Экатурызм у Польшчы: параўноўваем і абіраем
Сезон адпачынкаў заканчваецца, а вы дагэтуль не выбраліся за межы сваёй канапы? Збірайцеся. Усяго 500 з лішкам кіламетраў на захад — і, калі ласка, усё, што трэба: ад запаведных лясоў Татранскага нацыянальнага парку да эка-гатэлю Chopin Botique у цэнтры Варшавы. Для тых, хто хоча не проста адпачыць, а зрабіць гэта, не шкодзячы прыродзе, НЧ разабраўся, як гэта робіцца і чым экаадпачынак адрозніваецца ад звычайнага.

Што такое экатурызм?
Словы з прыстаўкай «эка» апошнім часам сталі моднымі. Экаадзенне, экатранспарт, экаваланцёрства, экаспажыванне... У прымяненні да турызму гэтая прыстаўка азначае, як правіла, дзве рэчы. Першая — гэта наведванне нетыповых турыстычных тэрыторый, часта блізкіх да дзікай прыроды. Таму, напрыклад, схадзіць паглядзець Эйфелеву вежу ў Парыжы — гэта не экатурызм, як і прагулкі на вярблюдах вакол пірамід у Гізе. Другая — гэта адпачынак без якой-небудзь шкоды, ці з мінімальнай шкодай для навакольнага асяроддзя, падтрымка мясцовай культуры, спажыванне мясцовых прадуктаў. Культ камфорту, гатэлі «ўсё ўключана», бязмежны шопінг па буціках і супермаркетах — не экатурызм.
Як гэта часта бывае з папулярнымі трэндамі, спачатку экатурызм быў выбарам свядомых адзінак, што кіраваліся найперш ідэйнай матывацыяй: адпачываць самім і даць урэшце адпачыць ад сябе навакольнаму асяроддзю. Потым праз высілкі энтузіястаў ён пераўтварыўся ў модную фішку, а пазней, калі ўладальнікі турыстычных бізнесаў уцямілі, што яго можна манетызаваць, — то і ў цэлую галіну турыстычнай сферы.У Беларусі разнавіднасцю экатурызму можна часткова назваць папулярныя цяпер аграсядзібы. Аднак што ж у Польшчы? У самай папулярнай сярод беларусаў краіне ЕС экалагічны адпачынак можа быць «дзікім» — у нацыянальных парках Бешчадаў і Татраў, можа быць сельскім — у вёсках ля Гіжыцка, а можа быць нават і гарадскім — у гатэлі Chopin Botique у Варшаве. Аднак пра ўсё па чарзе.
Гарады і горы
БешчадыБешчады — частка карпацкага хрыбту на тэрыторыі Польшчы, Славакіі і Украіны і адзін з самых маланаселеных раёнаў Усходняй Еўропы. На тэрыторыі Польшчы ў Бешчадах месціцца нацыянальны запаведнік, дзе ў натуральных умовах жывуць зубры, алені, мядзведзі і ваўкі. Аграсядзібы, пешыя і веласіпедныя маршруты, а таксама самая высокая гара храбту — Тарніца (1346 метраў) — усё там.


ЗакапанэЗакапанэ — самы вядомы горад-курорт Польшчы, які знаходзіцца ў Заходніх Татрах. Для экатурыстаў галоўную каштоўнасць тут уяўляюць, акрамя аўтэнтычнай мясцовай кухні, 250 кіламетраў горных маршрутаў праз даліны, вяршыні і лугі Татранскага нацыянальнага парку. Ён займае больш за 700 квадратных кіламетраў і зараз у ім водзяцца кабаны, ваўкі, мядзведзі, серны і нават рысі. Мясціны гэтыя адносна некранутыя — і ў запаведніку для турыстаў усталяваныя строгія правілы, каб нацыянальны парк і надалей заставаўся выспачкай дзікай прыроды.


ВіслаВісла — гарадок з 11-тысячным насельніцтвам, ціхі і неймаверна зялёны — неверагодных 74% ягонай плошчы займаюць зялёныя насаджэнні. У горадзе і ягонай ваколіцы больш за 400 месцаў, дзе можна спыніцца. Для тых жа, хто ўжо глядзець не можа на горад, ёсць сядзібы ў лесе, з якіх можна выпраўляцца на велашпацыр альбо проста гуляць па наваколлі, любавацца краявідамі.
У мясцовых рэстаранчыках турыста пачастуюць лакальнай кухняй ад карпацкіх горцаў: квасніцай, пляцкамі, варэнікамі з баранінай ды іншымі аўтэнтычнымі стравамі.


ГіжыцкаГорад Гіжыцка ў Варміньска-Мазурскім ваяводстве стаіць на чатырох азёрах і сам нагадвае нешта накшталт порту паміж імі. Усяго ж азёраў у рэгіёне каля тысячы! (але не здзіўляйцеся, бо ў Беларусі — у 11 разоў больш азёраў).
У некалькіх кіламетрах ад Гіжыцка можна зняць цудоўную аграсядзібу ў прыватніка, які яшчэ і прыедзе за вамі ў горад. Жывучы такім чынам, вы не толькі атрымаеце асалоду ад мясцовай прыроды, але і зможаце пакарміцца экалагічна чыстай ежай, якую вырошчваюць гаспадары на сваіх участках, і адчуеце атмасферу месца, звычайна недасяжную для традыцыйных турыстаў.


ВаршаваГэта можа падацца дзіўным, але экалагічна адпачнуць можна нават у сталіцы Польшчы. У цэнтры гораду, у 200 метрах ад вуліцы «Новы Свят» знаходзіцца гатэль Chopin Botique, які адносіцца да тыпу «Ложак і сняданак». Нягледзячы на месцазнаходжанне, мясцовасць гатэлю надзвычай утульная — усе пастаяльцы адзначаюць спакой і цішыню. Гатэль месціцца ў старажытным будынку 1910 года, які перажыў вайну і камуністычную эпоху. Зараз ён стылізаваны пад эпоху Шапэна.
Гаспадары гатэлю клапоцяцца аб навакольным асяроддзі, на ўзроўні, пакуль на жаль, малавядомым для мэйнстрымавых курортаў: збіраюць дажджавую ваду, скідваюць адкіды ежы ў кампосную яму, вырошчваюць свой сад на даху будынку і нават бясплатна даюць сваім пастаяльцам ровары напракат.
Экалагічнасць гатэлю праяўляецца не толькі ў стаўленні да прыроды, але і ў адносінах да людзей. У Chopin Botique дзейнічае рэстаран «Філаксенія», які асабліва падкрэслівае, што галоўным прынцыпам гэтай установы з'яўляецца дыялог культур і адмаўленне ксенафобіі. Госці з усяго свету змогуць пачаставацца ў ім крафтавым півам, польскім віном і арганічнымі прадуктамі.
Ёсць у Chopin Botique і іншыя «плюшкі», не ўласцівыя для іншых месцаў: трансфер з аэрапорта і ў аэрапорт, нумары для тых, хто не паліць, і «шведскі стол» на сняданак з дыетычным меню па запыце, дастаўка ежы і напояў у нумары, не кажучы ўжо пра ًWi-Fi і спадарожнікавае тэлебачанне ў нумарах. Гатэль мае агульны рэйтынг 8,8 на booking.com (а гэта ўжо кажа пра многае!), а ягонае месцазнаходжанне вандроўнікі ацэньваюць увогуле ў 9,4.
Экатурызм — гэта дорага?
Многім падаецца, што альтэрнатыўныя і трэндавыя віды адпачынку — гэта заўжды дорага і непад’ёмна для беларускай кішэні. У выпадку з экатурызмам гэта зусім не так. У Гіжыцка можна без праблем знайсці гасцявыя домікі за 30–40 еўра на суткі. Кошты ў Chopin Botique ужо бліжэй да сярэдніх: стандартны нумар на дваіх у — 78 еўра (340 злотых) на суткі, што, аднак, не завоблачна для цэнтра Варшавы і прапанаванага ўзроўню камфорту.
Таму калі вы лічыце сябе адказным жыхаром гэтай планеты, варта паспрабаваць экатурызм, тым больш, што прадстаўлены вышэй спіс далёка не вычарпальны. Пастаўцеся да прыроды з павагай ужо сёння — і цалкам магчыма, заўтра яна адкажа вам тым жа.