«Сказалі, нібыта на мяне заведзена нейкая справа». Настаўніцу вясковай школы прымусілі звольніцца пасля амаль 30 гадоў бездакорнай працы
У Слуцкім раёне прымусілі звольніцца крэатыўную настаўніцу працы Замосцкай школы.
«Крэатыўныя настаўнікі» — гэта словаспалучэнне ўзята мною з рэпартажу карэспандэнта дзяржаўнай газеты «Слуцкі край» пра адзін семінар для настаўнікаў працы, які адбыўся ў Слуцку некалькі гадоў таму і на якім прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і ўпраўлення аддзела адукацыі Мінскага аблвыканкама. Падчас паказальнага семінару слуцкія настаўнікі, крэатыўныя майстры сваёй справы, дзяліліся дасягненнямі. Газета напісала пра іх як пра людзей, захопленых сваёй справай і здольных зацікавіць дзяцей і развіваць іх творчы патэнцыял.
Аксана Нямковіч з вучнямі
Настаўніца працы з Замосцкай школы Аксана Нямковіч была адным з такіх педагогаў. На тым семінары яна арганізавала майстар-клас па валенні воўны і выставу работ дзяцей. Яе вырабы з воўны — сапраўдныя шэдэўры. Яна ўмее стварыць проста з валаконцаў любыя рэчы: прадметы жаночага гардэробу, хатні абутак, пано, упрыгажэнні. Ды што заўгодна!
— Я скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педуніверсітэта, і з 1992 года адпрацавала 29 гадоў на адным месцы — у Замосцкай сярэдняй школе, — распавядае звольненая настаўніца. — Маю толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы, з’яўляюся настаўнікам вышэйшай катэгорыі. Вяла ўрокі працы, чарчэнне, выяўленчае мастацтва. Сваю справу і дзяцей люблю, канфліктаў ні з вучнямі, ні з бацькамі, ні з калегамі не было. Вясной мінулага года школа прайшла акрэдытацыю, задачай якой было пацвердзіць свае заслугі. На гэтай акрэдытацыі былі прадстаўлены мае выстава і майстар-клас. Таксама я ўдзельнічала вясной гэтага года ў даследчым конкурсе, мая вучаніца заняла першае месца і атрымала дыплом 1-й ступені.
Але 1 верасня гэтага навучальнага года дзверы ў школу для Аксаны Нямковіч былі закрытыя. Па раёне пайшлі чуткі, што настаўніцу звольнілі са школы. Каб спраўдзіць інфармацыю, карэспандэнт НЧ звязалася з дырэктаркай Замосцкай школы Анжалікай Валер'еўнай Лабковіч. Дырэктар школы коратка праінфармавала, што Нямковіч Аксана Канстанціўна добра працавала ў школе, ніякіх прэтэнзій да яе працы яна не мае, і што настаўніца напісала 17 жніўня 2021 года заяву на звальненне па «пагадненні бакоў».
Што ж прымусіла настаўніцу сельскай школы напісаць такую заяву? Ці сапраўды яе зыход быў добраахвотным?
Па словах ужо былой настаўніцы працы, яе звальненне — вымушанае.
«У маі гэтага года ў школу прыходзілі два супрацоўнікі міліцыі. Паклікалі ў кабінет дырэктара. Праверылі мае адрасныя даныя і сямейнае становішча, нумар тэлефона і г.д. Паведамілі, што нібыта будуць мяняцца пашпарты і такую інфармацыю правяраюць не толькі ў мяне. Але нікога з іншых настаўнікаў гэтая праверка не зачапіла.
Лета было спакойным. Малодшаму сыну 25 гадоў, летам ён з’ехаў за мяжу, не адслужыў у арміі. Мне тэлефанавалі і пыталіся, чаму ён з’ехаў? Я адказала, што ён ужо дарослы чалавек і сам за сябе адказвае. 15 жніўня дырэктарка заявіла, што яе і начальніка аддзела адукацыі Слуцкага раёна Нядзельку выклікалі ў райвыканкам. Сказала, што нібыта на мяне заведзена нейкая справа, і я не павінна выходзіць на працу. Якая справа — нічога канкрэтна не патлумачыла. Я думала, што, мо, з-за таго, што калісьці выказала сваю думку пра мінулагоднія падзеі ў жніўні — будучы праездам у Слуцку, крышку пастаяла і паглядзела на людзей, якія там збіраліся…
17 жніўня дырэктарка прапанавала напісаць заяву на звальненне «па пагадненні бакоў». Я разумела, што калі не звольнюся так, усё роўна знойдуць прычыну і не дадуць магчымасці нармальна працаваць. Параілася з сям'ёй, яны выступілі за звальненне.
Першыя дні пасля звальнення была ў абсалютным шоку, захлынала крыўда, было крыху страшнавата. Шмат калег мяне падтрымалі добрым словам, суцяшэннем.
Цяпер крыху «акліматызавалася», духоўна дапамагае выжываць мая творчасць. Як валяла воўну, так і валяю. Маю і нейкія планы на будучыню. Адны дзверы зачыняюцца, а другія адчыняюцца…»