Ці можа быць нацыяналізм без этнічнага складніку?

Калі не ўдавацца ў падрабязнасці акадэмічных тэорый нацыяналізму, то ён бывае этнічным і грамадзянскім. Дзень Волі выразна паказаў, што Беларусь будуе другі від.

29994698_1670276646375453_548077262_o_logo.jpg


Само слова «нацыяналізм» нават сярод маіх беларускіх аднагодак, — людзей плюс-мінус трыццаць гадоў, — выклікае неадназначныя асацыяцыі. Што ўжо казаць пра большую разбежку па ўзросце ці прадстаўнікоў іншых краін… Калі зачынілі Коласаўскі ліцэй, частка вучняў адтуль трапіла ў наш гістарычны клас ліцэя БДУ. І нехта з коласаўцаў, адказваючы на чарговую апытанку (псіхалагічная служба ў нас без справы не сядзела) сярод галоўных станоўчых якасцяў чалавека назваў той самы нацыяналізм. Не, супраць ніхто нічога не меў, але было неяк дзіўна. Але іншы чалавек — з таго ж ліцэя БДУ і таго ж узросту, але негуманітарнай спецыялізацыі, — пад «нацыяналізмам— разумеў нешта адназначна благое, ледзь не «рэзаць дзяцей іншай нацыянальнасці».

Каб ператварыцца з «тутэйшых» ці прадстаўнікоў пэўнага рэгіёну ў нацыю, трэба на чымсьці грунтавацца. Паспрабуем зразумець, ад чаго ўзнікае пачуццё еднасці. Гэта можа быць прыналежнасць да пэўнай этнічнай групы, кроў, глеба і ўсе справы з сантыментамі да сялянскай культуры, ці ідэя, што ўсе грамадзяне краіны і ёсць нацыяй, незалежна ад паходжання, колеру скуры, веравызнання і чаго там яшчэ…

Балты

Самы яскравы прыклад этнічнага нацыяналізму ў сучаснай Еўропе — бадай, краіны Балтыі.


У Эстоніі прэзідэнты, прэзідэнткі ды іх сужэнцы носяць традыцыйныя строі, ладную частку экспазіцыі Нацыянальнага музея займае выстава пра тыя ж строі і пра этнаграфію роднасных фіна-ўгорскіх народаў, вечарыны традыцыйных танцаў у Тарту збіраюць па дзвесце чалавек (у Таліне, праўда, менш)… Спеўна-танцавальныя святы Літвы, Латвіі і Эстоніі ўнесенныя ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Спевамі прыбалты змагаліся і супраць Расійскай імперыі, і супраць СССР: спачатку збіраліся невялікімі суполкамі, а потым сталі ладзіць з’езды маштабу краіны. Барацьба супраць савецкай акупацыі ў іх гістарыяграфіі так і завецца — «спеўная рэвалюцыя». У Эстоніі амаль пры кожнай вялікай установе, нават зусім далёкай ад культуры, кшталту шпіталя, ёсць уласны хор. А ў садку і школе спеўнымі заняткамі ахоплена амаль сто адсоткаў дзяцей. Рэпертуар такіх хароў і ўдзельнікаў Спеўнага свята досыць далёкі ад традыцыйнага вясковага спявання.

Пашанцавала ў Эстоніі і танцам. Шмат дзяцей займаюцца ў танцавальных гуртках і выступаюць, але ў Тарту я гэтых жа выступоўцаў потым бачыла на нефармальных пост-фольк вечарынах. Традыцыйныя танцы балтаў, як і ва ўсіх рэспубліках былога СССР, зазналі ўплыў савецкай культурнай палітыкі, але ўсё ж няма такога разрыву між першапачатковымі і сцэнічнымі варыянтамі выканання, як у Беларусі. Ды й выступаюць танцоры звычайна ў мясцовых варыянтах традыцыйных строяў, а не ў кічовым, стылізаваным да непазнавальнасці адзенні, як у нас.

А ў Літве ўжо вырасла пакаленне, што можа не мець родных у вёсцы, але гадавалася ў традыцыйным рэчышчы, дзякуючы ўдзелу бацькоў у пост-фальклорным і неапаганскім руху. Іх складана раздзяліць: суполка «Рамува», цяпер зарэгістраваная як неапаганскае рэлігійнае аб’яднанне, пачынала ў 1970-х як студэнцкая арганізацыя. Ездзілі па вёсках, збіралі фальклор, ладзілі першыя танцавальныя вечарыны, рэканструявалі народныя і археалагічныя строі…




Цэнтр

У Цэнтральнай Еўропе этнічны нацыяналізм, быццам бы, не выяўлены на дзяржаўным узроўні, афіцыйныя персоны ў традыцыйных строях не ходзяць, нягледзячы на відавочную папулярнасць правых. У Венгрыі, Польшчы, Аўстрыі і Чэхіі знойдуцца шматлікія фольк-фестывалі, этнічныя сувеніры, неа-фольк суполкі, але нацыі яднаюць не яны.


Практыка «танцавальных дамоў» распаўсюдзілася з Венгрыі на Польшчу. Пляцоўкі існуюць у розных гарадах, не толькі ў сталіцы. У Будапешце танцавальны рух настолькі моцны, што аматары народных скокаў святкуюць разам Новы год (у Мінску апошнія тры гады — таксама).

У Польшчы, як і на постсавецкай прасторы, паміж сцэнічным і нефармальным пост-фольк рухам — бездань. Гэта два паралельныя сусветы, якія мала перакрыжоўваюцца. Свае мерапрыемствы, пэўныя дэталі, па якіх абазнаны чалавек адразу зразумее, што да чаго. На дзіва, рэканструкцыі рэгіянальных строяў у Польшчы асацыююцца толькі са сцэнічным накірункам. Прадстаўнікі нефармальнай пост-фольк супольнасці, спевакі, і танцоры, апранаючы сучаснае адзенне, выкарыстоўваюць хіба аксэсуары ў «народным» (а хутчэй нават боха) стылі.

У сельскай мясцовасці можна сустрэць людзей у традыцыйных строях у нядзелю ў касцёле. Традыцыя жывая і сярод моладзі — дзякуючы моцным пазіцыям каталіцтва ў краіне.

У Аўстрыі — моцны альпійскі рэгіяналізм. У Альпах і прылеглых рэгіёнах людзі ходзяць у традыцыйным адзенні ў касцёл, але ён не мае такога ўплыву, як у Польшчы. Не хапае ўласных пастараў, яны прыязджаюць з іншых краін. Тое ж распавядаюць чэхі. Аўстрыйцы граюць танцавальную музыку, але лічаць яе ў традыцыйным выглядзе сумнай, імкнуцца неяк разнастаіць рознымі інструментамі, міксам з сучаснымі музычнымі накірункамі.


Заходнікі

Заходняя Еўропа аддае перавагу грамадзянскаму нацыяналізму. У Мілане, Фларэнцыі, Венецыі і Парыжы я амаль не бачыла сувеніраў на «сельскую» тэматыку. Этнічнае ў Германіі квітнее толькі ў Баварскім рэгіёне, непадалёк ад тых жа Альпаў. Агулам у краіне ўсё «народнае» асацыюецца з нацызмам і кепскім густам. Краіна нават не ратыфікавала Канвенцыю UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, бо не лічыць праявы этнічнага каштоўнасцю і баіцца росту ўплыву правых.


Прадавец сувеніраў у Парыжы

Прадавец сувеніраў у Парыжы


Парыж — абсалютна мадэрны горад, турыстам ён уяўляецца гэткім запаведнікам мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, яны шукаюць імпрэсіяністаў у Луўры, не ведаючы, што тыя выстаўленныя ў Арсэ, цягнуцца на Монпарнас і дзівяцца на метро ў стылі ар-дэко.

А нашы суайчыннікі любуюцца на Шагала, захапляюцца іншымі мастакамі Парыжскай школы і ныюць, што «Парыж увесь чорны». Гэта пра тых грамадзянаў, што таксама французы.

Нейкую адсылку да этнічнага ў Парыжы сустрэнеш хіба выпадкова: альбом старых фотаздымкаў з якой правінцыі (і тое, хутчэй, у букінісце), гурт, што грае традыцыйную музыку ў кавярні недалёка ад той, дзе нібыта працавала Амелі Пулен… А так — хто жыве ў Францыі і мае грамадзянства, той і француз. Нязвычная для нас, беларусаў, думка. Танцавальныя пост-фольк суполкі ў Францыі ёсць, але быццам бы самыя вялікія не ў Парыжы (як і ў Эстоніі, дзе правінцыйны Тарту нашмат актыўнейшы за сталічны Талін).

Як мне распавядалі ў Французскім этнамузыкалагічным таварыстве, французы-аматары фольку вельмі любяць спяваць не сваё. Да таго ж спіс «не свайго» — самы шырокі: ад песень былых калоній да беларускіх купалак. Туга па этнічным?

Затое французская этнічная і сярэднявечная культуры ўплываюць на ўсю Еўропу. Усе ведаюць французскія бранлі і засвойваюць паціху народныя танцы. Беларусь нядаўна наведаў выкладчык з Масквы Антон Багалюбаў, трэнер адзінай на расійскую сталіцу школы брэтонскіх танцаў. А рэчы кшталту «Андро» і «Брэтонкі» бадай уваходзяць у «залаты» рэпертуар Дударскага клуба.


 Майстар-клас па брэтонскіх танцах у Барысаве ад маскоўскага выкладчыка Антона Багалюбава

 Майстар-клас па брэтонскіх танцах у Барысаве ад маскоўскага выкладчыка Антона Багалюбава


Там, дзе халодна

Паўночная Еўропа — нейкі асаблівы выпадак. Знаёмая датчанка казала прыкладна наступнае: «Для нарвежцаў строй, танцы — гэта вельмі істотна, яны толькі нядаўна сталі незалежнымі. А мы, датчане, — старая нацыя, нам не трэба ні сабе, ні іншым нешта даказваць».


У Скандынавіі ў танцах што на сцэне, што на вечарынах захоўваецца традыцыйны крок, манера, прыемна паглядзець. А з песнямі, наколькі я зразумела, не склалася, моладзевых пост-фольк гуртоў, якія б спявалі ў традыцыйнай манеры, мне не сустрэлася, з побытавага ўжытку сярод старэйшых вяскоўцаў спевы таксама выйшлі.


Жыхарка Осла Мары Лаўра паказвае строй сваёй прабабулі

Жыхарка Осла Мары Лаўра паказвае строй сваёй прабабулі


Затое пабачыць у звычайнай кватэры ў Осла поўны строй чыёйсьці прабабулі — гэта калі ласка. У Швецыі і Нарвегіі практычна кожны мае традыцыйны строй, ці на ўзор мясцовасці, з якой паходзілі яго продкі (а бывае і іхні арыгінальны захаваўся), ці «сярэдні па краіне» (стылізаваны ў колерах нацыянальнага сцяга). Імігранты хуценька мімікруюць пад мясцовых і таксама імкнуцца набыць строй, хоць ён і каштуе нятанна, нават у сэканд-хэндзе: рэчы ж ручной работы. У спецыялізаваным нарвежскім часопісе «Bunad» («Строй») неяк бачыла дыскусійны артыкул, ці варта апранаць народнае адзенне на пахаванне (тое, што на хрэсьбіны ды вяселле варта, падавалася як неаспрэчны пастулат). Каралеўскія сем’і носяць традыцыйныя строі на афіцыйных прыёмах. Дзіка папулярныя традыцыйныя рамёствы. Старэйшыя жанчыны могуць мець дома нават ткацкі станок (напрыклад, за кроснамі сядзіць у адным з эпізодаў шведскага фільма «Fucking Amal» маці галоўнай гераіні). Маладзейшыя дзяўчаты збіраюцца разам павязаць, напрыклад, у студэнцкім інтэрнаце. Пытанне, канечне, наколькі традыцыйныя вырабы атрымліваюцца ад такіх хобі, але народныя ўзоры рукадзельніцы дакладна маюць на ўвазе.


І ўсё ж нарвежцы, фіны і шведы з поўдня адчуваюць еднасць з саамамі з поўначы не праз этнічнасць, бо культуры вельмі розныя. Да таго ж у гэтых краінах шмат імігрантаў. Дэкларуецца менавіта грамадзянская нацыя, яднанне нацыянальнымі святамі і дзяржаўнымі сімваламі.

Выступ шведскага фольк-гурта ў музеі “Скансэн” у Стакгольме

Выступ шведскага фольк-гурта ў музеі “Скансэн” у Стакгольме


Там, дзе цёпла

Ва Украіне этнічны элемент адыгрывае значную ролю. Але ўкраінскія рэаліі даволі добра знаёмыя беларусам, таму пісаць пра іх падрабязна не будзем. Заўважым толькі, што этнічнае накладаецца на праявы грэка-каталіцкага веравызнання ў заходняй частцы краіны і дае трывалы падмурак для разгортвання ўкраінскага нацыяналізму з ігнараваннем, напрыклад, этнічных асаблівасцей закарпацкіх русінаў.

І пра нас

29955094_1670278603041924_256927420_o_logo.jpg


Беларускі нацыянальны праект і ў нашаніўскі перыяд, і ў часы Перабудовы меў шмат сантыментаў да этнаграфіі. Своеасаблівы рэнесанс пачаўся некалькі год таму падчас «вышымаечнага буму». Урэшце, на цяперашнім дзяржаўным сцягу — традыцыйны вышываны арнамент. Але этнаграфічныя адсылкі ўспрымаюцца ці як «калгас» (асацыяцыі з кічовымі формамі псеўданароднага адзення, спеваў і музыкі, што насаджаліся ў савецкі час і дасюль пануюць), ці як кшталт хіпстарства (вышымайка як лёгкі шлях «пазначыць сябе беларусам», эксперыменты па спалучэнні фальклору з сучаснымі музычнымі накірункамі). Нягледзячы на адносную этнічную маналітнасць, этнічны нацыяналізм у Беларусі не працуе.
Гэта яскрава паказаў Дзень волі. Бел-чырвона-белыя сцягі і «Пагоня», лёгкі беларускамоўны рок — вось што яднае свядомых беларусаў сёння. Ніякіх этнаграфічных сантыментаў (калі не лічыць прадаваных сувеніраў). Хацелі, каб у канцы святочнага канцэрта пайгралі дудары, але праз ссоўванне праграмы часу на іх выступ не засталося.
Таму можна сцвярджаць з упэўненасцю: беларусы — грамадзянская нацыя, ніяк інакш. Застаюцца толькі бясконцыя пытанні: якога кшталту гэтае грамадзянства, што рабіць з рускамоўнымі беларусамі і з тымі, якія нават не чулі пра свята на Оперным (але можа быць прыйшлі б, калі б ім па дзяржаўным ТБ паабяцалі дармовы выступ Саладухі)...
Фота і відэа аўтаркі