«Дзень, народжаны чэрствасцю нашай людской, дзень як помнік бязлітасці бесчалавечнай». Хіба Беларусь zоо-friendly?
Разам з Днём правоў чалавека 10 снежня адзначаецца яшчэ і Міжнародны дзень правоў жывёл. Гэтае свята дабра заклікае падрэсліць, што кожная істота на планеце мае права на жыццё без болю і катаванняў. Ці дзейнічаюць гэтыя, здавалася б, да прастаты базавыя прынцыпы ў Беларусі?
У 1977 годзе Міжнародная Ліга па правах жывёл прыняла Сусветную дэкларацыю, якая з гэтага моманту павінна была паставіць кропку над здзекамі і грэблівым стаўленнем з боку чалавека ў дачыненні да жывёл. Дэкларацыя налічвае дзесяць артыкулаў, сярод якіх адзначаецца права на існаванне, павагу, абарону ад гвалту, догляд, клопат і мноства іншых пунктаў. Калі ёсць неабходнасць забіць жывёлу, гэта павінна адбывацца імгненна, бязбольна і не прычыняць ніякай псіхалагічнай ці фізічнай пакуты. А будзь-які акт ці нават спроба, што можа прывесці да неапраўданай гібелі жывёліны, называецца генацыдам і злачынствам супраць жыцця.
Хіба атрымліваецца, па сусветных прынцыпах наўмыснае забойства пчалы ці чмяля — то генацыд, а па беларускіх знішчэнне зоаабарончых арганізацый, затрыманні звычайных зоаабаронцаў катаванні іх у невыносных умовах — то справядлівасць?
Пра абаронцаў жывёл
Абаронцы жывёл — гэта неабыякавыя людзі, якія ствараюць дабрабыт і абараняюць правы нашых маленькіх сяброў, дапамагаюць ім выбрацца з самых цяжкіх сітуацый ды знаходзяцца побач, пакуль не зацягнецца апошняя рана. Гэта можа быць велічэзны прытулак ці звычайная дзяўчына, якая знайшла шчанятку ля пад’езда і ўзяла яе да сябе на ператрымку. Першапачатковым трыгерам на зоаабаронцаў з боку рэжыму з’яўляецца тое, што ўсе гэтыя людзі маюць яскрава выражаную грамадзянскую пазіцыю. Па канонах іх ідэалогіі, такі чалавек — відавочны вораг для сістэмы, таму цяпер шматлікія з зоаабаронцаў знаходзяцца за кратамі па артыкулах «экстрэмістаў» і «ашуканцаў». У многіх з іх засталіся каты, сабакі ды іншыя жывёліны, пра якіх зараз і няма каму клапаціцца.
Летам 2021 года зоаабаронцы патрапілі пад зачыстку гэтак жа, як і праваабаронцы, піша REFORM.by. У краіне было ліквідавана пяць валанцёрскіх арганізацый. Пад «абарону» рэжыму патрапілі хатнія жывёлкі з установы «Віцебскі Дабрык», «Цэнтр аматараў жывёл «Лаўбрыл» у Фаніпалі, «Сонца для ўсіх» з Мар'інай Горкі, барысаўскі «Насуперак» і магілёўскае грамадскае аб'яднанне «Чатыры лапы».
23 жніўня 2023 года ўлады ліквідавалі найбуйнейшую ў краіне зоаабарончую арганізацыю «SaveUs». Па рашэнні Мінгарвыканкама рахункі ініцыятывы былі замарожаны без тлумачэння прычын. Як адзначана ў развітальнай публікацыі на афіцыйнай старонцы ў Instagram, «SaveUs» не меў ні капейкі дзяржаўнага фінансавання, не браў камісіі, ніводнага разу не задавальняў збораў на адміністрацыйныя выдаткі і сам пакрываў камісію эквайрынгу (47 600 рублёў за ўвесь час).
«Немагчыма зразумець каму перашкодзіла арганізацыя, якая ратуе тысячы жывёл, арганізацыя, якая зрабіла зоаабарону ў Беларусі самай тэхналагічнай і празрыстай ва ўсёй Еўропе, арганізацыя, якая стварыла пляцоўку па складанасці распрацоўкі і функцыянале праўзыходнай за амаль усе вэб-праекты Беларусі. Але, гэтыя пытанні адрасаваны пустаце, усё ўжо адбылося, і назад SaveUs не вярнуць...», — напісалі прадстаўнікі знішчанай арганізацыі ў развітальным лісце.
А паводле закону Рэспублікі Беларусь пра абыходжанне з жывёламі, валанцёры маюць права на належныя ўмовы ажыццяўлення валанцёрскай дапамогі, атрыманне поўнай, своечасовай і дакладнай інфармацыі аб парадку і ўмовах аказання валанцёрскай дапамогі ды іншых правоў.
Роўна праз два месяцы, 23 кастрычніка, ліквідаваная арганізацыя паведаміла пра працяг сваёй працы пад новым упраўленнем «ByPet». Цяпер распрацоўшчыкі займаюцца плацежным функцыяналам сістэмы і хутка адчыняць дзверы для дапамогі беларускім жывёлкам.
Што да прыватных асобаў, выпадкаў рэпрэсій супраць зоаабаронцаў таксама дастаткова. У верасні 2020 года ў Мінску затрымалі каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову. Апроч праваабарончай дзейнасці, яна была валанцёркай прытулку для жывёл і нават забрала да сябе трох бяздомных катоў, адзін з якіх быў невідушчым. У красавіку мінулага года жыхарка Санкт-Пецярбурга Саша Канакова запусціла праект «Мір», сродкі з якога пашлі на падтрымку Украіны. У якасці свайго твора мастацтва яна прадставіла малюнак з мноствам людзей, сярод якіх ёсць беларуска Марфа Рабкова, а побач з ёй стаіць і кот Марфей.
10 снежня 2020 года была затрымана Галіна Дзербыш — 59-гадовая жыхарка аграгарадка Абухава Гарадзенскага раёна. Пад апекай гэтай моцнай жанчыны знаходзіліся ажно 15 котак-падкідышаў. Акрамя таго, гаспадыня мела сабачку, трусоў і курачак, якія засталіся прымусова кінутымі.
Суддзёй Максімам Філатавым быў вынесены злачынны прысуд у 20 гадоў пазбаўлення волі. Пенсіянерцы прад'яўлены абвінавачанні аб «акце тэрарызму», «удзеле ў злачыннай арганізацыі» і «замаху з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».
На жаль, здараюцца выпадкі, калі сілавікі жорстка затрымліваюць беларусаў, і іх жывёлы застаюцца ў адзіноце па-за зачыненымі дзвярыма. Згодна з артыкулам №3 Сусветнай дэкларацыі па правах жывёл, працяглае пазбаўленне волі супярэчаць асноўнаму праву, а гэта сведчыць пра здзяйсненне генацыду і злачынстваў супраць жыцця не толькі гаспадара, але і яго гадаванца.
Мы запыталіся ў зоаабаронцы Настассі ў Мінску (імя зменена дзеля бяспекі) пра яе адчуванні ад абранай справы і таго, што трэба змяніць у будучыні, каб кожная жывёліна адчувала сябе ў утульнасці і бяспецы.
«Кожны раз, калі бяру на сябе адказнасць за жыццё жывёлы, адчуваю велізарнае суперажыванне і боль ад усведамлення яго пакут. Першае шчанятка, якога я ўзяла не ператрымку, быў з пераломам хрыбетніка. Другі — з энтэрытам, атрыманым пасля таго, як мінулыя гаспадары пакінулі яе ў крамы на некалькі сутак. Мне балюча ад разумення, што такое стаўленне да жывёл распаўсюджана і ніяк не караецца. Валанцёрскія арганізацыі не спраўляюцца са струменем кінутых і траўміраваных людзьмі сабак і катоў.
На сённяшні дзень я бачу праблему ў людзях, якія не ўсведамляюць узровень адказнасці за жыццё жывёлы, узятай да сябе дадому. На мой погляд, было б выдатна, калі б тых, хто выкідвае жывёл, штрафавалі на суму, роўную кошту ператрымкі жывёлы ў будучыні. Падобныя меры не ўхілілі б, але дакладна паспрыялі б вырашэнню праблемы з бяздомнымі жывёламі».
А што наконт дзікіх жывёл?
Па статыстычных даных 2017 года, Беларусь мае сур’ёзныя праблемы з папуляцыяй некаторых чырвонакніжных асобінаў. Найбольшае скарачэнне закранула папуляцыю барсукоў, занесеных у Чырвоную кнігу. Калі ў 2014 годзе іх налічвалася 1416 асобінаў, то ў 2017 колькасць скарацілася амаль удвая. Тады па экспертных падліках у беларускіх лясах застаўся 681 барсук, аднак з таго часу лічба працягвае падаць.
Амаль у чатыры разы скарацілася папуляцыя еўрапейскай норкі (не блытаць з амерыканскай, яе папуляцыя складае больш за 25 тысяч асобінаў). Калі ў пачатку разгляданага перыяду іх была 351 адзінка, то станам на цяпер — менш за 60 (!).
Сярод млекакормячых, унесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, рост пагалоўя за апошнія гады адбыўся толькі ў зуброў і мядзведзяў, крытычны рост — у рысяў.
«Дзень, народжаны чэрствасцю нашай людской,
Дзень як помнік бязлітасці бесчалавечнай.
Гэтым днём кракадзілавы слёзы ракой
Можна ліць, ды не зменшыць трагедыі вечнай».
Такія радкі пісаў беларускі паэт Сяргей Давідовіч да Дня абароны правоў жывёл.
Мы выказваем словы падзякі кожнаму чалавеку, які стаіць побач з жывёлай, абараняе яе правы і прыносіць у яе кароткае жыццё радасць і слёзы шчасця, а не расчаравання і болю.
Калі вы хочаце зрабіць хоць штосьці дзеля беспрытульных жывёлаў, звярніце ўвагу на нашу рубрыку "Выратуйце жыццё". Магчыма, там вас чакае менавіта ваш гадаванец.