Правы чалавека – гэта калі кожны школьнік, лекар і бесхацінец можа разлічваць на годнае абыходжанне
10 снежня ў свеце адзначаюць Дзень правоў чалавека. Але ці з’яўляецца гэты дзень важным для беларусаў? Чаму мы згадваем пра свае правы толькі калі ўсе магчымыя межы ўжо пяройдзены?

Фота Павал Хадзінскі
Да Сусветнага дня правоў чалавека беларускія праваабаронцы, якія і без таго штодня сваёй працай робяць маленькія і вялікія подзвігі, падрыхтуюць грунтоўныя даклады, зладзяць важныя канферэнцыі, зробяць несуцяшальныя высновы. Але, здаецца, нягледзячы на іх намаганні, сярэдняму беларусу так і не стала зразумела, як словазлучэнне «правы чалавека» суадносіцца з ім самім, з ягоным жыццём.
Гэта не дзіўна ў дзяржаве, кіраўнік якой заяўляе, што «размовы пра дэмакратыю і правы чалавека – балбатня». Страшна, што падобныя словы сапраўды прасочваюцца ў свядомасць беларусаў. Страшна, што большасць з нас, верагодна, дагэтуль лічыць «правы чалавека» чымсьці зусім неабавязковым, буржуазным, залішнім.
Дазваляючы парушэнне гэтых самых правоў у сваім прыватным жыцці, мы набліжаем катастрофу – і вось ужо нас збіваюць на вуліцах, скручваюць, кідаюць у аўтазакі, там зноў збіваюць, змяшчаюць за краты. Тады-та мы і згадаем пра правы. Занадта позна.
Важна прасачыць, здавалася б, невідавочную сувязь між тым, як мы дазваляем настаўнікам вымяшчаць сваю ярасць у школьных класах, просім дзяцей пацярпець, маўляў, нічога ж страшэннага, мы ж неяк выраслі – і тым, як так сталася, што ў Беларусі 30 гадоў няма свабодных выбараў. Мы трываем прыніжэнне ў школе, у сям’і, на працы, трываем фальсіфікацыі, трываем збіццё. Мы так звыклі. «Нічога ж страшэннага».
Я мару пра тое, каб пра правы чалавека нястомна нагадвалі школьнікам. Не трэба чакаць дзеля гэтага перабудовы сістэмы адукацыі, можам і не дачакацца. Важна прагаворваць дома, у сям’і, што, напрыклад, настаўнік не можа адняць у школьніка тэлефон у выхаваўчых мэтах – бо тэлефон ёсць уласнасцю вучня. Завуч не можа адчытаць хлопчыка за фрызуру, якую палічыць «няправільнай» праз асабістую траўмаванасць, бо фрызура – асабістая справа хлопчыка. І калі сам вучань, з дапамогай бацькоў, пры іх адназначнай падтрымцы, будзе здольны нагадаць такім выкладчыкам пра свае правы, магчыма, і сам выкладчык успомніць пра свае падчас наступных прэзідэнцкіх выбараў.
Канцэпцыя правоў чалавека неразрыўна звязаная з адчуваннем асабістай годнасці.
«Прызнанне годнасці, уласцівай усім членам чалавечай сям'і, прызнанне роўных і неад'емных правоў іх з'яўляецца асновай свабоды, справядлівасці і ўсеагульнага міру», – з гэтых словаў пачынаецца Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, дзень прыняцця якой сёння і адзначаем.
Чалавек, які мае гонар і годнасць, не дазволіць іншым растаптаць ягоныя правы. Але, здаецца, нават гэтыя словы – гонар, годнасць – займелі ў нашай ментальнасці негатыўную канатацыю. «Ганарысты», «ганарлівы» – не тое, што мы хочам пра сябе пачуць. Магчыма, дарма.
«Стварэнне такога свету, у якім людзі будуць мець свабоду слова і перакананняў і будуць вольныя ад страху і патрэбы, абвешчана як высокае памкненне людзей», – сказана ва ўсё той жа дэкларацыі.
Тут беларусы, пэўна, сумна ўсміхнуцца. Якая там свабода слова і перакананняў, не кажучы ўжо пра жыццё без страху і патрэбы… Сапраўды, кожны артыкул Усеагульнай дэкларацыі, калі чытаць іх з Беларусі, гучыць як вытрымка з фантастычнага твора. Чаго вартае толькі «ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту, затрыманню або выгнанню». Ха-ха. І ад таго яшчэ больш важна ўзрасціць у сабе тое самае высокае памкненне.
Шанец на пабудову шчаслівага і вольнага грамадства ў нас з’явіцца толькі тады, калі кожны беларус – прадавачка на Камароўцы, медсястра ў паліклініцы, кіроўца трамвая – выпрастаюць спіны, уздымуць галаву, згадаюць пра свае правы і будуць пільна сачыць за іх выкананнем. І самі, вядома, з павагай будуць ставіцца да правоў іншых. Калі кожны бесхацінец будзе ведаць, што і ён мае несумненнае права прынамсі на годнае абыходжанне.
Глядзіце таксама

Так, грамадству ў цэлым для гэтага трэба прайсці вялізны шлях. Але няхай бы міжнародны дзень правоў чалавека стаў для кожнага з нас добрай нагодай падумаць, што мы разумеем пад гэтым паняткам. Якія правы для нас асабіста істотныя і як мы будзем іх абараняць, калі хтосьці на іх спакусіцца? А дзе, магчыма, мы самі парушаем чыесьці правы?
Няхай аднойчы гэты дзень стане для нас святам гонару і годнасці, а не чорным днём падсумавання стратаў.