Дзе знайсці ўлетку працу?

Скончыўся чэрвень — з ім сесія і здача ЦТ. Можна і працу пашукаць на лета ці больш. Мы пацікавіліся ў выпускнікоў і студэнтаў, як і дзе яны шукаюць падпрацоўку, каб зарабіць грошы на адпачынак або навучанне. 



aliaksiej.jpg

Аляксей, выпускнік Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжу

Аляксей, выпускнік Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжу

 

— Працую тэхнікам-праграмістам у Інстытуце прыкладных праграмных сістэм. Пачаў працаваць на 4-м курсе, калі мяне ўзялі на тэхналагічную і пераддыпломную практыку. Пасля мне прапанавалі застацца ў іх. Я вырашыў: гэта выдатны спосаб атрымаць досвед у вялікай кампаніі, ды сама праца спадабалася мне. Гэта прафесія адпавядае маёй спецыяльнасці. Сумяшчаць з навучаннем было складана, але магчыма. Калі была практыка, то свабодна працаваў на поўную стаўку. Не так і проста знайсці студэнту нават падпрацоўку: не бяруць без досведу і сувязей, нават калі ты вельмі разумны. Але я лічу: хто шукае, той знойдзе.

l_zaveta(1).jpg

Лізавета, студэнтка філалагічнага факультэту БДУ

 

— Зараз я працую памочнікам адміністратара ў салоне карэкцыі фігуры — пяць дзён на тыдзень па 3–5 гадзін. Праца нескладаная, паспяваю вучыцца ва ўніверсітэце, улетку — хадзіць у аўташколу. Але, вядома, мне асабіста мала ад яе карысці (акрамя відавочнай — грошай). Месца доўга не шукала, але было даволі складана знайсці, каб графік працы стасаваўся з вучобай. Я магла б працаваць рэпетытарам ці нават журналістам, але гэта не так цікава. Вось мая папярэдняя праца — гэта была проста мара, песня песняў і салодкі торт. Я працавала крыху больш за год у выдавецтве «Галіяфы» прадаўцом кніг — спачатку на кніжным кірмашы, потым ва ўласнай кнігарні. Вось гэта было самае яно! Я вучуся на філолага, а тут кніжкі, сучасная беларуская літаратура, цікавыя пакупнікі. Наш калектыў увогуле не ведаю, з чым параўнаць, хіба з серыялам «Blackbooks». Гэта было вельмі цікава, вельмі весела. Але кнігарню, як вядома, напаткаў сумны лёс.

dzjan_s.jpg

Дзяніс, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР)

 

— Сёлета скончыў універсітэт. Але пачаў працаваць на 3-м курсе, паколькі аплачваў навучанне сам. Спачатку я запраўляў картрыджы для прынтараў. Графік быў свабодны. Потым працаваў у «Энергазбыце» кантралёрам: здымаў паказанні лічыльнікаў у кватэрах. На апошніх курсах уладкаваўся праз сябра мерчандайзерам у кампанію «Аліварыя», там рэдка месцы пустуюць. Сутнасць працы — выстаўляць на паліцы піва паводле стандартаў кампаніі, сачыць за наяўнасцю ўсіх цэннікаў і іх актуальнай цаной, а таксама за працаздольнасцю абсталявання і яго чысцінёй. Цяпер жа адпрацоўваю апошні месяц у «Аліварыі» і ўладкоўваюся ў кампанію «АГАТ», дзе паспяхова прайшоў сумоўе.

van.jpg

Іван, выпускнік сярэдняй школы:

 

— Я вырашыў пасля сканчэння школы паступаць на завочнае аддзяленне, каб сумяшчаць працу і вучобу, бо для навучання ва ўніверсітэце неабходны грошы. Я сам спрабаваў шукаць працу праз інтэрнэт, але беспаспяхова. Знайсці самому працу без дыплому і досведу даволі складана. Вось цяпер звярнуўся да знаёмых, яны ўладкавалі ў лагістычны цэнтр грузчыкам. У фізічным плане яна цяжкая, але як падпрацоўка на лета сыдзе, мабыць, і пасля застануся там працаваць.

 

 

jul_ja.jpg

Юлія, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльнай навук, спецыяльнасць інфармацыя і камунікацыя

 

— Я ўжо гады два задумваюся аб працы: навучанне набліжаецца да канца, а я ўсё яшчэ не знайшла тое, чым хачу займацца па жыцці. Бліжэй да канца 3-га курса я звузіла сферу сваіх інтарэсаў і зразумела, што лепшым варыянтам для мяне будзе праца ў IT сферы. Натуральна, па спецыяльнасці. За вясну гэтага года я адпраўляла сваё рэзюме на прыдатныя для мяне вакансіі. З прадстаўнікамі трох з іх мне давялося пагутарыць, але ўсіх патэнцыйных працадаўцаў збянтэжыў той факт, што я яшчэ студэнтка і не змагу працаваць поўны працоўны дзень. Піяр — гэта не коды пісаць дома: там трэба ў офісе з раніцы да вечара. Акрамя гэтага, у маіх супернікаў-кандыдатаў аказваўся большы досвед працы. Аб’ектыўна кажучы, праца для нашай спецыяльнасці ёсць. Хто шукае, той знойдзе. Многія з маіх аднакурснікаў ужо працуюць. Але я не хачу працаваць абы-дзе, хоць разумею, што пачынаць трэба з малога. Менавіта таму пасля ўсёй летаніны з сумоўямі я ўпэўнілася ў тым, што магістратура чакае мяне. Бацькі мяне падтрымалі, але папярэдзілі, што курсы я буду аплачваць сама. Таму я адгукнулася на бліжэйшую да майго дома вакансію — у краму. Мяне ўзялі раскладваць тавары. Я пайшла туды толькі на месяц, бо ў жніўні я паеду педагогам у лагер інтэлектуальнага клубу «Што? Дзе? Калі?».