Дзесяць гадоў таму ў Беларусі пачаліся акцыі «маўклівага пратэсту»

Вечарам 8 чэрвеня 2011 года на Кастрычніцкай плошчы Мінска прайшла акцыя маўклівага пратэсту — першая ў шэрагу падобных акцый, якія адбываліся да канца лета ў сталіцы і рэгіёнах Беларусі.

7966_b9593a3056dc604eebf6a8d402e2dd12383033cd.jpg


У 19 гадзін вечара на плошчы сабралася некалькі соцень чалавек, якія адгукнуліся на заклік суполкі вКонтакте «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».
Ідэя суполкі палягала ў тым, каб прыхільнікі дэмакратычных перамен штотыдзень у вызначаны час збіраліся на галоўнай плошчы свайго горада. Арганізатары прасілі людзей проста шпацыраваць, стаяць — проста знаходзіцца там. «Не трэба ніякіх сцягоў і транспарантаў, не трэба ніякай сімволікі, — пісалі яны. — Першыя сустрэчы — можа быць мала людзей, але з кожным днём нас будзе рабіцца ўсё болей!».
Напачатку акцыі ўдзельнікі неарганізавана стаялі асобнымі невялікімі групамі, займаючы значную частку плошчы. Прыкладна ў 19.10 удзельнікі пачалі стыхійна апладыраваць, пасля чаго ў цэнтры плошчы ўтварылася шчыльнае кальцо з удзельнікаў акцыі і журналістаў. Людзі ў цэнтры кальца выконвалі пад гітару песні, якія падхаплялі астатнія ўдзельнікі акцыі. Астатнія хаатычна перасоўваліся, некаторыя — на роварах, віталі знаёмых, гутарылі, жартавалі, многія размясціліся на ступенях ганка Палаца Рэспублікі.
За ходам акцыі назіралі супрацоўнікі палка міліцыі спецназа, а таксама людзі з рацыямі ў цывільным. Спецназ дзяжурыў недалёка ўбаку, тым часам як супрацоўнікі ў цывільным увесь час знаходзіліся ў цэнтры падзей, але не ўмешваючыся ў ход мірнай акцыі.
Міліцыянты перамаўляліся па тэлефонах, пасля дасталі мегафон, аднак звыкла сказаць пра тое, што «акцыя несанкцыянаваная» не паспелі. У той момант удзельнікі акцыі скончылі спяваць і проста разышліся па плошчы. Шчыльнае кола распалася. Акцыя ў Мінску завяршылася а 19.43 без затрыманняў. Людзі проста разышліся.
Аналагічныя акцыі прайшлі ў Брэсце і ў Магілёве.
Удзельнікі гэтай і наступных акцый тлумачылі журналістам, што без нейкага гвалтоўнага супраціва хочуць паказаць, што іх не задавальняе сітуацыя ў краіне — палітычная і эканамічная.
У далейшым улады выкарыстоўвалі розныя спосабы перашкоды маўклівым пратэстам: арганізоўвалі на галоўных плошчах свае акцыі, агароджвалі плошчы турнікетамі з забаронай руху, абмяжоўвалі рух грамадскага транспарту ў цэнтры горада, акружалі плошчы міліцыяй і спецназаўцамі. Непасрэдна на месцах пратэсту людзей, якія збіраліся групамі, разганялі, шмат каго затрымлівалі. Затрыманні ўдзельнікаў і выпадковых прахожых пачаліся ужо з другой акцыі 15 чэрвеня ў Мінску (15 асоб), Гродна (15 асоб), Брэсце (каля 10) ды іншых гарадах. Падчас акцый 22 чэрвеня і 3 ліпеня з'явіліся людзі ў цывільным («хапуны»), якія хапалі любога ў месцах збору людзей, без прад'яўлення ўласных дакументаў і абвяшчэння прычын сваіх дзеянняў.

Белсат сабраў успаміны ўдзельнікаў тых падзей.

Індывідуальны прадпрымальнік, актывіст партыі «Народная грамада» Аляксандр Грачышнікаў:
«У сродках масавай інфармацыі не было ўвогуле ніякай інфармацыі, што хтосьці збіраецца. І вельмі радасна было, што нас многа насамрэч і што мы за праўду».
Пасля выбараў 2010-га года, масавых рэпрэсіяў супраць апазіцыі грамадства было ў стане апатыі, адзначае палітолаг Сяргей Нікалюк.
«Пратэст распаўсюдзіўся толькі на вузкую сацыяльную групу людзей, людзей па беларускіх мерках забяспечаных, занятых у сучасных галінах народнай гаспадаркі, у першую чаргу гэта сфера паслугаў, а больш вузка IT. І гэты пратэст прыняў самую мірную форму».
Узгадваюць жыхары Берасця:
«Калі пачалі выхопліваць людзей асобы ў цывільным – ніякіх счэпак, ніякага супраціву, людзі пакорліва ішлі ў аўтазакі, усе былі перакананыя ў сваёй праваце і што нічога за гэта не будзе».
«Не выпускалі з навучальных установаў: сказалі не выходзіць, бо пляскаюць, і можна трапіцца».
«Што далі гэтыя пратэсты? Веру далі многім».
Пасля маўклівых акцыяў змянілі заканадаўчае рэгуляванне пратэстаў. Забавязалі ўзгадняць з уладамі масавыя мерапрыемствы для групаў ад трох асобаў. Сілавікі атрымалі паўнамоцтвы працаваць у цывільным, здымаць на відэа ўдзельнікаў пратэстаў.
«Мы даведваліся з навінных каналаў, што дурная ўлада пакарала аднарукага чалавека за тое, што ён пляскаў, і да таго ж закон прынялі, што пляскаць, аказваецца, нельга…», – кажа Аляксандр Грачышнікаў.
Ацэньваючы маўклівыя пратэсты, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць іх ажыятажам на хвалі ўздыму цікавасці да палітыкі:
«Я ўжо не памятаю і імёнаў гэтых маладых людзей, але яны незаўважаныя былі потым ні ў якіх палітычных ці грамадскіх дзеяннях».
Палітолаг жа Сяргей Нікалюк адзначае: праз супольны досвед маўклівых пратэстаў адбылося фармаванне грамадзянскай супольнасці. Тыя пратэсты паказалі, што ў Беларусі вырасла новае пакаленне, з іншаю сістэмаю каштоўнасцяў: людзі, якія хочуць уплываць на палітыку ў сваёй краіне. Як Аляксандр Грачышнікаў. Апроч маўклівых акцыяў, мужчына браў удзел і ў леташніх пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў.
«Ніякія грошы не могуць параўнацца з радасцю бачыць, што людзі падымаюцца і абуджаюцца», – перакананы Аляксандр Грачышнікаў.