Дзікае паляванне: зніклы жывёльны свет нашых продкаў

Нашая падборка прысвечана самым выбітным жывёлам айчыннай прыроды, якія зніклі ад рук чалавека, дзякуючы ягонай драпежнай гаспадарчай дзейнасці, неўтаймаванаму паляванню ці проста неахайным і неабдуманым дзеянням па змяненні экалагічных умоў. Частка гэтых жывёлін знікла яшчэ ў «старасвецкія часы», папоўніўшы «Чорную кнігу» неадноўленых відаў, а некаторыя — літаральна на нашых вачах...

Размах палявання ў другой палове ХІХ — першай палове ХХ стст. набыў такія пагрозлівыя формы, што каб не энтузіязм асобных прыватных гаспадарак, заканадаўчыя захады і адсяленне жывёл-аб’ектаў палявання ў ахоўныя зоны, сёння спіс зніклых відаў выглядаў бы яшчэ больш катастрафічна. У калажы: па цэнтры — нямецкія жаўнеры ля забітага зубра (часы Першай сусветнай вайны), па краях — вынікі царскіх паляванняў расейскага самаўладцы Мікалая II у Белавежскай пушчы (паміж 1900 і 1914 гг.): колькасць трафеяў нагадвае хутчэй бойню, чым паляванне

Але ж дзеля захавання пазітыву ў чытача адразу пакінем невялічкі спойлер: ёсць надзея! Надзея на селекцыйнае адраджэнне папуляцый ці перазасяленне прыродаахоўных тэрыторый штучна або пад уздзеяннем экалагічна-кліматычных зменаў — у матэрыяле.

Нягледзячы на тое, што міжнародны спіс новаадкрытых відаў жывой прыроды папаўняецца год ад году, адваротны па сэнсе спіс, — зніклых відаў або кандыдатаў на знікненне, — выглядае нашмат пагрозліва. Гэтаму спрыяе не толькі агульнае экалагічнае становішча планеты (напрыклад, маштабныя лясныя пажары ў сухія перыяды) і бяздумная антрапагенная дзейнасць. Як бачна па апошнім часе — таксама і ўзброеныя канфлікты, ваенныя дзеянні, а галоўнае — штучныя антрапагенныя бар’еры: дзяржаўныя межы, водныя перашкоды, шляхі паветранага транспарту, якія замінаюць распаўсюду, натуральнай міграцыі і паляванню біялагічных відаў. У такіх абставінах найхутчэйшымі тэмпамі знікаюць эндэмікі — віды, якія насяляюць ізаляваныя ці ўнікальныя экалагічныя рэгіёны. Прадстаўнікам знікаючых відаў на штучна абмежаваных тэрыторыях — у заапарках, запаведніках і заказніках — таксама можа быць наканаваны страшны лёс: затапленне, пажары, браканьерства ці прылёты вайсковых снарадаў.

Не выключэнне з агульнай карціны і жывёльны свет Беларусі. У спісе да пастановы Міністэрства прыроды і аховы асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2014 г. за N26 «Аб рэдкіх відах дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, што ўключаюцца ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь» зафіксавана больш за 300 відаў фаўны, каля 100 відаў беспазванковых жывёлін (піявак і малюскаў, членістаногіх, павукоў і насякомых), і каля 100 відаў рыб, птушак і млекакормячых.

Шляхецкая забава — паляванне на буйнога звера (тура). Музей прыроды ў Белавежскай пушчы

Шляхецкая забава — паляванне на буйнога звера (тура). Музей прыроды ў Белавежскай пушчы

З каго пачынаць адмоўны адлік?

Некаторыя навукоўцы з горкай іроніяй адзначаюць, што сярод прэтэндэнтаў на сумны тытул, магчыма, першай буйной ахвярай чалавечай дзейнасці мог быць дагістарычны мамант. Так, шарсцісты волат не меў натуральных канкурэнтаў ці сур’ёзных пагроз з боку драпежнікаў, але быў аб’ектам палявання для дагістарычных людзей. А таксама, хоць і ўскосна, на што паказваюць навуковыя даследаванні апошніх гадоў, мамант як наш біялагічны сваяк па класу сысуноў меў аднолькавых біялагічных паразітаў і носьбітаў хвароб, ад якіх падвышалася смяротнасць маладняку.

Першым кандыдатам у «Чорную кнігу» Беларусі (як і ўсёй Еўропы) можа быць дагістарычны мамант. У калажы: паляванне на мамантаў, панарама з Магілёўскага краязнаўчага музея; «Мінскія маманты» — скульптурная група ў мікрараёне Усход

Праўда, назапашаны генетычны матэрыял з замерзлых цалкам жывёлаў спакушае навукоўцаў «вырасціць у прабірцы» новую папуляцыю, што, безумоўна, сустракае заканадаўчыя і этычныя бар’еры.

У асноўным першыя спробы абароны дзікай прыроды, як і першыя ацэнкавыя звесткі аб яе стане, адносяцца да канца XV ст. - XVI ст., калі па ўсёй Еўропе пачало стварацца агульнадзяржаўнае заканадаўства, а разам з ім — праводзіцца захады па захаванні папулярных для палявання відаў пад манаршай рукою, у каралеўскіх ловах — тагачасных заказніках. 

 Ад левай — Ліст караля і вялікага князя Стэфана Баторыя да камісараў аб вызначэнні межаў Белавежскага лясцніцтва, 1582 г. (копія). Ад правай — выправа на каралеўскае паляванне (сучасны малюнак). Музей прыроды ў Белавежскай пушчы

Не выключэннем з гэтага працэсу было і заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага: усе тры рэдакцыі Статута змяшчаюць артыкулы аб ахове пушчаў, борцяў, водных і лясных рэсурсаў, а таксама — пакаранні штрафамі за паляванне на каштоўную жывёлу на чужых землях. Так, зубр ацэньваўся ў 1200 грошаў, лось, алень альбо лань — у 600, мядзведзь, дзікі конь (тарпан) і рысь — у 300, собаль (тады ён вадзіўся ў нашых лясах) — у 200, дзік — у 100, серна — у 60, куніца — у 30 грошаў.

Ахвяра першая. Тур (дзікі бык)

Дзікі (або лясны) бык — тур — самы прамы сваяк і продак сучаснай буйной хатняй жывёлы. Ад часоў сыходу апошняга ледніка тур, адна з самых буйных тагачасных жывёлаў (вагой да 800 кг, ростам пад 2 метры, абаронены тоўстай скурай і магутнымі доўгімі рогамі), насяляў значную частку Еўропы, трымаючыся спачатку паласы лесастэпаў. Ад XV ст. тураў ужо можна было сустрэць толькі ў адносна малазасвоеных і цяжкадаступных лясах на тэрыторыі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. Тут яны былі ўзятыя пад ахову закона і жылі як паркавыя жывёлы ў каралеўскіх ловах і звярынцах. Ужо праз стагоддзе, пад 1599 г. паведамлялася толькі пра невялічкі статак у некалькі дзясяткаў асобін непадалёк ад Варшавы. А 1627 год лічыцца афіцыйнай датай знікнення апошняга тура, загінулага ў Яктораўскай пушчы. Гэтая дата — самая ранняя фіксацыя знікнення еўрапейскага віда, які жыў і на нашай тэрыторыі.

Бадай што не кожная жывёла займела такую папулярнасць і пазнавальнасць у мастацтве ад дагістарычных часоў. У калажы: верхні радок — (а) тур на браме багіні Іштар у Вавілоне; (б) тур у адным з перавыданняў «Касмаграфіі» Себасцьяна Мюнцэра (к.1600 г.); (в) прамалёўка роспіса палаца ў Кносе на Крыце (XIV ст. да н.э.); ніжні радок — (а) бронзавы бычок з тэрыторыі старажытнай Іберыі (Гішпанія); (б) «Першабытны бык» літаграфія Генрыха Гардэра (1858-1935); (в) выява тура на костцы перыяда позняга палеаліта

Пасол ад Святой Рымскай імперыі Сігізмунд Герберштэйн у сваіх «Запісках», падчас падарожжа 1522-1527 гг. праз землі Польшчы і ВКЛ у Масковію, занатаваў: «Буйвалы водзяцца толькі ў адной памежнай з Літвой Мазовіі. На тубыльскай мове называюцца яны турамі, а ў германцаў сапраўднае імя Urox. Гэта сапраўды лясныя быкі, якія ніяк не адрозніваюцца ад хатніх быкоў, хіба толькі тым, што ўсе яны чорныя і маюць чорную з белым паласу ўздоўж хрыбта. Іх не надта шмат, і на некаторыя паселішчы ўскладзены дагляд і нагляд за імі; назіраюць за імі амаль таксама, як у якіх-небудзь звярынцах. Яны злучваюцца з хатнімі каровамі, але гэта суправаджаецца благімі наступствамі для іх. Бо потым іншыя буйвалы не дапускаюць іх у статак як зганьбаваных (infames); ды й цяляты, якія нараджаюцца ад гэтага змяшэння, не жывучыя».

Ад правай уверсе — выява тура з кнігі Сігізмунда Герберштэйна «Апісанне падарожжа ў Масковію»(сяр. XVI ст.). Ад левай  — сучасны помнік апошняму туру ў Яктораўскай пушчы (Польшча). Ад правай унізе — мапа гістарычнага распаўсюду Тура еўразійскага  (і Тура паўночна-афрыканскага — жоўтым колерам)

Хоць апошнія туры дажывалі свае дні ў лясах, раней гэтыя быкі трымаліся ў асноўным у лесастэпах, а нярэдка заходзілі і ў стэп. У лясы жа яны, верагодна, адкачоўвалі толькі зімой. Сілкаваліся жывёлы травой, парасткамі і лісцем дрэў і хмызнякоў. Гон прыходзіўся ў іх на восень, а цяляты з'яўляліся ўвесну. Жылі невялікімі статкамі, або ў адзіночку, а на зіму аб'ядноўваліся ў больш буйныя статкі. Натуральных ворагаў у тураў было мала: гэтыя моцныя і агрэсіўныя жывёлы лёгка маглі даць рады любому драпежніку. Пагроза была толькі маладняку і… сустрэча з чалавекам.

Вобраз Тура мае свой след у айчыннай сімволіцы і культуры  У цэнтры — герб знакамітага ў ВКЛ роду Тызенгаўзэнаў; ад цэнтра на левай палове — (а) жаночыя ўпрыгожанні з тэрыторыі радзімічаў ХІ-ХІІ стст., імаверна, звязаныя з занатаванымі этнографамі абрадамі «Турыцы»; (б) Герб г. п. Жалудок Шчучынскага раёна з «Буйвалам» Тызенгаўз(эн)аў; ад цэнтра на правай палове — (1) манета Нацыянальнага банка Беларусі ў 20 рублёў з палеалетычнай выявай тура са знакамітай пячоры Ласко; (2) калядная абрадавая маска Тура (Турона, Туросіка); (3) гістарычны герб Бельска-Падляскага на Падляшшы (з 1569 г. — у складзе Польшчы)

За апошнія некалькі гадоў у заказнік «Сярэдняя Прыпяць» завезены быкі з латвійскага нацыянальнага парку «Кемеры». Гэтая парода — «Быкі Хек» (ад імя братоў-селекцыянераў з Нямечыны, якія ў 1930-я — 1940-я спрабавалі адрадзіць цягавітую пароду буйной рагатай жывёлы) — выведзены метадам зваротнай селекцыі, генетычна найбольш набліжаныя да першабытных тураў..

Прывід былога. Зубр (еўрапейскі бізон)

Зубр па сваіх памерах быў вельмі зручным і выгадным аб'ектам палявання, таму ў стэпавай зоне Усходняй Еўропы зубр знік яшчэ ў XVI-XVII стагоддзях, у лесастэпах — у канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя. Жывёла мінулых стагоддзяў, па меркаванні даследчыкаў, была значна буйнейшай за сённяшнія селекцыйныя папуляцыі ў запаведніках — ягоныя памеры набліжаліся да сваіх паўночнаамерыканскіх сваякоў — бізонаў.

У калажы: задні фон — сучасная карта кропкавых папуляцый адроджаных зуброў (Беларусь, Польшча, Літва, Украіна, РФ, Румынія, Нямеччына); левы верхні кут — гістарычны арэал пражывання трох падвідаў зубра:  белавежскага (раўніннага), карпацкага і каўказскага (горныя зубры); уверсе — фрагмент палатна Канута Русецкага (1801-1860) «Паляванне на зубра»; левы ніжні кут — нямецкія жаўнеры ля забітай жывёлы (час Першай сусветнай вайны); правы ніжні кут — чучала зубра ў Музеі прыроды (Мінск)

У 1523 г. у Кракаве наш суайчыннік Мікола Гусоўскі (1470-1533) выдаў лацінамоўную паэму «Песня пра зубра», якой абессмяроціў вобраз і вольны дух гэтай магутнай жывёлы — насельніка літоўскіх лясоў і пушчаў. Польскі гісторык Мацвей з Мехава (1457-1523) у тыя ж часы ў «Трактаце аб двух Сарматыях» паведамляў пра дзікіх быкоў і зуброў, што жывуць у лясах Літвы. 

Белавежскі зубр ад даўніх часоў заняў сваё пачэснае месца ў еўрапейскім выяўленчым мастацтве. У левым верхнім куце — выява з выдання Конрада Геснэра «Icones animalium...» (1560) з подпісам: «па-літвінску Зубр, па-польску Жубр, адкуль некаторыя называюць яго Зубронам на лацінскі манер»; у левым верхнім куце — выява невядомага мастака XVIII ст. «Зубр на ўзлеску» (Нацыянальны музей у Варшаве); у ніжнім левым куце — «Польскі бізон або літоўскі дзікі бык» — малюнак з амерыканскага выдання падарожніка па Расейскай імперыі (і нашых мясцінах таксама) Роберта Сірса (Robert Sears. An Illustrated description of the Russian Empire (...) — New York, 1855); у правым ніжнім куце — літаграфія Антона Каменскага (1860-1933) «Зубры», 1912 г.

Але самыя падрабязныя звесткі пра «літоўскага бізона» пакінуў згаданы вышэй імператарскі пасол Сігізмунд Герберштэйн у сваіх запісках «Rerum Moscovitarum…» (выйшлі ў 1556 г.): «Літва, акрамя тых звяроў, якія знаходзяцца і ў Нямеччыне, мае бізонаў (Bisontes), тураў (Uros), ласёў (Alces), якіх іншыя называюць анаграмі, ляснымі конямі. Бізона літоўцы, на айчыннай мове, называюць Зубрам (Sumbras), германцы няслушна Аuгох або Urox; гэтае імя ўласціва буйвалу, які мае цалкам форму быка і вельмі не падобны пародай на бізона. Бо бізоны маюць грыву і касматыя па шыі і плячах, з барадой, вісячай на падбародку. Валасы пахнуць мускусам, галава кароткая, вочы вялікія, лютыя, як бы палаючыя, лоб шырокі, рогі большай часткай так шырокія і накіраваны, што ў іх прамежку могуць сядзець тры гладкіх чалавека, што было выпрабавана каралём Польшчы, Жыгімонтам, бацькам цяперашняга гаспадара Жыгімонта Аўгуста, а мы ведаем яго за моцнага, тоўстага чалавека, з двума іншымі, не менш шчыльнымі людзьмі (відавочнае перабольшванне). Спіна падымаецца гарбом, і пярэднія і заднія часткі цела паніжаюцца».

Зубр пакінуў след у гістарычнай і сучаснай геральдыцы. Ад левай — Зубр і Пагоня на пячатцы гарадскога магістрату (мусіць — управы) Бярэсця (не пазней за 1801 г.). Ад правай у верхнім радочку — (а) герб і сцяг Гродзенскай вобласці (базуецца на выяве і колерах герба за часам Расейскай імперыі); (б) герб горада Свіслач Гродзенскай вобласці (2007). Ад правай у ніжнім радочку: (а) гістарычны герб г. Сакулкі на Падляшшы; (б) гістарычны герб Драгічна на Падляшшы (былая сталіца Падляшскага ваяводства ў час уваходжання ў ВКЛ); (в) герб Брэсцкай вобласці (2004); (г) шэўрон жаўнераў 5-й Крэсовай дывізіі (складалася са значнай колькасці этнічных беларусаў) 2-га Польскага корпуса 8-й Брытанскай арміі, што змагаліся пад Монтэ-Касіна

Актыўнае паляванне на зубра, нягледзячы на ахоўныя захады, не скончылася і ў каланіяльныя, царскія часы: калі  напрыканцы XIX ст. у Белавежскай пушчы жыло да 1700 зуброў, то дзякуючы царскім паляванням у 1914 г. іх засталося толькі 737 асобін. Так, напрыклад, у 1900-м «святы» цар Мікалай ІІ забіў 41 зубра, а падобныя паляванні ладзіліся штогод. Першая сусветная вайна, фактычнае безуладдзе, браканьерства і вываз жывёл у Германію прывялі да катастрафічнага стану пагалоўя: у 1917 налічылі толькі 168 зуброў, а ў 1918 усяго 76 жывёл. У 1921 (па іншых звестках у 1919) дзеля мяса быў забіты апошні вольны белавежскі зубр.

Сімвалічнасць зубра займела месца і на грашовых адзінках: знакамітая серыя «беларускіх зайчыкаў» 1992 г. мела і выяву зубра на банкноце наміналам у 100 руб. Але яшчэ раней, у 1991 г. Рэспубліка Літва выпусціла часовую купюру ў 100 талонаў, якую ўпрыгожвалі Пагоня-Віціс і Зубр. З 2000-х гадоў Нацыянальны банк Беларусі выпушчае калекцыйныя манеты розных наміналаў і ў розных выкананнях (сплавы металаў, серабро і золата) з выявамі «брэндаў» айчыннай прыроды-зуброў

Усе сённяшнія зубры еўрапейскіх запаведных арэалаў паходзяць ад усяго дванаццаці асобін, захаваных у даваенных заапарках і запаведніках, ад якіх з 1952 г. стала магчыма зноў аднавіць папуляцыю і пасяліць вольныя статкі зуброў у прыродаахоўных зонах. На сёння на пяці беларускіх тэрыторыях сфарміравана 11 мікрапапуляцый зубра, пагалоўе выведзена за крытычную колькасць асобін і працягвае павялічвацца, але адзінай пагрозай пакуль застаецца слабая разнастайнасць генетычных набораў. Сёння ў свеце налічваецца каля 10 тыс. зуброў, з іх тры чвэрці жывуць на волі, астатнія — у вальерах і заапарках.

Захаваны ў нашчадках. Тарпан (дзікі конь)

У ледавіковы і пасляледавіковы час на стэпавых прасторах Еўропы рассяліўся від дзікага каня — тарпана. Пад уплывам пасляледавіковых кліматычных змяненняў стэпавы тарпан заняў іншую экалагічную нішу, ператварыўшыся ў ляснога. Трэба зазначыць, што ўсе гістарычныя еўрапейскія пароды свойскіх коней узыходзяць да 5-6 падвідаў дзікага каня, але тарпанападобныя коні сустракаліся і ў тыя часы толькі на прасторах Усходняй Еўропы. Дарэчы, апошнімі даследаваннямі паказана, што г.зв. конь Пржэвальскага (занесены ў Чырвоную кнігу), які раней лічыўся асобным відам, з’яўляецца падвідам тарпана.

 Ад левай уверсе — схематычная мапа распаўсюду дзікіх коней у пасляледніковы перыяд, унізе — сучасныя арэалы адраджэння тарпанападобных і роднасных ім дзікіх коней. Ад правай — адзіны «прыжыццёвы» малюнак стэпавага тарпана (каляровая версія 1841 г.)

У сваіх падарожных запісках (1666-1670 гг.) Ганс-Морыц Айрман, немец на шведскай службе, у главе «Літва або Літуанія» такімі словамі апісваў сустрэчу з дзікімі коньмі: «...мясцовасць гэтая балоцістая, са шматлікімі вадаёмамі, азярцамі, а таксама перагароджанымі сажалкамі, рэкамі, што прыцякаюць і выцякаюць, мае таксама шмат лясоў і зараснікаў, у якіх (як і ў Ліфляндыі ці Масковіі) гняздуюцца ўсякія шкодныя дзікія звяры, як то мядзведзі, ваўкі і іншыя; у час падарожжа ў Масковію праязджалі мы праз лес працягласцю мілі ў 3, які падтрымліваецца, а месцамі абнесены агароджай (як мы гэта заўважылі пры ўездзе і выездзе), у ім меліся ў вялікай колькасці дзікія коні (=тарпаны), частку якіх мы бачылі, і гэтае месца падпарадкавана Паляку, там штогод шмат з гэтых коней вылоўліваюць і ўтаймоўваюць настолькі, што іх можна выкарыстоўваць для язды коннай і ў запрэжцы; яны тут нярэдкія; мы і тым разам ехалі поштам праз лес конна, на такіх конях, якія там злоўлены і вырашчаны, такія коні не даюцца падкоўвацца ззаду. А іншай вялікай розніцы не заўважыць паміж коньмі ручнымі і дзікімі».

Ад левай — сучасны тарпанападобны «польскі конік» у Белавежскай пушчы; ад правай — «прыжыццёвы» малюнак стэпавага тарпана з працы Самуэля Готліба Гмеліна «Падарожжа па Расеі дзеля вывучэння трох царстваў Прыроды…» (1770-1784 гг.); уверсе — асноўныя масці дзікага каня, захаваныя і ў ягонага свойскага продка.

Стэпавая форма тарпана праіснавала на прасторах былога «Дзікага Поля» (суч. Паўднёвая Украіна і прылеглыя вобласці РФ) амаль да канца ХІХ ст. Лясны падвід тарпана ад часоў ранняга жалезнага веку ўпалёўвалі на мяса, але актыўна нішчыць пачалі з XVII ст., з пашырэннем плошчаў пашаў, лугоў і сенакосаў, на якіх дзікія коні рабілі патраву. На памежжы Польшчы і гістарычнай Літвы тарпанападобныя дзікія коні сустракаліся ў Белавежскай пушчы яшчэ ў другой палове XVIII ст., а да пачатку XIX ст. жылі ў звярынцы князёў Замойскіх, якія разводзілі іх у належных ім вёсках. Апошні статак лясных тарпанаў быў знішчаны на пачатку ХІХ ст. на тэрыторыі Нямеччыны. Апошні стэпавы тарпан быў забіты ў 1875 ува ўкраінскай Херсоншчыне. У няволі стэпавыя тарпаны пражылі крыху болей — апошнія звесткі датуюцца бурлівымі 1910-мі гадамі.

Тарпан таксама здаўна быў аб’ектам выяўленчага мастацтва і элементам культурнага сімвалізму. І сёння яму аддаюць даніну памяці. У калажы: ад левай — літоўскі выпуск 1.5 еўра з выявамі «жмудзкага коніка» і «літоўскага ганчака»; у цэнтры — герб г. Гуляйполе (Украіна); ад правай — 2 польскіх злотых з выявай «польскага коніка»-тарпана.

У 1930-х у Германіі і Польшчы працавалі над узнаўленнем тарпана ляснога.

З 1960-х у Беларусь завозяцца і разводзяцца тарпанападобныя коні, выведзеныя селекцыйным спосабам (нашчадкі асноўных парод г.зв. «польскага коніка», каня Хека, каня Хегардта, каня Штробеля).

Герой папулярнай кніжкі. Высакародны алень

Памятаеце гісторыю з «Прыгодаў барона Мюнхаўзена» пра аленя, паміж рагоў якога вырасла вішнёвае дрэўца? Тое неверагоднае паляванне «самага сумленнага чалавека на Зямлі» пры дапамозе вішнёвай косткі, як вядома, адбывалася на Літве (дарэчы, ходзяць послыхі, што прататып барона Мюнхгаўзена бываў у Інфлянтах і сапраўды служыў у войску на Гарадзеншчыне).

Ад левай уверсе — высакародны алень з крыжам св. Губерта — элемент мясцовага падання і гістарычнага герба Гародні; ад левай унізе — знакаміты дрэварыт Г. Дорэ да «Прыгод барона Мюнхаўзена»; у цэнтры — маркі Рэспублікі Беларусь, прысвечаныя высакароднаму аленю і традыцыі палявання на яго; ад правай — літаграфія 1880 г.

На нашай зямлі ў тыя часы яшчэ сустракаліся тубыльскія папуляцыі падвіда высакароднага аленя (еўрапейскі алень). Увогуле гэты від быў распаўсюджаны вельмі шырока па Еўропе, аднак з прычыны ўзмоцненага палявання ў канцы XVIII - на пачатку XIX ст.ст. на нашай тэрыторыі быў цалкам знішчаны. З 1960-х асобіны аленя з Нямеччыны завезены ў Белавежскую пушчу, Вялаўскі запаведнік.

І дзікі звер, і фантастычная істота. Расамаха

Расамаха — моцны і смелы драпежнік з сямейства куніцавых, адзіны прадстаўнік роду Gulo (у перакладзе з лацінскай — «абжора»). Мянушку расамаха атрымала не за тое, што мае неўтаймаваны апетыт, а таму, што любіць рабіць «запасы». У XVII-XIX стст. расамаха сустракалася ў змешаных і ліставых лясах Беларусі, Польшчы і Украіны. У гэты ж перыяд яна была вядома і ў лесастэпавых раёнах і ў лясной зоне. З тэрыторыі Беларусі жывёла знікла да сярэдзіны XIX стагоддзя. Асновай харчавання расамахі з’яўляецца падаліна, хворыя і слабыя жывёлы, рэшткі здабычы іншых драпежнікаў — таму як драпежнік, небяспечны самому чалавеку ці ў паляванні на свойскую жывёлу, гэты звер разглядацца не можа. 

Ад левай: адзіны спосаб даведацца як выглядаў звер з паданняў — убачыць на ўласныя вочы чучала расамахі ў Музею прыроды Нацыянальнага гістарычнага музея; уверсе — схематычная мапа гістарычнага (пазначана ружовым, Беларусь вылучана цямнейшым колерам) і сучаснага (аранжавы колер) арэалаў пражывання расамахі; у самым версе — у скандынаўскім рэгіёне расамаха стала геральдычным аб’ектам на гарадскіх гербах Швецыі, Нарвегіі і Фінляндыі. Унізе — выява расамахі на літагравюры 2-й пал. ХІХ ст.

Магчыма, галоўнай прычынай вынішчэння стаў уласна агрэсіўны характар расамахі і патрэбнасць кантраляваць вялізныя ўгоддзі, на якіх яна канкуравала з іншымі буйнымі драпежнікамі — ваўкамі, мядзведзямі, рысямі. Расамаха так хутка знікла з прыроднай мапы нашай краіны, што ад яе захаваўся надзвычай дэманічны вобраз нечысці ў выглядзе жанчыны з распушчанымі косамі, якая з’яўляецца ў полі ці лесе і паводзіць сябе падобна русалцы. У сучасных мясцовых СМІ чуткі пра з’яўленне расамахападобнага звера (напрыклад, у Лепельскім раёне) падаюцца як «беларускі варыянт» таямнічай чупакабры.

Лясны «ваявода». Еўрапейскі дзікі кот

Гэты сімпатычны вусацік, дужа падобны на знакамітага хітрага «ваяводу», які ў вядомай казцы напужаў магутных лясных звяроў, засяляе лясныя вобласці Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы, сустракаецца ў паўднёвай частцы Урала і ў Карпатах а таксама Турцыі і Каўказа. Аднак у мінулым арэал распаўсюджвання гэтага ката быў яшчэ больш шырокім. Рэшткі падобнай жывёліны на Беларусі знаходзяць у археалагічных слаях часоў Вялікага перасялення народаў (позні жалезны век). Яшчэ на пачатку XX ст. лясны дзікі кот сустракаўся на Беларусі даволі часта. 

Лічыцца, што апошні асобнік гэтай жывёлы быў забіты у 1927 г. у Барысаўскім раёне і з 1930-х паведамленняў аб ёй ужо не было. 

Ад левай — Дзікі кот на літагравюры сярэдзіны ХІХ ст., ад правай — сучасны здымак еўрапейскага ляснога ката. Пасярэдзіне — інфа-мапа, дзе пазначаны гістарычны арэал (светла-зялёным) і сучасныя раёны (цёмна-зялёным) пражывання еўрапейскага ляснога ката, а таксама блізкія яму падвіды афрыканскіх, блізкаўсходніх і азіяцкіх катоў.

Асноўная прычына знікнення — агульная са шмат якімі іншымі дробнымі драпежнікамі, кшталту янотавіднай сабакі, тхора ці лісы — небяспечнасць для чалавека праз паляванне на дробную хатнюю жывёлу. Плюс да таго дзікія каты лёгка зводзяцца з хатнімі катамі, бо з’яўляюцца найбліжэйшымі іх сваякамі: еўрапейская хатняя котка ўзыходзіць да прыручонага на Блізкім Усходзе дзікага ката. На першы погляд ляснога прыгажуна можна прыняць за буйных памераў «дваравога» шэра-руда-паласатага ката, аднак дзікун мае адметныя прыкметы: доўгая задняя ступня і масіўны хвост з пяццю выразнымі чорнымі палоскамі.

У свой час разглядалася пытанне аб рэінтрадукцыі еўрапейскага ляснога ката на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, дзе клімат мякчэйшы і няма хатніх катоў каб утвараць гібрыднае патомства. Але Мінпрыроды не падтрымала ініцыятыву па прычыне, згаданай вышэй. З 2016/17 г. прыходзяць звесткі з Чарнобыльскай зоны аб натуральным з’яўленні і пасяленні тут ляснога ката. Прычынай могуць быць, сярод іншага, кліматычныя змены.

Прыгажуня-норыца. Еўрапейская норка

Еўрапейская норка да ХХ ст. засяляла фактычна ўсю тэрыторыю Еўропы, трымаючыся рачных басейнаў. Сучасны арэал — гэта некалькі ізаляваных папуляцый на паўночным усходзе Іспаніі і паўднёвым захадзе Францыі, у дэльце Дуная і ў еўрапейскай часткі РФ. У нашай краіне у 1980х - 1990х гг. норку яшчэ можна было сустрэць у вярхоўях рр. Ловаці, Лучосы і Сцвігі. У наступныя дзесяцігоддзі паведамленні аб яе месцах пражывання паступалі ўсё радзей.

Ад левай — чучала еўрапейскай норкі у Музеі прыроды (Мінск); уверсе — рэверс юбілейнай манеты «Чырвоны Бор» з выявай норкі; унізе — схематычная мапа гістарычнага рассялення (адзначана чырвоным) і сучаснага пражывання (бурым колерам) еўрапейскай норкі

Як часта бывае, акрамя скарачэння колькасці праз паляванне і пагаршэнне экалагічных умоў, норка не вытрымала канкурэнцыі ў харчовай нішы з прыхаднем — амерыканскай норкай.

Наш рэліктавы эндэмік: Хахуля

Хахуля — вадалюбівы сысун з атраду землярыйкападобных сямейства кратовых. Гэты звярок — погаласак даўно мінулых геалагічных эпох: ўзрост віда налічвае 30 млн год; ён і праўда — рэлікт, «жывы выкапень», перажыўшы мамантаў і падобных ім істотаў. На працягу гэтых мільёнаў гадоў хахуля не мяняла свайго арэалу пражывання, абнімаўшага прастору ад Брытанскіх выспаў да Уралу, таму ў біялогіі такія віды і называюць «эндэмікамі» — «патрыётамі» свайго рэгіёна. У мінулым хахуля з'яўлялася каштоўным прамысловым відам — да 1670-х яе здабывалі выключна з-за мускуснага паху, і толькі пазней — дзеля футра, прычым яно шанавалася вышэй бабровага. 

Уверсе ад левай — выява хахулі з літаграфіі сярэдзіны ХІХ ст., уверсе ад правай — калекцыйны 1 рубель Банка РФ з серабра з выявай хахулі. Пасярэдзіне — выява хахулі з Музею прыроды (Мінск)

Уверсе ад левай — выява хахулі з літаграфіі сярэдзіны ХІХ ст., уверсе ад правай — калекцыйны 1 рубель Банка РФ з серабра з выявай хахулі. Пасярэдзіне — выява хахулі з Музею прыроды (Мінск)

У ХХ ст. папуляцыі хахулі яшчэ рэгістраваліся ў басейне Днепра (у 1951 г. — на р. Асцёр на Магілёўшчыне). У наступныя дзесяцігоддзі былі спробы завесці папуляцыі з Расеі, але да канца ХХ ст. яны зніклі. Па непацверджаных даных, магчыма, хахуля яшчэ жыве ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Адной з прычын знікнення з беларускай фауны папуляцыі хахулі, акрамя антрапагеннага фактара (меліярацыя, будаўніцтва дамбаў і каналаў, знішчэнне пойменных лясоў, браканьерства і інш.) і экалагічна-кліматычных зменаў (працяглыя перыяды засухі і паводак), называюць агрэсію з боку ўвезеных відаў — амерыканскай норкі і андатры, якія займаюць тую ж харчовую нішу. 

«Літоўскі страус». Драфа, або дроп

Сапраўды, гэтая буйная птушка асобнага сямейства драфіных, знешнім выглядам нагадвае невялікага страўса (таксама атрымала мянушку «стэпавы індык»).

У 1820-х гнёзды драфы яшчэ можна было сустрэць на Гродзеншчыне і Слонімшчыне, але да пачатку ХХ ст. папуляцыя птушкі пачала рэзка зніжацца. У 1900-я — 1920-я драфу яшчэ бачылі ў Пінскім Палессі, у ваколіцах Пружанаў і ў паўднёвай частцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці; таксама назіралі яе на Гомельшчыне ў ваколіцах Мазыра, Нароўлі, у Брагінскім і Добрушскім раёнах. 

Уверсе — выява драфы на марцы «Чырвоная кніга Беларускай ССР»; ад правай — малюнак драфы сярэдзіны ХІХ ст.; унізе — марка з выявай аўдоткі, насельніцы, падобна драфе, стэпавых рэгіёнаў і кандыдаткі на знікненне (раней гнездавалася на пінскім, мозырскім і рэчыцкім Палессі). На мапе на заднім фоне — месцы распаўсюду драфы (пазначана зялёным), гнездавання (аранжавым) і зімоўкі (сінім).

Апошнія звесткі аб «літоўскім страусе» прыходзілі ў 1930-х з Піншчыны і наваколля Пружанаў. Асноўныя прычыны знікнення звязаны з антрапагенным фактарам і экалагічным станам — бескантрольнае паляванне і браканьерства, пашырэнне сельскагаспадарчых угоддзяў, ландшафтныя і кліматычныя змены.

Сярод беларускіх птушак таксама знік стрэпет (таксама з драфіных), няма больш арабка (рабчыка, з фазанавых), на пальцах адной рукі можна пералічыць месцы гнездаванняў сокала-сапсана, беркута, чорнага бусла і арлана-белахвоста; вельмі мала засталося барадатых і белых курапатак, і гэты спіс можна працягваць і працягваць…

Зніклыя рыбы: Асётр і выразуб

І асётр, і выразуб лічацца прахаднымі рыбамі для Беларусі — месцы асноўнага іх пражывання знаходзяцца ў сотнях кіламетраў ад Беларусі, а вось нашая рачная сістэма — ідэальная радзільня для нерасту. Яшчэ адносна нядаўна такія віды асётра, як балтыйскі і рускі, былі звычайнымі з’явамі ў беларускіх рэках. Нашыя продкі лавілі гэтую, сёння элітную, рыбу ад часоў жалезнага веку простымі кручкамі з косці і падавалі і на вясковы, і на панскі сталы, нібы якога карпа ці шчупака. 

Ад левай уверсе — рыбная лоўля (галандская гравюра 1719 г.) Ад правай уверсе — схематычная мапа гістарычнага нерасту асётра; унізе ад правай — знаходкі касцяных кручкоў на асётраў часоў жалезнага века і сярэднявечча. У фоне — карта з найбольш старажытнымі знаходкамі лоўлі асётравых.

Яшчэ ў 1920-м ля Жлобіна лавілі асятра вагой 34 кг, а ў 1927-м ля Быхава — вагой 50 кг. Балтыйскі асётр любіў ісці на нераст да Нёмана-бацькі і ягоных прытокаў (Вілія і Шчара). Слабы лоў асётра працягваўся да Другой сусветнай вайны. Апошнія ягоныя заходы ў Нёман зафіксаваны ў 1952 і 1955 гг. Рускі асётр, распаўсюджаны ў басейнах Чорнага, Азоўскага і часткова Каспійскага мора, раней ішоў на нераст у Днепр, паднімаўся да Магілёва і нават да Дарагабужа, сустракаўся ў Прыпяці, Сожы і ў Бярэзіне. З пачаткам будаўніцтва плацін у 1930-х гэтыя канструкцыі сталі непераадольным бар’ерам для асётраў.

Выразуб (мясцовая назва «віразуб») — таксама прахадная рыба сямейства Карпавых, даволі буйных памераў (даўжыня да 70 см, вага да 6 кг). Да 1940-х падымаўся з басейнаў Чорнага і Азоўскага мора на нераст у басейн Дняпра і яго прытокаў. Пабудаваныя на Дняпры плаціны таксама сталі для гэтай рыбы непераадольнай перашкодай. На схематычнай мапе паказаны былыя (чырвоным) і сучасныя (аранжавым) арэалы нерасту выразуба.

Зніклая пярліна. Еўрапейская жамчужніца (перлародка) 

Гэты від двухстворкавых малюскаў засяляў чыстыя прэсныя ручаі і рэкі многіх краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Традыцыйна перлародка была аб'ектам здабычы перламутру і рачнога жэмчугу. Да сярэдзіны XIX ст. гэтая «ракушка» была звычайным насельнікам вадаёмаў Беларусі. Здабыча жамчужніц у прамысловых мэтах рэзка скараціла іх папуляцыю. 

Перлародка-жамчужніца на малюнках ХІХ ст. і сучасных здымках, на схематычнай мапе — зафіксаваныя арэалы сучаснага пражывання (цёмным колерам) і арэалы меркаванага або рэдкага пражывання (светлым колерам).

Дваццатае стагоддзе адзначылася негатыўнымі экалагічнымі і кліматычнымі ўмовамі для далейшага выжывання малюска. У Чырвоную кнігу Беларусі жамчужніца патрапіла з 1981 года. Па аднаму з нядаўніх даследаванняў перлародка мае самае доўгае жыццё сярод прэснаводных беспазваночных жывёл — максімальная працягласць жыцця 210-250 гадоў без заўважнага старэння.

Крылаты прыгажун. Матыль Апалон

Названы на лаціне Парнаскім Апалонам (Parnassius apollo), баством прыгажосці і святла,  гэты матыль з сямейства паруснікаў сапраўды адзін з найбольш прыгожых еўрапейскіх дзённых матылёў. Любіць насяляць сухія ўгрэтыя ўзлескі, вялікія сонечныя і сухія паляны ў хваёвых і хваёва-дубовых лясах, старыя пусткі і прасекі, лугавыя даліны ў гарах. Прычына знікнення, акрамя відавочна антрапагенных і экалагічных, крыецца ў спецыфічнай біялогіі віда: па-першае, папуляцыі матылёў не мігруюць, па-другое, цалкам залежны ад кармавой расліны — г. зв. Зайцовай капусты, якой толькі і харчуецца.

Уверсе — беларуская марка 1995 г. з выявай Апалона і здымак асобіны. Унізе ад левай — схематычная мапа гістарычнага засялення (чырвоным колерам) і сучаснага арэала (тэрактовы колер) віда

Уверсе — беларуская марка 1995 г. з выявай Апалона і здымак асобіны. Унізе ад левай — схематычная мапа гістарычнага засялення (чырвоным колерам) і сучаснага арэала (тэрактовы колер) віда

У Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў некаторых абласцях РФ на цяперашні час матыль вядомы толькі па старых, 30-40-гадовай даўніны, знаходках. Занесены ў Чырвоную кнігу Расіі, Украіны, Беларусі.

*****

Першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі выйшла ў 1981-м, у яго было ўключана 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін. Двухтомная абноўленая Чырвоная кніга выйшла ў 1993-м. У 2006 спіс уключаў ужо 189 відаў жывёл і 274 віда раслін, 24 — лішайнікаў і 29 — грыбоў. У апошняе выданне Чырвонай кнігі ўключаны 203 віды дзікіх жывёл, што складае крыху больш за 1 працэнт ад агульнай колькасці відаў дзікіх жывёл, якія жывуць у краіне. Як бачым, робяцца захады па селекцыйным аднаўленні відаў, перазасяленні былых арэалаў, стварэнні прыродаахоўных зонаў, аднак значная частка відаў з прыведзенай намі выбаркі, хутчэй за ўсё, ніколі не аднавіцца да папуляцыі, якой ужо нішто не пагражае: пакуль гэтаму не спрыяюць аб’ектыўныя фактары — кліматычныя і антрапагенныя змены, а таксама агульны экалагічны стан краіны, прыродаахоўнае заканадаўства, фінансаванне праектаў і эканамічныя магчымасці. Але заўсёды застаецца надзея, што нам усім ёсць справа не толькі да нас саміх, але і да адвечных насельнікаў краіны, якім патрэбна наша абарона і дапамога…