10 снежня — Дзень правоў чалавека
Сёння, 10 снежня, мы адзначаем 75 гадоў Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, якая была створана людзьмі рознага юрыдычнага, рэлігійнага і культурнага паходжання з усяго свету. Гэты дакумент застаецца арыенцірам для міжнароднага руху за правы чалавека.
Сёння 75-ая гадавіна Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. 10 снежня 1948 года Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. З тых часоў гэтая дата з’яўляецца штогадовай магчымасцю ацаніць вартасць правоў чалавека, звярнуць увагу на нейкі канкрэтны аспект гэтых правоў і падняць голас у імя таго, каб кожны, дзе б ён ні знаходзіўся, карыстаўся ўсімі правамі чалавека, нагадваюць праваабаронцы.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека — гэта самая важная заява пра правы і свабоды кожнага чалавека. Гэты асноватворны дакумент складаецца з прэамбулы і 30 артыкулаў, у якіх пералічана шырокае кола асноўных правоў і свабодаў, неад'емна ўласцівых усім мужчынам і жанчынам, ва ўсім свеце, без якіх-небудзь адрозненняў.
Унікальнасць дакумента ў тым, што ён перакладзены на найбольшую колькасць моў і дыялектаў у свеце — больш за 400. Такім чынам, яна з'яўляецца самым перакладзеным і, сапраўды, самым «універсальным» дакументам у свеце.
Ці смяротнае пакаранне — гэта таксама пра правы чалавека?
Андрэй Палуда, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», пракаментаваў гэта так:
«10 снежня — гэта дзень, які сімвалізуе сабой барацьбу за выкананне і павагу да правоў чалавека. Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць замацавана ва ўсіх асноўных міжнародных дакументах па правах чалавека.
Смяротнае пакаранне — гэта прысуд, які падрывае чалавечую годнасць, парушае права на жыццё як права чалавека. Гэта адвольны, несправядлівы і незваротны від пакарання. Незалежна ад таго, чым тлумачыцца прымяненне смяротнага пакарання, незалежна ад метаду пакарання, які ўжываецца, пытанне смяротнага пакарання не можа быць аддзелена ад пытання правоў чалавека.
Рух за адмену смяротнага пакарання непарыўна звязаны з рухам за правы чалавека — і 10 снежня яшчэ адна магчымасць нагадаць пра гэта».