Дзяржатамнагляд паведаміў, дзе будуць захоўваць радыеактыўныя адходы з БелАЭС

Высокаактыўныя адходы Беларускай АЭС пасля 60 гадоў захоўвання размесцяць у глыбінным пункце пахавання.

scorie_nucleari_1024x538.jpg


Пра гэта стала вядома з пісьмовага адказу Дэпартамэнта па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) на адно з пытанняў, на якое падчас грамадскіх слуханняў 30 красавіка не паспелі адказаць.

У дэпартаменце падкрэслілі, што ў адпаведнасці з дакументамі МАГАТЭ і заканадаўствам Беларусі «пахаванне — гэта апошні этап дзейнасці па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі» — піша Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.

«У дачыненні да Беларускай АЭС, вельмі нізкаактыўныя, нізкаактыўныя і сярэднеактыўныя радыеактыўныя адходы пасля часовага захоўвання на тэрыторыі атамнай электрастанцыі на працягу 10 гадоў будуць накіроўвацца ў пункт пахавання, будаўніцтва якога прадугледжана выканаць у тэрмін да 2030 году», — патлумачылі ў Дзяржатамнаглядзе. Там дадалі, што высокаактаўныя радыеактыўныя адходы па заканчэнні праектнага тэрміну захоўвання ў спецыяльна абсталяваным адсеку (60 гадоў) падлягаюць размяшчэнню ў пункт пахавання ў «глыбокіх геалагічных фармацыях».

У ведамстве адзначылі, што асноўныя патрабаванні па захоўванні бяспекі пры пахаванні радыеактыўных адходаў устаноўлены ў законе «Аб радыяцыйнай бяспецы».

Акрамя таго, у адпаведнасці з рэкамендацыямі МАГАТЭ ўрадам Беларусі зацверджана стратэгія абыходжання з радыеактыўнымі адходамі БелАЭС.

У згаданай стратэгіі, зацверджанай Саветам міністраў у чэрвені 2016 года, прагназуецца, што за 60 гадоў эксплуатацыі двух блокаў станцыі аб’ёмы высокаактыўных адходаў, якія падлягаюць пахаванню, складуць 80 кубаметраў, сярэднеактыўных — 600, нізкаактыўных — 3840, вельмі нізкаактыўных — 960.

У выніку вываду двух блокаў АЭС з эксплуатацыі згодна з прагнозам утворыцца 4100 кубаметраў цвёрдых нізка- і срэднеактыўных радыеактыўных адходаў і 170 кубаметраў высокаактыўных адходаў.

У стратэгіі таксама ўказана, што пытанне аб неабходнасці ў збудаванні пункта пахавання высокаактыўных радыеактыўных адходаў у глыбокай геалагічнай фармацыі будзе прапрацавана ў рамках дзяржаўнай праграмы «Навуковае суправаджэнне развіцця атамнай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009-2010 гады і на перыяд да 2020 года».

Беларуская АЭС узводзіцца блізу Астраўца на Гарадзеншчыне пераважна за кошт крэдыту Расіі паводле расійскага праекту. Першы блок гатовы на 99%, другі — на 80%. Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада 2020 года, але раз-пораз працэс спыняецца нібыта на «планавыя работы». У прамысловую эксплуатацыю першы блок плануюць увесці гэтай вясной.

19 красавіка на станцыю даставілі ядзернае паліва для пачатковай загрузкі рэактара другога энергаблока АЭС. Увесці другі блок у эксплуатацыю ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі №447 ад 30 лістапада 2020 году павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка нядаўна заявіў, што запусціць другі блок у прамысловую эксплуатацыю плануецца ў ліпені наступнага года.

На пачатку траўня 2021 года Беларуская антыядзерная кампанія выступіла са зваротам па выніках грамадскіх слуханняў. Яна патрабавала прыпыніць працэс выдачы ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю першага энергаблоку БелАЭС.

Паводле аўтараў заявы, слуханні 30 красавіка, якія мелі фармальны характар, «не адпавядалі стандартам і не дазволілі выканаць задачы інфармавання грамадскасці».

«Невядома, у якой стадыі падпісанне дадатковага пагаднення паміж Расіяй і Беларуссю аб перапрацоўцы паліва, — падкрэсліваецца ў заяве Беларускай антыядзернай кампаніі. — Дзе яно будзе захоўвацца, у якім наогул стане праектаванне і будаўніцтва сховішча, ці атрымала Беларусь кантэйнер для перамяшчэння адпрацаванага паліва і на якой аснове?»

У дакуменце таксама зазначылі, што выкладзеныя дзяржаўнымі прадстаўнікамі звесткі «недакладныя і супярэчлівыя».