«Дзень салідарнасці працоўных»: як і калі адчуе ўлада?
Зінаіду Міхнюк, 60-гадовую актывістку прафсаюза РЭП, па інфармацыі тых, хто сядзіць разам з ёй, абвінавачваюць у «абразе прэзідэнта» на аснове матэрыялаў з праслухоўвання, якое стаяла ў яе як чальца прафсаюза. Цікава, калі ўдзел у прафсаюзным руху ёсць падставай для «аператыўных мерапрыемстваў», ці не праўда?
Гэты «першатравень», свята салідарнасці працоўных, краіна сустракае ў сітуацыі раструшчвання незалежных прафсаюзаў. У перыяд 19-21 красавіка былі затрыманыя 19 прадстаўнікоў незалежнага прафруху Беларусі. Ужо пасля арышту Міхнюк КДБ запатрабавала прызнаць прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці (той самы РЭП) «экстрэмісцкай арганізацыяй». РЭП пры гэтым не пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі, у яго ёсць адкрытыя рахункі ў банках. Маёмасць. І пасля інфармацыйнага агенцтва БелаПАН ён стаў другой афіцыйна зарэгістраванай экстрэмісцкай арганізацыяй у Беларусі.
Па рашэнні пракурора Гарадзенскай вобласці спыненая праца незалежнага прафсаюза на «Гродна-Азот». Арганізацыю могуць прызнаць «экстрэмісцкай» — адпаведная заява накіраваная ў суд. Яго старшыня Андрэй Ханевіч затрыманы.
У СІЗА КДБ знаходзяцца лідары Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, — таго самага кангрэса, які выступаў супраць увядзення эканамічных санкцый адносна Беларусі, за што зазнаў шмат крытыкі. Па-чалавечы, канечне, усе мы разумеем, што маштабныя парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі і гвалт у дачыненні да грамадства проста павінны былі выклікаць адпаведную жорсткую рэакцыю ў выглядзе санкцый. Але БКДП цвёрда прытрымлівалася сваёй «вузканакіраванай» мэты — абароны правоў працоўных. І, безумоўна, санкцыі пагаршалі становішча тых самых працоўных на «падсанкцыйных» прадпрыемствах. Тым не менш гэтая пазіцыя не абараніла кіраўніцтва БКДП ад рэпрэсій.
Зразумела, чаму ўлады «наехалі» на прафсаюзы: гэта ўкладаецца ў логіку вынішчэння ўсяго «непадкантрольнага» на тэрыторыі краіны. Ужо паспрабавалі вынішчыць грамадскія арганізацыі, недзяржаўную прэсу, палітычныя партыі, і прафсаюзы заставаліся ці не адзіным «некранутым» сектарам. Цяпер яго закранулі — і вельмі моцна.
І цяпер умоўны «мяч» на баку той самай міжнароднай салідарнасці працоўных, свята якой мы адзначаем сёння. Ці знойдуцца ў міжнародных інстытутаў інструменты, каб націснуць на беларускія ўлады ў выніку гэтых рэпрэсій?
Былы чалец Савета прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжаку інтэрв’ю «Салідарнасці» адзначыў, што Міжнародная арганізацыя працы і іншыя прафсаюзы могуць адрэагаваць жорстка, прымяніць у дачыненні да Беларусі 33 параграф Статута МАП. Гэты параграф прадугледжвае, па-першае, практычна выключэнне Беларусі з МАП, а па-другое — зварот да сусветнай супольнасці з заклікам спыніць усялякія адносіны з Беларуссю.
За 102-гадовую гісторыю МАП гэты параграф ужываўся толькі аднойчы — у 2011 годзе супраць М’янмы. Тады МАП звярнулася да ўрадаў краін міжнароднай супольнасці спыніць усялякія адносіны з ваеннай хунтай гэтай краіны. Што і было зроблена – М'янма апынулася ў эканамічнай блакадзе.
Па меркаванні Стрыжака, мы і так знаходзімся ў эканамічнай і палітычнай блакадзе, а таму прымяненне гэтага артыкула будзе мець, хутчэй, маральны эфект, а ўлады, якія дзейнічаюць па прынцыпе «згарэў хлеў — гары і хата», больш не маюць намеру рабіць выгляд, што ў нас усё добра з правамі працоўных. Таму ім і закарціла «выпаліць» незалежны прафсаюзны рух.
Але ў тым і справа, што ёсць «цяпер», а ёсць «пасля». Калі МАП наважыцца на прымяненне 33-га параграфу (а ў яго на гэта ёсць усе падставы), то «пасля» будзе вельмі кепскім. Цяпер мы трапілі пад маштабныя санкцыі ў асноўным за тое, што прадставілі сваю тэрыторыю для нападу Расіі на Украіну. Канечне, калі Пуцін наважыцца прымяніць ядзерную зброю, наступствы будуць вельмі кепскія. Але раптам кіраўнік Расіі ачомаецца? Раптам ён заявіць, што «ўсе мэты спецыяльнай аперацыі выкананыя», адвядзе з Украіны войскі і вернецца да перамоваў наконт «новага фармату бяспекі ў рэгіёне»?
У гэтым выпадку не адразу, але непазбежна паўстане пытанне і аб змякчэнні заходніх санкцый у дачыненні да Расіі і далучанай да санкцыйнага ціску Беларусі. З Расіі частку санкцый здолеюць зняць, а з Беларусі — не. Нашым уладам заявяць: «Вайна вайной, а 33 параграф МАП — гэта іншае». І самае цікавае, што ўсе, хто мог бы паўплываць на непрымяненне гэтага параграфу адносна Беларусі, цяпер знаходзяцца за кратамі.
Бо менавіта кіраўнік БКДП Аляксандр Ярашук у мінулым годзе настойваў на непрымяненні гэтага параграфа. «Мы, БКДП, міжнародны прафсаюзны рух, палічылі, што ўсе наступствы гэтага радыкальнага рашэння лягуць не на плечы нашай дамарослай хунты, а на плечы грамадзян краіны, у першую чаргу — працоўных. Таму мы вырашылі абмежавацца ўнясеннем Беларусі ў спецыяльны параграф МАП…», — напісаў ён тады ў сваім фэйсбуку.
Цяпер Ярашук сядзіць, і нават калі яго заўтра адпусцяць, пэўны час ён усё роўна будзе невыязным. А значыць, не здолее зноўку расказаць МАП пра «плечы грамадзян краіны».
Так што будзем шчырымі: на месцы беларускіх уладаў я б не святкаваў і не згадваў пра «дзень салідарнасці працоўных». Бо гэтая салідарнасць цяпер зусім не тычыцца ўладаў, хутчэй — наадварот.
Што ж да практычнай ролі прафсаюзаў у жыцці, то цяпер, як слушна напісаў тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», «Калі якія-небудзь шахцёры пакрыўдзяцца на звальненні і падзенне заробкаў, то яны знойдуць спосаб выказаць сваю крыўду і без прафсаюзаў. З прафсаюзамі ўладам было б, дарэчы, нават прасцей. Ёсць з кім дамаўляцца».
Але, калі ўлады не хочуць дамаўляцца — што ж, давядзецца адчуваць моц міжнароднай салідарнасці працоўных…