Эксперты: 20% беларускіх выпускнікоў не паказваюць свае замежныя дыпломы

Працэдура адаптавання замежных дыпломаў застаецца складанай. На сёння чым вышэйшая ступень адукацыі выпускніка, тым складаней яму пацвердзіць свой дыплом.

stud_logo_1.jpg

Колькасць беларускіх студэнтаў, што едуць вучыцца за мяжу, павялічваецца. Пры гэтым лік жадаючых вярнуцца ў Беларусь у параўнанні з 2016 годам паменшыўся на 10—12%. Калі раней гэта было 57%, то цяпер — крыху больш за 40%. Яны звязваюць гэта з бесперспектыўнасцю і адсутнасцю магчмымасці працаўладкавацца на радзіме. Толькі 17% з тых, хто вярнуўся, працуюць па сваёй спецыяльнасці. Каля 20% проста не паказваюць свае замежныя дыпломы.
Такія лічбы прагучалі падчас прэзентацыі пілотнага сацыялагічнага даследавання па праблеме працаўладкавання беларускіх выпускнікоў замежных універсітэтаў і стыпендыяльных праграм ад агенцтва  «Тваё заўтра», якая прайшла ў Прэс-клубе Беларусі. Даследаванне праводзіла група сацыёлагаў пад кіраўніцтвам эксперта, доктара палітычных навук, прафесара Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоля Лысюка, які і прадставіў вынікі працы.

p3054125_logo.jpg

Анатоль Лысюк

Агенцтва «Тваё заўтра» праводзіць адвакацыю для беларускіх выпускнікоў замежных ВНУ, паколькі на радзіме яны не маюць ніякіх прэферэнцый. Па словах дырэктаркі агенцтва Іны Кулей, колькасць беларускіх студэнтаў, якія выязджаюць вучыцца за мяжу, пастаянна павялічваецца. Паводле дадзеных ЮНЕСКА, колькасць тых, хто з’ехаў у заходнія краіны, з 2016 года вырасла на 15%. У лідарах сярод гэтых краін — Польшча, другую пазіцыю дзеляць паміж сабой ЗША і Вялікабрытанія. Але пры гэтым 70% моладзі, якая з’язджае вучыцца за мяжу, накіроўваюцца ў Расію: там няма моўнага бар’еру, адносна лёгкае паступленне і абарона дыпломаў.

Іна Кулей

Іна Кулей

Прадстаўленае даследаванне — агульнанацыянальнае, яно грунтуецца на апытванні экспертаў (сярод іх — дзяржслужачыя, людзі, якія працуюць у сістэме адукацыі, лідары меркаванняў і прадстаўнікі бізнес-структур), а таксама грамадзян Беларусі. Усяго было апытана 55 экспертаў і 505 жыхароў розных рэгіёнаў краіны паводле квотнай выбаркі. Ім прапанавалі адказаць на наступныя пытанні.
Якую ацэнку можна даць сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі? Экспертная група (больш за 54%) мяркуе, што яе можна лічыць якаснай толькі па асобных спецыяльнасцях. Грамадзяне ж у большасці сваёй (амаль 60%) задаволеныя ўзроўнем вышэйшай адукацыі ў нашай краіне.

adukacyja1_1.png

Што перашкаджае атрыманню якаснай адукацыі ў Беларусі? Эксперты адзначаюць, што ў першую чаргу — бюракратызацыя і ідэалагізацыя вучэбнага працэсу. Другі параметр — адсутнасць матывацыі ў акадэмічнай супольнасці. Гэта тычыцца не толькі зарплат, а ўвогуле сістэмы стымулаў ва ўніверсітэтах. Яшчэ адзін момант — адсутнасць інтэграцы нашых універсітэтаў у сусветную адукацыйную прастору. Інтэнсіўных прафесійных сувязаў паміж беларускімі і замежнымі ВНУ амаль што няма. Як правіла, прадстаўнікі беларускіх універсітэтаў не ведаюць замежных моваў, без якіх такая камунікацыя проста немагчымая. Грамадзяне пры апытанні таксама сказалі пра адсутнасць сувязяў, слабую базу і нізкі статус універсітэцкага выкладчыка.
Дзе можна атрымаць добрую вышэйшую адукацыю — у Беларусі ці за мяжой? Асноўная маса рэспандэнтаў мяркуе, што гэта залежыць ад універсітэту і ад спецыяльнасці. Але толькі 7% экспертаў і крыху менш за 15% грамадзян адказалі, што ў Беларусі.

adukacyja3_1.png

Атрымліваць адукацыю за мяжой — гэта добра гэта ці дрэнна? Амаль палова апытаных грамадзян і экспертаў ацэньваюць факт навучання тысяч беларусаў у замежжы станоўча. Адмоўна да гэтага ставяцца каля 3% апытаных грамадзян і 9% экспертаў.

adukacyja4.png

Якія плюсы нясе навучанне за мяжой? Са станоўчых момантаў рэспандэнты адзначылі наступныя: атрыманне якаснай адукацыі, балонскі дыплом, павышэнне канкурэнтнасці на рынку працы. Тое, што маладыя людзі могуць пажыць у розных краінах, таксама залічылі як карысны досвед. Плюс пашырэнне культурнага далягляду, далучэнне да еўрапейскіх каштоўнасцяў, вырашэнне асабістых праблем (атрыманне грамадзянства ці віда на жыхарства, стварэнне сям’і). Сюды ж дадалі новыя магчымасці для асабістай самарэалізацыі і творчага мыслення, далучэнне да дэмакратычных каштоўнасцяў, валоданне замежнымі мовамі, большую самастойнасць і адказнасць, а таксама здольнасць працаваць «на краіну» тых, хо вяртаецца.
А якія адмоўныя бакі? Перадусім — уцечка мазгоў, абмежаванне стасункаў з сям’ёй і блізкімі, скалданасці адаптацыі да іншага менталітэту, цяжкасці працаўладкавання.
Якая верагоднасць вяртання ў краіну беларусаў, якія атрымалі дыпомы за мяжой? Сёння каля паловы і экспертаў, і грамадзян лічаць, што вернуцца адзінкі (і маюць рацыю). Вяртанне на радзіму, на іх думку, будзе звязана з пераменамі ў краіне — пра гэта кажуць амаль 42% экспертаў і 35% грамадзян. Пры гэтым эксперты лічаць, што беларуская дзяржава не зацікаўлена ў вяртанні моладзі на радзіму. А грамадзяне думаюць наадварот. Што праўда, на сённяшні дзень не ўдалося назваць ніякіх крокаў з боку ўладаў для стымулявання вяртання студэнтаў з-за мяжы.

adukacyja5.png

adukacyja6.png

А што могуць зрабіць улады? Меркаванні экспертаў і грамадзян раздзяліліся. Першыя перакананыя, што ўсё будзе залежаць ад змен у Беларусі ў еўрапейскім фармаце, у краіне павінна з’явіцца запатарбаванасць у разумных маладых беларусах. Важную ролю адыгрывае і павышэнне ўзроўню даходаў. Важны параметр у адказах экспертаў — пабудова рынкавай эканомікі заходняга ўзору. Грамадзяне ж на першае месца ставяць павышэнне ўзроўню даходаў. А вось у дух патрыятызму маладых беларусаў рэспандэнты гэтай катэгорыі не вераць.

adukacyja7.png

Што ўвогуле прымушае беларусаў з’язджаць? Усё проста: яны думаюць пра лепшае жыццё для сябе і атрыманне дыпломаў высокай якасці. Частка публікі з’язджае з розных прычын некамфортнасці жыцця ў Беларусі. А многія імкнуцца атрымаць добрую прафесію, каб потым вярнуцца ў Беларусь. Праўда, у іх вяртанне, як ужо адзначалася, вераць зусім не многія.

adukacyja8.png

Ці патрэбна Беларусі пераймаць досвед Кітая, які адпраўляе сваіх студэнтаў на вучобу за мяжу? Большасць экспертаў (69,1%) і грамадзян (76,4%) лічаць, што патрэбна. І толькі 5 і 6 % экспертаў і грамадзян адпаведна думаюць, што не.

adukacyja9.png

Для чаго пасылаць студэнтаў за мяжу? Эксперты ў большасці мяркуюць, што для таго, каб рэфармаваць краіну. На другім і наступных месцах — каб атрымаць спецыялістаў новага ўзроўню, доступ да найноўшых заходніх тэхналогій, пераняць новыя прафесійныя і этычныя стандарты. Нежаданне адпраўляць маладых беларусаў у замежжа звязана з тым, што «з’едуць добрыя дзеці — шкада», а таксама з магчымымі рызыкамі.

adukacyja10.png

Ці магчыма паспяховае рэфармаванне сучаснай Беларусі без спецыялістаў, якія атрымалі адукацыю ці павысілі сваюц кваліфікацыю за мяжой? Эксперты перакананыя, што немагчыма (60%), і таго ж меркавання прытрымліваюцца 40% грамадзян.

adukacyja12.png

Якой мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця варта прытрымлівацца Беларусі? Эксперты — за арыентацыю на еўрапейскі шлях, грамадзяне — за ўласную, беларускую мадэль развіцця. Сярод грамадзян знайшліся і такія, хто захацеў вярнуцца да савецкіх сацыяльна-эканамічных стандартаў (5%), і хто выказаўся за ўваходжанне ў склад Расіі (4,6%).

adukacyja13.png

Куды лепш ехаць? Большасць як экспертаў, так і грамадзян у гэтым пытанні падтрымалі краіны Еўразвязу і ЗША. Але немалая доля — каля 20% — нечакана выказалася за Кітай. А вось Расія як мадэль адукацыі нецікавая ні экспертам, ні грамадзянам. Тым не менш мы памятаем, што 70% з’ехаўшых з Беларусі студэнтаў навучаюцца менавіта ў Расіі.

adukacyja14.png

Якія спецыялісты неабходня сучаснай Беларусі? У адказах грамадзян і экспертаў на гэтае пытанне — істотны разрыў. У першую чаргу нам патрэбныя медыкі, інжынеры, ІТ-спецыялісты, мяркуюць грамадзяне. А ў экспертаў на першы план выходзяць людзі, якія могуць рэгуляваць сацыяльныя працэсы: кіраўнікі, эканамісты, фінансісты, і толькі потым ідуць інжынеры і медыкі.

adukacyja15.png

Якія арганізацыі гатовыя прыняць на працу замежных выпускнікоў? Адназначна не дзяржаўныя і не аналітычныя цэнтры — туды, як правіла, бяруць «сваіх». А вось бзнес, банкавыя і фінансавыя арганізацыі, беларускія «фабрыкі думак» адкрытыя для беларускіх выпускнікоў замежных ВНУ з крэатыўным мысленнем.

adukacyja16.png

Наколькі ўвогуле неабходна ствараць спецыяльныя дзяржпраграмы па вяртанні беларускіх выпускнікоў замежных ВНУ? Каля 60% і экспертаў, і грамадзян лічаць, што гэта рабіць неабходна. Але для гэтага трэба ствараць стымулы: гарантаваныя працоўныя месцы з усімі ўвовамі для самарэалізацыі, падтрымка кар’ернага росту, аплата навучання, стварэнне спецыяльных сервісаў для выпускнікоў, дзе б размяшчаліся прапановы для працаўладкавання.

adukacyja17.png

Хто павінен займацца працаўладкаваннем выпускнікоў замежных ВНУ? За гэта павінны адказваць тыя ж дзяржаўныя структуры, што і цяпер — Міністэрства адукацыі, выканкамы і інш., лічаць грамадзяне. А вось эксперты мяркуюць інакш: значная іх частка называе спецыялізаваныя некамерцыйныя агенцтвы ці сервісы пры саюзах прадпрымальнікаў.

adukacyja19.png


adukacyja18.png

Нямалая частка беларусаў, што навучаюцца за мяжой, атрымліваюць стыпендыі (але не ад Беларусі). Для чаго гэта робіцца? Эксперты перакананыя, што замежжа зацікаўлена ў тым, каб добрыя мазгі засталіся ў пэўнай краіне ці ў пэўным універсітэце. Жаданне дапамагчы людзям, якім неабходна падтрымка, эксперты паставілі на другую пазіцыю ў сваім рэйтынгу, а грамадзяне — на першую.

adukacyja20.png

Напрыканцы застаецца дадаць, што агенцтва «Тваё заўтра» праводзіла экспертныя круглыя сталы з прадстаўнікамі міністэрстваў адукацыі і замежных спраў па праблеме працаўладкавання беларускіх студэнтаў з замежнымі дыпломамі, падчас якіх выказвалася думка, што яе павінна ўрэгуляваць дэмаграфічная дзяржаўная праграма. Але пакуль, на жаль, такой праграмы няма. Таму працэдура адаптавання замежных дыпломаў да беларускіх застаецца складанай. На сёння чым вышэйшая ступень адукацыі выпускніка, тым складаней яму пацвердзіць свой дыплом, асабліва гэта тычыцца кандыдацкіх і доктарскіх ступеняў, дзе часцей за ўсё, каб іх прызналі ў Беларусі, даводзіцца наноў пераздаваць усе іспыты.