Эксперт пра сітуацыю ў адукацыі: На чале — «парадак» і «дысцыпліна»

Кандыдат філасофскіх навук, першы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, член грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў у інтэрв'ю газеце «Беларусы і рынак» адзначае, што «падзеі гэтага года і папярэднія ім не ўсяляюць аптымізму, паколькі і так вельмі павольныя рэформы сістэмы адукацыі, хутчэй за ўсё, замарудзяцца яшчэ больш».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Тым не менш, думаю, што нейкі рэфарматарскі трэнд у некаторых пытаннях захаваецца. Зразумела, што гэта толькі мінімум таго, што можна і трэба зрабіць. Я б не перабольшваў значэнне апошніх выказванняў Аляксандра Лукашэнкі. Усё ж такі сістэма адукацыі мае свае патрэбы, доўга ігнараваць якія немагчыма, неабходна неяк на іх адказваць.
Цяпер на парадку дня змены ў Кодэкс аб адукацыі. Што ўжо можна чакаць з боку ўрада, зразумела пасля першага чытання. Хоць ёсць прыклады, калі пасля першага чытання і зацвярджэння дакумент вярталі на поўную перапрацоўку. Так было з даволі ліберальным законам аб вышэйшай адукацыі, які прайшоў усе інстанцыі, а потым распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі быў вернуты на дапрацоўку.
Сумяшчэнне выпускнога і ўступнага экзаменаў, цэнтралізаванае тэставанне (Міністэрства адукацыі спадзяецца яго захаваць, тым больш што з тэставаннем звязана і правядзенне ўступных працэдур) не змогуць вырашыць сур'ёзную праблему нашай адукацыі — сацыяльную дыскрымінацыю моладзі з сацыяльна слабых груп. Гэта відавочна, гэта прызнана, але, на жаль, ніякай рэакцыі да гэтага часу няма.
У нас моладзь з сельскай мясцовасці, дзеці з сем'яў з невысокім прыбыткам, дзеці з інваліднасцю фактычна абмежаваныя ў магчымасці паступлення ў ВНУ. Зразумела чаму: якасць навучання ў гімназіях і ліцэях, з рэпетытарамі значна вышэйшая, чым у тых, хто вучыцца ў сельскай мясцовасці або не карыстаецца паслугамі рэпетытараў па прычыне адсутнасці грошай. Раздзельны конкурс для гарадской і сельскай моладзі пры паступленні быў ліквідаваны ў 2014 годзе.
Даследаванне PISA, праведзенае у 2018 годзе і апублікаванае ў 2020-м, паказала, што ў нас разрыў паміж выпускнікамі гарадскіх і сельскіх школ — тры гады. Гэта вельмі сур'ёзна. І, што асабліва засмучае, праграмы развіцця адукацыі проста ігнаруюць праблему даступнасці і сацыяльнай роўнасці магчымасцяў. Гэтай тэмы наогул няма. У кодэксе ні слова пра гэта, даступнасць адукацыі як найважнейшае сацыяльнае патрабаванне проста адсутнічае. Таму ў якасці нейкага паліятыву з'явілася тэма змены правілаў пры паступленні ў ВНУ. Гаворка ідзе пра тое, што трэба неяк падтрымаць выпускнікоў з сацыяльна слабых груп. Гэта аксіёма еўрапейскай адукацыйнай палітыкі, спецыяльныя інструменты для гэтага ёсць, а ў Беларусі гэтыя інструменты толькі згортваюцца. Вядома, за кошт сумешчанага экзамену або змены правілаў прыёму многага тут не зрабіць. Было абяцана, што ўступная кампанія 2020 года будзе ўлічваць праблему даступнасці, але гэтага не адбылося ні ў 2020 годзе, ні ў 2021-м. І гэта тычыцца тых групаў насельніцтва, якія доўгі час разглядаліся як сацыяльная база цяперашняй улады. Заўважу, што з'ява пераходзіць і ў культурную дыскрымінацыю. У нас жа большасць тых, хто вучыцца на беларускай мове, — навучэнцы сельскіх школ. Гэта значыць, у гэтым сэнсе дыскрымінуецца і беларуская мова.
Пэўнае дасягненне — легалізацыя дыстанцыйнай адукацыі на ўсіх узроўнях. Трэба сказаць, што гэта патрабаванне было вылучана яшчэ ў 2013 годзе на парламенцкіх слуханнях. Пандэмія 2020 года трошкі падштурхнула да гэтага, але адначасова выявіла поўную негатоўнасць Міністэрства адукацыі да такога выкліку і няздольнасць хутка адаптавацца. Грамадскі ж адказ быў уражлівым.
Наогул, наўрад ці варта чакаць сур'ёзных станоўчых зменаў у нашай сістэме адукацыі, калі цяпер на чале пастаўленыя «парадак і дысцыпліна».