ідзе таксама пра мірныя сходы. Так, згодна з Канстытуцыяй Іспаніі, прызнаецца права збірацца мірна і без зброі. Ажыццяўленне гэтага права не патрабуе папярэдняга дазволу. Асноўны закон Германіі кажа: «Усе немцы маюць права збірацца мірна і без зброі без папярэдняй заявы або дазволу. Для сходаў пад адкрытым небам гэта права можа быць абмежаванае законам або на аснове закона».
Дарэчы, калі казаць аб тым, «як павінна быць у плане выказвання думак народа», то трэба ўзгадаць незнаёмае Беларусі права на супраціў прыгнёту. Такое палітычнае права рэдка ўключаюцца ў сучасныя канстытуцыі па зразумелых на тое прычынах. Толькі ўявіце такое права ў Канстытуцыі Беларусі ці Расіі! Але яно замацавана ў канстытуцыях Германіі, Грэцыі, Славакіі, Азербайджана, Перу і некаторых іншых дзяржаў. Супраціў прыгнёту прадугледжвае прымусовыя захады народа, грамадзян у дачыненні да дзяржаўных органаў і іншых службовых асоб, калі тыя груба парушаюць канстытуцыйныя прынцыпы ці адмаўляюцца падпарадкоўвацца ім.
Відавочна, што аналагічныя палажэнні ў тым ці іншым выглядзе неабходны ў сучасных канстытуцыях. Яны нагадваюць пра адказнасць любога органа і службовай асобы перад народам, пра тое, што менавіта яны знаходзяцца на службе ў народа, а не наадварот, што народ мае права супраціўляцца неканстытуцыйнай, прыгнятальнай уладзе і змяніць яе.
Праблемы ёсць. А хто іх вырашае?
Беларускія праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый ужо доўгі час дамагаюцца ад дзяржавы зменаў у сферы заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы. Яны распрацавалі свой праект нарматыўнага акту «Аб свабодзе мірных сходаў», які рэгулюе права на мірныя сходы.
Прадстаўнікі валанцёрскай службы дасюль не зарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна» ініцыявалі цэлую кампанію па змене закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», у межах якой стварылі сайт «Свабода сходаў у Беларусі», накіравалі шэраг зваротаў у розныя дзяржаўныя органы, распрацавалі электронны зварот у парламент з просьбай дапусціць да ўдзелу ў абмеркаванні зменаў у закон прадстаўнікоў грамадскасці.
У 2017 годзе каманда валанцёраў накіравала шэраг зваротаў у розныя дзяржаўныя органы — у Адміністрацыю прэзідэнта, у Савет рэспублікі, у Савет міністраў, у Палату прадстаўнікоў. Вынік быў адзін, але падыходы ў дзяржаўных органаў розныя, і даволі творчыя: яны згадалі і пра немэтазгоднасць, і пра еўрапейскія краіны, і нават пра ЗША.
Неразуменне ці юрыдычная непісьменнасць?
Адміністрацыя кіраўніка Беларусі без розных замарочак перанакіравала зварот у Міністэрства ўнутраных спраў, якое, у сваю чаргу, адказала проста і коратка: «На думку МУС, з улікам правапрымяняльнай практыкі, унясенне зменаў у закон немэтазгодна».
Савет рэспублікі таксама не знайшоў падставаў для заканадаўчай ініцыятывы па змяненні закона. Яго пазіцыя грунтуецца на тым, што ў 2011 годзе ў закон ужо ўносіліся змены (яны, аказваецца, задумваюцца аб частаце зменаў заканадаўства!), на стадыі іх падрыхтоўкі вывучаўся вопыт краін СНД, ЗША і Еўропы, а таксама былі прынятыя да ўвагі «Кіруючыя прынцыпы па свабодзе мірных сходаў» БДІПЧ АБСЕ 2007 года. Таму закон, на думку Савета рэспублікі, мала чым адрозніваецца ад аналагічнага ў іншых краінах.
Зварот для Савета міністраў быў перанакіраваны ў Міністэрства юстыцыі, дзе таксама лічаць, што «беларускі закон у прынцыповых падыходах не адрозніваецца ад законаў іншых краін, а ў частцы санкцый за парушэнні ён значна больш ліберальны, чым у многіх краінах Еўропы і ЗША».
Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных зносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў не лічыць неабходным уносіць змены ў закон: «Адсутнасць якога-небудзь кантролю за падрыхтоўкай масавых мерапрыемстваў, скасаванне рэгламентацыі месцаў іх правядзення, непрыняцце мер па ахове грамадскага парадку, магчымасць утойвання колькасці ўдзельнікаў акцый нароўні з практычна поўным нівеляваннем адказнасці апошніх могуць стаць фактарамі, здольнымі прывесці да непрадказальных негатыўных наступстваў».
Пастаянная камісія па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў адпісалася безліччу адсылак да законаў (дарэчы, яны адзіныя паставілі на першае месца Канстытуцыю) і гісторыямі пра жахі, якія адбываюцца ў Германіі, Швецыі і Вялікабрытаніі.
Петыцыя, якую мусіць падпісаць кожны
Кампанія «За свабоду мірных сходаў» распрацавалапетыцыю на сервісе Zvarot.by, у якой указваецца на неабходнасць змены закона «Аб масавых мерапрыемствах». У дакуменце адзначаецца, што «права на свабоду мірных сходу ўключана ва Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Яно ўключана і ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь з маленькім дадаткам аб тым, што парадак арганізацыі і правядзення такіх сходаў вызначаецца законам. Усё б нічога, але дзейны закон занадта абмяжоўвае гэта права, уводзіць зашмат дзіўных працэдур, якія не заўсёды магчыма прайсці ўмоўнай супольнасці аматараў матылькоў, і нават калі мы гэтыя працэдуры асілім, у кожна(-га/-й) з нас могуць быць праблемы ў выглядзе затрыманняў, штрафаў і нават адміністрацыйнага арышту».
У сакавіку ў парламенце будуць разглядаць магчымыя змены ў заканадаўства. Відавочна, што дэпутаты пры распрацоўцы законаў павінны ўлічваць меркаванне людзей, а не агарошваць народ актамі кшталту Дэкрэта аб дармаедстве ці новых правілаў аб аўтамабільных перавозках.
Для гэтага і была створана петыцыя, у якой падпісанты просяць дапусціць да ўдзелу ў абмеркаваннях прадстаўнікоў РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт», ПЦ «Вясна», АПУ «Офіс па правах чалавека з інваліднасцю», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», ГА «Экадом» і эксперта Савета Еўропы Аляксандра Вашкевіча. Кампанія ўпэўненая, што толькі з удзелам спецыялістаў закон можа быць палепшаны.