За крок да вайны

Баявыя дзеянні паміж Польшчай і Савецкім Саюзам маглі распачацца за дзесяць гадоў да пачатку Другой сусветнай вайны.

Памежнік КАП

Памежнік КАП


Узняць паўстанне

Увосень 1928 — лета 1929 года ў Варшаву ад польскіх выведнікаў з тэрыторыі Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў накіроўваліся справаздачы, у якіх адзначалася, што насельніцтва Валожынскага павета і іншых памежных з БССР тэрыторый актыўна абмяркоўвае «хуткую» вайну Савецкага Саюза супраць Польшчы.

У красавіку 1929 года ў адной са справаздач выведкі Корпуса аховы памежжа (КАП) падкрэслівалася: «Ян Белы, які жыве ў вёсцы Сукліна, Пліскай гміны, хадзіў у снежні 1928 года ў савецкую Расію. Пасля вяртання ён сабраў давераных людзей і паінфармаваў іх, што савецкая Расія жадае, каб беларусы, што жывуць у Польшчы, паднялі ўвесну паўстанне з мэтай далучыць Заходнюю Беларусь да Расіі. Зброя была б дастаўлена з Расіі». Акрамя гэтага ў дакуменце пазначалася, што «затрыманыя 5 снежня 1928 года дэзерціры з 3-га сапёрнага палка (Войска Польскага) Аляксандр Кураш і Мікалай Апанасевіч на допыце прызналіся, што прадстаўнікі савецкай улады загадалі ім не вяртацца ў полк, а схавацца і вясной рыхтаваць дыверсійныя акты».

Польскія памежнікі на мяжы з СССР

Польскія памежнікі на мяжы з СССР

У чэрвені 1929 года кіраўніцтва Навагрудскага ваяводства накіравала камандаванню 2-й брыгады КАП у Баранавічах ліст, у якім у прыватнасці адзначалася: «З пачатку бягучага года на нашым памежжы можна заўважыць спробы падрыхтоўкі бальшавікамі нейкіх дзеянняў. Пасля выяўлення на Нясвіжскім участку шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі Яна Берташа бальшавіцкія мэты сталі зразумелыя. У апошні час варожыя дзеянні на нашай тэрыторыі пачалі ўзмацняцца». У канцы ліста кіраўніцтва Навагрудскага ваяводства прапанавала польскім памежнікам і вайскоўцам сустрэцца на адмысловай канферэнцыі, абмеркаваць сітуацыю і пачаць выпрацоўваць шляхі вырашэння праблемы.

У гэты час польскія газеты стракацелі загалоўкамі ў стылі «Ліквідацыя шпіёнскай шайкі», «Крывавы напад злодзеяў», «Банда на Віленшчыне трымае мясцовых жыхароў у страху» і гэтак далей. У большасці з гэтых публікацый гутарка ішла пра злодзеяў, так ці інакш звязаных з бальшавікамі. Варта адзначыць, што пасля згортвання так званай «актыўнай выведкі» на тэрыторыі Заходняй Беларусі бальшавікі перайшлі да іншай тактыкі вядзення шпіёнскай вайны супраць Другой Рэчы Паспалітай. Праз «рыжскую мяжу» перакідваліся рэзідэнты, якія павінны былі стварыць шпіёнскую сетку. Актыўна выкарыстоўваліся перабежчыкі з польскага боку, якіх, пасля апрацоўкі ў АДПУ, «вярталі» ў Польшчу. За іх працу плацілі амерыканскімі доларамі. Пры гэтым стаўкі вагаліся ад 15 да 200 долараў. Дарэчы, грошы выплачваліся дробнымі манетамі, каб стваралася ўражанне, што сума вялікая.

Польскі памежнік

Польскі памежнік

У адной з польскіх справаздач адзначалася, што «ў задачу савецкага агента ўваходзіла назіранне за будынкам Камендатуры польскай Дзяржаўнай паліцыі ў Ракаве і пазначэнне ўсіх, хто туды ўваходзіў». Іншы рэзідэнт павінен быў праводзіць назіранне за будынкам, дзе знаходзіліся памежнікі КАП. У абодвух выпадках шпіёны атрымлівалі па 15 амерыканскіх долараў.

У красавіку 1929 года выведнікам КАП у Баранавічах стала вядома, што сярод жыхароў Стоўбцаў, а таксама ваколіц, распаўсюджваліся чуткі, нібыта бальшавікі рыхтуюць напад на памежнае мястэчка. Паводле тых, хто распаўсюджваў гэтую інфармацыю, у Мінск прыехала вялікая колькасць савецкіх дыверсантаў, якія раней дзейнічалі на тэрыторыі Кітая. Пазней гэтых людзей пачалі перакідваць на тэрыторыю Польшчы. У іх задачу ўваходзіла падтрымка ўзброенага выступлення мясцовых жыхароў з ліку беларусаў і ўкраінцаў з мэтай «выклікаць» дыскусію ў Лізе Нацый аб цяжкай сітуацыі нацыянальных меншасцяў на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Польскай памежнай выведцы таксама стала вядома, што ў вёсцы Пагарэлае гміны Свержань распаўсюджвалася інфармацыя, што савецкі ўрад збіраецца раздаваць зямлю былых асаднікаў і памешчыкаў, а таксама надзелы, якія належалі царкве і касцёлу тым беларусам (польскім грамадзянам), якія падтрымаюць дзеянні ўраду СССР і выступяць супраць Польшчы.

Польскія памежнікі, 1930-я гады

Польскія памежнікі, 1930-я гады


Узмацніць лінію «нямецкіх акопаў»

Сітуацыя на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай у гэты час сапраўды была вельмі не стабільнай. У 1927 годзе польскія ўлады забаранілі дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады — адной з найбольш масавых грамадска-палітычных арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі. «Грамада» змагалася за захаванне нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Польшчы. Замест таго, каб выпрацаваць стратэгію паляпшэння стасункаў з беларусамі, Варшава вырашыла жорстка спыніць дзейнасць гэтай арганізацыі. Гэтая памылка паўплывала на жыхароў Заходняй Беларусі, якія сталі часцей з надзеяй паглядаць на Усход.

Польскі прэзідэнт Масціцкі разглядае беларускі лён

Польскі прэзідэнт Масціцкі разглядае беларускі лён

Такія справы прымусілі польскае вайсковае камандаванне рыхтаваць свае гарнізоны на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў на выпадак вайны з СССР. У гэтым сэнсе ключавую ролю на тэрыторыі Заходняй Беларусі адыгрывала 20-я «беларуская» дывізія Войска Польскага. Летам 1927 года супрацоўнікі Генеральнага інспектарата польскіх узброеных сіл правялі вывучэнне тэрыторыі, на якой, у выпадку савецкага ўварвання, прыйшлося б змагацца падраздзяленням дывізіі. Польскія афіцэры наведалі Слонім, Мір, Баранавічы, Івянец, Нясвіж, Навагрудак, Карэлічы і дзясяткі іншых населеных пунктаў.

Польскія пяхотнікі, 1930-я гады

Польскія пяхотнікі, 1930-я гады


 Сыходзячы са справаздачы, якую пакінулі яны, вялікую ўвагу польскія штабісты надавалі стану ўмацаванняў былой «лініі нямецкіх акопаў» (кайзераўскіх доўгатэрміновых умацаванняў часоў Першай сусветнай вайны) у раёне Сталовічы — Крошын — Дарава — Ляхавічы і далей. У выніку афіцэры Войска Польскага вызначылі, што ў выпадку вайны супраць СССР польскія 20-я дывізія пяхоты і 9-я самастойная кавалерыйская брыгада будуць абараняць два ўчасткі: «Баранавічы» — галоўныя лініі камунікацый, пераправы праз Шчару і раён Слоніма; «Навагрудак» — ад мяжы з СССР да Налібоцкай пушчы, Ліды, Зэльвы. У выпадку першага з іх важную ролю адыгрываў раён Слуцкай шашы. Пры гэтым галоўную ролю адыгрывала дарога Клецк — Сіняўка — Мядзведзіца — Ляхавічы — Дарава. На мяжы вялікую ролю адыгрывалі дарогі на мястэчка Лань і Нясвіж, а таксама тракт Нясвіж — Сноў — Сталовічы, і далей на Баранавічы ці на Новую Мыш.

Польскія вайскоўцы таксама адзначалі, што ў раёне ракі Шчара «нямецкія акопы» прыйшлі ў заняпад, аднак у раёне мясцовасці Вонкі шэраг нямецкіх кулямётных ДАКаў усё яшчэ можна выкарыстоўваць. Асаблівую ўвагу палякі надавалі ўмацаванням у раёне Арабаўшчына — Торчыцы — Судары. Варта адзначыць, што ў пачатку 1930-х менавіта тут польскія вайсковыя інжынеры правялі мадэрнізацыю старых нямецкіх і будаўніцтва новых польскіх бункераў. У сваю чаргу, участак «Навагрудак» дзяліўся рэкамі Нёман і Сэрвач на дзве часткі. Вялікую ўвагу надавалі абароне чыгуначнага вузла Стоўбцы, а таксама Налібоцкай пушчы.

Савецкія памежнікі

Савецкія памежнікі


«Чырвоныя» наносяць удар

Вясной 1928 года камандаванне польскага Корпуса аховы памежжа, улічваючы знешнія і ўнутраныя фактары, вырашыла правесці камандна-штабную гульню на картах, падчас якой вызначаўся найбольш верагодны сцэнар ваенных дзеянняў у выпадку нападу СССР на Другую Рэч Паспалітую. Раён, які разглядаўся, уключаў у сябе ўчасткі Нарач — Докшыцы і Койданаў — Дзеляцічы. «Сіні» (польскі) бок прымаў за аснову актуальную дыслакацыю польскіх войскаў. Пры гэтым штаб знаходзіўся ў Маладзечне. Галоўнай мэтай вучэнняў быў разгляд выкарыстання сіл КАП у выпадку савецкага нападу без падтрымкі з боку рэгулярных войскаў. Кіраваў вучэннямі камандуючы КАП генерал Генрых Мінкевіч.

З польскага боку былі наступныя сілы: 4 батальёны КАП, 3 кавалерыйскія эскадроны, 2 артылерыйскія ўзводы і невялікае падраздзяленне паліцыі. Ім супрацьстаялі 3 савецкія памежныя батальёны, 4 батальёны РСЧА, 3 палкі кавалерыі і 1 артылерыйскі дывізіён. Паводле плана, «чырвоны» бок нанёс удар з раёнаў Плешчаніц, Заслаўя, Койданава. Першы з іх ішоў у бок Вілейкі, цэнтральны (галоўны) — у бок Маладзечна, трэці — на Валожын і Налібоцкую пушчу. Пасля памежных баёў польскі бок пачаў канцэнтрацыю тылавых адзінак у раёне Краснае — Валожын. Савецкія войскі «ўвайшлі» на польскую тэрыторыю і пачалі прасоўвацца ўнутр яе, абыходзячы польскія вузлы абароны на мяжы.

Польскія пяхотнікі на манеўрах, 1930-я гады

Польскія пяхотнікі на манеўрах, 1930-я гады

 У першай палове дня «чырвоныя» занялі лінію Івянец — прадмесце Краснага, а полк савецкай кавалерыі ўвайшоў у Вілейку. Адбылося, па сутнасці, тое, што будзе мець месца праз 10 гадоў, у верасні 1939-га. Праўда, у 1929 годзе з савецкага боку не наступалі сотні танкаў і не было моцнай авіяцыйнай падтрымкі.

Кіраўнік вучэннямі адзначыў неэфектыўнае выкарыстанне польскай кавалерыі, а таксама адсутнасць вызначаных абарончых пазіцый у тыле. Польскія афіцэры пачыналі выбіраць пазіцыі для адыходу толькі тады, калі польскія падраздзяленні ўжо адыходзілі на захад пад ударамі «чырвоных». Дарэчы, і «бальшавіцкая кавалерыя» зрабіла памылкі. Замест таго, каб наступаць на Маладзечна, яна ўступіла ў бой супраць «сініх» за Вілейку. Акрамя гэтага былі праблемы і з польскай выведкай, якая не паспявала сачыць за рухамі сіл уварвання.

Савецкі вайсковы парад у Мінску, сярэдзіна 1930-х. гадоў

Савецкі вайсковы парад у Мінску, сярэдзіна 1930-х. гадоў


Вынікі вучэнняў для польскага боку былі далёкімі ад пазітыўных. Некалькі дзён «баёў» прывялі да страты тэрыторыі і да неабходнасці маштабнага адступлення польскіх частак. У сувязі з гэтым у Варшаве задумаліся наконт стварэння другой лініі абароны. Пазней ёй сталі новыя і мадэрнізаваныя ДАКі пад Баранавічамі. У пачатку 1930-х гадоў і савецкі бок адмовіўся ад актыўнага правакавання суседа на Захадзе. У канцы 1920 — пачатку 1930-х гадоў на лініі мяжы з Польшчай у БССР пачалі ўзводзіць лінію доўгатэрміновых агнявых кропак, якія, у выпадку агрэсіі з Захаду, павінны былі стрымаць першы ўдар.

Праз 10 гадоў пасля падзей, пра якія ідзе гаворка ў артыкуле, польскім вайскоўцам і савецкім дыверсантам прыйшлося на практыцы выкарыстаць тэарэтычныя веды, якія тыя назапашвалі ў міжваенны час.

Фота з уласнага архіву аўтара