Міністр адукацыі – пра «ўрокі патрыятызму» і ваенрукоў у школах: «Нічога дрэннага няма, што ў школе з'явіцца яшчэ адзін мужчына»

Міністр адукацыі Ігар Карпенка распавёў пра новаўвядзенні ў працы школ. Паводле яго слоў, школьныя ваенрукі будуць займацца ўсімі пытаннямі бяспекі (у тым ліку і пажарнай). Факультатыў пра патрыятызм і духоўнасць, па словах міністра, будзе заснаваны не толькі на праваслаўі, і наведванне яго добраахвотнае. Пра гэта ён распавёў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

ne_polskaya_shkola_1280x720.jpg

«Калі ўсе бацькі захочуць давесці сваё дзіця да класа – будзе калапс»

Ігар Карпенка пракаментаваў паведамленні аб тым, што «бацькам забаранілі нібыта знаёміцца з арганізацыяй адукацыйнага працэсу».
«Гэта не зусім так, гэтая норма засталася. Адзінае, мы яе ўдакладнілі: парадак азнаямлення будзе вызначаць установа адукацыі — як і ў якой форме гэта лепш зрабіць. Пагадзіцеся са мной: дапусцім, у гэтай школе больш за тысячу чалавек займаецца. Калі ўсё за адзін раз разам са школьнікамі з раніцы захочуць зайсці і давесці сваё дзіця да класа, то тут будзе калапс», — мяркуе кіраўнік Міністэрства.
Па словах Ігара Карпенкі, дырэктар і выкладчык школы гатовыя адказаць на любое пытанне бацькоў у шосты школьны дзень, пасля ўрокаў, падчас прыёму грамадзян або на бацькоўскім сходзе.

«Патрыятызм заснаваны не толькі на памяці аб Вялікай Айчыннай вайне»

З гэтага навучальнага года ў 5–6 класах уводзяць факультатыў «Асновы духоўна-маральнага выхавання і патрыятызму». Спецыяльна для такіх урокаў Міністэрства адукацыі і праваслаўная царква стварылі падручнік «Духоўнасць і патрыятызм».
«Мы звярнулі ўвагу, што патрыятызм заснаваны не толькі на памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Ён мае больш глыбінныя карані, пераклікаецца з пэўнымі хрысціянскімі каштоўнасцямі», — распавёў міністр адукацыі ў інтэрвʼю.
Ігар Карпенка кажа, што бачыў каментары аб тым, што «бацюшкі прыйдуць у школы». Паводле яго слоў «бацюшкі і да гэтага прыходзілі ў школу, і не толькі бацюшкі», але і прадстаўнікі іншых канфесій. Міністр прапанаваў не «прыпісваць» факультатыў «выключна праваслаўю». Паводле яго слоў, курс заснаваны на хрысціянскіх каштоўнасцях — «а гэта шырэй, чым толькі праваслаўе».
«І потым гэты факультатыў, ён жа не абавязковы, гэта па выбары. У тым ліку выбар ажыццяўляюць не толькі самі навучэнцы, але і іх бацькі», — нагадаў ён.

«Ваенрук будзе забяспечваць бяспеку ў школе»

З 1 верасня ва ўсіх школах краіны павінны зʼявіцца ваенрукі, а дакладней, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні.
«Ваенрук будзе выконваць розныя функцыі, у тым ліку забеспячэнне бяспекі ў школе, функцыянаванне ўсіх сістэм бяспекі: пачынаючы ад прапускнога рэжыму, заканчваючы пытаннямі пажарнай бяспекі, тэхнічнай бяспекі і гэтак далей. І нічога ў гэтым, напэўна, дрэннага няма, што ў школе зʼявіцца яшчэ адзін мужчына», — лічыць Ігар Карпенка.
Па словах аўтараў сюжэту на «Беларусь 1», ваенрукі зʼявяцца ва ўсіх школах, дзе вучыцца больш за 50 дзяцей. Па ўсёй краіне такіх спецыялістаў будзе больш за 1700.
«Мы тут не гонімся за нейкай колькасцю. З 1 верасня толькі гэтая пасада ўведзена. Таму цяпер ідзе падбор [супрацоўнікаў]», — распавёў міністр адукацыі.