Дзень узброеных жаночых сіл
Дзень 8 сакавіка сапсавалі. Гэта зусім не «цукерачна-букетнае свята». Гэта, хутчэй, Дзень узброеных жаночых сіл. Гэта дзень мітынгаў і бунтаў жанчын, а пад цукеркі і падарункі яно папросту замаскіраванае.
Калі нехта будзе казаць, што жанчыны ў гэты дзень такія «пяшчотныя, ласкавыя, прыгожыя» — не верце! Гэта жаночы падман. І ўвесь свет, якім мы ведаем яго зараз, створаны ў гэтыя дні жанчынамі. Не верыце?
Усім вядома, што падставай для пачатку Міжнароднага жаночага дня стаў марш пратэсту нью-ёркскіх тэкстыльшчыц і работніц швейных і абутковых фабрык. Гэта адбылося 8 сакавіка 1857 года. Натуральна, дэманстрацыю разагналі, але ў сувязі са сваёй незвычайнасцю шуму яна нарабіла багата. І толькі пасля шматлікіх выступаў атрымалася дамагчыся ўвядзення 10-гадзіннага працоўнага дня. Пасля гэтага, як грыбы пасля дажджу, на многіх прадпрыемствах у ЗША паўсталі прафсаюзныя арганізацыі.
Так што 8 сакавіка — гэта не толькі дзень жанчын, гэта дзень пачатку масавага прафсаюзнага руху.
Усе наракаюць, што 8 сакавіка прыдумала Клара Цэткін. Брэшуць на жанчыну. Так, у 1910 годзе яна прапанавала абраць нейкі «Дзень жанчын». Другая Міжнародная Канферэнцыя жанчын-сацыялістак, дзе Цэткін выступіла з гэтай прапановай, выказалася «за», але дату жаночага дня не вызначыла. Таму ў 1911 годзе шэраг краін адзначылі Міжнародны жаночы дзень 19 сакавіка, у 1912-м — 12 сакавіка, у 1913-м — зноў 19 сакавіка.
Больш цікава атрымалася з Міжнародным жаночым днём на тэрыторыі Расійскай імперыі, якая жыла па Юліянскім календары, а на сусветны Грыгарыянскі яна перайшла толькі з прыходам бальшавікоў да ўлады. Таму сусветны дзень 8 сакавіка ў былой Расійскай імперыі быў днём… 23 лютага, у сённяшні Дзень абаронцы Айчыны!
23 лютага 1917 года жанчыны Петраграда выйшлі на вуліцы з лозунгамі «Хлеба і міру», супраць працягу Другой сусветнай вайны. З чаго, дарэчы, і пачалася Лютаўская рэвалюцыя. Можа, каб не было б «жаночага бунта», не было б ні дзвюх рэвалюцыяў, ні СССР, ні БССР, і ўвогуле гісторыя пайшла б па зусім іншым шляху.
Яшчэ адзін міф — гэта тое, што бальшавікі ўсяляк садзейнічалі гэтаму святу, прасоўвалі яго, і пасярэдніцтвам яго стваралі міф пра СССР як пра краіну «роўных магчымасцяў» для жанчын і мужчын. Насамрэч у СССР гэтае свята вельмі доўга замоўчвалася.
Зразумела, у бальшавікоў павінна была быць толькі адна рэвалюцыя — Вялікая Кастрычніцкая. Ніякіх намёкаў жаночым святам на Лютаўскую рэвалюцыю і, адпаведна, ролю ў ёй жанчын быць не магло. Таму, калі ў 1921 годзе па рашэнні 2-й Камуністычнай канферэнцыі жанчын было вырашана святкаваць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка, бальшавікі гэта рашэнне папросту праігнаравалі!
Толькі 8 мая 1965 года 8 сакавіка быў абвешчаны ў СССР святочным і выходным як Міжнародны жаночы дзень. Першае ягонае святкаванне, такім чынам, адбылося ў 1966 годзе.
Зразумела, тады ўжо ніхто не згадаў пра ролю жанчыны ў зруйнаванні царызму. А барацьбы жанчыны за свае правы ў такой дзяржаве, як СССР, па вызначэнні быць не магло. Вось і ператварылася баявое свята жанчын у «цукерачна-букетную» нагоду выпіць.
Дарэчы, і міжнародным гэты дзень не быў. Толькі ў 1975 годзе ААН прыняла рэзалюцыю 32/142 і абвясціла 8 сакавіка Міжнародным днём барацьбы за правы жанчын. Не «падарункавым днём», заўважце, а днём барацьбы за правы!
Восьмага сакавіка мы ў чарговы раз пачуем шмат дыфірамбаў ад усялякіх уладных персаналіяў пра тое, што жанчыну трэба берагчы, што яна з’яўляецца найперш «пуцяводнай зоркай», маці, сяброўкай і калегай з вельмі вялікімі здольнасцямі. Як у часы СССР, усё гэта будзе спробай «купіць» жанчын і ніякім чынам не нагадаць пра іх вырашальную ролю ў падзеях сусветнай гісторыі. А тое, не дай Гасподзь, яны вырашаць, што нічым не горшыя за сваіх папярэдніц, і…
Асабліва небяспечна гэта ў сучаснай Беларусі. Бо становішча жанчын у нас ледзь не нагадвае сітуацыю 1857 года, пры тым, што жанчыны зараз ужо не тыя. Яны даўжэй жывуць (працягласць жыцця мужчын у Беларусі на 12 гадоў меншая, чым жанчын), яны больш адукаваныя (сярод беларусаў з вышэйшай адукацыяй 40% мужчын і 60% жанчын) і яны лепшыя спецыялісты (75% на рынку працы спецыялістаў — гэта жанчыны, а мужчыны ў асноўным — працоўны клас).
Тым не менш, па звестках старшыні грамадскага аб’яднання «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» Людмілы Пецінай, у сферы кіраўніцтва ідзе «выцясненне жанчын». «За апошнія гады адбылося скарачэнне колькасці жанчын на кіруючых пасадах больш чым у пяць разоў. І працоўны вопыт, і адукацыйны ўзровень жанчын не прадстаўлены там, дзе прымаюцца галоўныя стратэгіі па развіцці нашай краіны», — кажа Пеціна.
Можа, таму мы і жывем так, як жывем? Усе спробы вырашыць сітуацыю з’яўляюцца толькі прафанацыяй, а насамрэч нічога не робіцца. Наша краіна рэалізуе ўжо чацвёрты нацыянальны план па дасягненні гендэрнай роўнасці, і ні адзін з гэтых планаў не фінансаваўся з дзяржаўнага бюджэту і не быў выкананы. У нас няма закона аб роўных правах і роўных магчымасцях, у нас няма ўпаўнаважанага па правах жанчын або па гендэрнай роўнасці і практычна няма заканадаўства па прадухіленні хатняга гвалту.
Таму ўладзе трэба вельмі паклапаціцца пра тое, каб жанчыны пра гэта не даведаліся. І яна ўсяляк будзе прадукаваць 8 сакавіка як «цукерачна-букетнае свята», а не як свята жанчын, якія перакулілі свет.