«Феміністкі не стануць бегаць за табой з сякерай»

Барацьба за правы жанчын уздзейнічае на грамадства ў цэлым, скідвае нейкія чаканні грамадства з мужчын. Калі жанчына можа зараб­ляць, мужчына перастае быць «здабытчыкам». Калі жанчына служыць у войску, мужчына — больш не «абаронца Айчыны». 

Артур Камароўскі. Фота: Макс Кот

Артур Камароўскі. Фота: Макс Кот


На трэці фемінісцкі фестываль «Рэбры Евы» ў Санкт-Пецярбург з Беларусі прыехалі тры групы актывістаў, адна з іх — мінскі ВІА «Красный борщевик». Артур Камароўскі, удзельнік гэтага гурта, быў адзіным хлопцам з Беларусі — і наогул адзіным на фэсце ўдзельнікам мужчынскага полу. Але адразу трэба сказаць, што Артур адмовіўся ад вызначэння «мужчына» і адносіць сябе да квіру.

Застаёмся квіраваць

Артур наведвае квір-арт-майстэрню праекта MAKEOUT, прысвечанага гендару і сексуальнасці. Ён зазначае, што насамрэч дзейнасць праекта больш шырокая: супраціў любой дыскрымінацыі. Што да адмаўлення сябе мужчынам — гэта звязана не столькі з сексуальнасцю і гендарам, колькі з уціскам грамадства, калі сам факт, што біялагічна ты прыналежыш да пэўнага полу, звязвае па руках і нагах. Артур згадаў Джудзіт Батлер, якая пісала: калі нараджаецца дзіця, грамадства адразу ж пачынае канструяваць яму ідэнтычнасць. Хлопчыка спавіваюць блакітнай стужкай, дзяўчынку — ружовай, і гэтак далей.

— Квір выходзіць за межы бінарнай, гетэранарматыўнай сістэмы. Гэта пытанне філасофіі і этыкі, пытанне ідэнтычнасці. Дакладней, ідэнтычнасці ты якраз не маеш, толькі набор прыкметаў. Таму квір-тэорыя яшчэ і пра тое, што да ўсяго трэба падыходзіць крытычна, — кажа Артур.

Да квіру ён прыйшоў паступова. Ні карэнных пераломаў, ні раптоўнага прасвятлення. Толькі штодзённы побытавы ўціск:

— Пасля дваццаці ты штодзень чуеш пытанні: калі ажэнішся, калі завядзеш дзяцей? Калі ты адзіны хлопец у філфакаўскай групе, цябе па змоўчанні лічаць «абаронцам» і прасоўваюць у авангард. На працы ў мужчынскай кампаніі пастаянна чуеш сексісцкія, ксенафобскія і гамафобскія жартачкі.

Артур рос без бацькі, і я спыталася: як ён ставіцца да пашыранага меркавання пра тое, што квір ці прыналежнасць да ЛГБТ — наступства таго, што называецца «адсутнасцю мужчынскага ўплыву». Згадалі камічны выпадак на папулярным беларускім партале, дзе апублікавалі гісторыі квір-людзей, а ў давесак (без узгаднення з аўтарам матэрыялу) — каментар псіхолага, які яскрава прадэманстраваў патрыярхальнае мысленне.

— Гэта любімы канёк нашага грамадства: не разумееш з’яву — вінаваць сям’ю, асабліва — маці-адзіночку. Той самы каментар псіхолага — падстрахоўка, каб не падацца занадта ліберальнымі і лявацкімі. Так, у пэўнай ступені ўплыў сямейных абставінаў ёсць. Асабліва калі бацькі — закладнікі гендарных стэрэатыпаў. Але, па-першае, ты не знаходзішся выключна ў сям’і, ізаляваны ад астатняга свету. Па-другое, з пункту гледжання квір-тэорыі — якая розніца, толькі маці ў цябе ці бацька? Гэта проста чалавек. Не ад полу залежыць, што ён табе дасць, — разважае Артур.

Фота: Макс Кот

Фота: Макс Кот


Пётр І варыць боршч

ВІА «Красный борщевик» — арт-група, якую для ўдзелу ў фем-фестывалі стварылі ўдзель­нікі квір-арт-майстэрні MAKEOUT. Назва з’явілася ад спалучэння «Красного пищевика», баршчу і знакамітай расліны. ВІА — бо ўдзельнікі паказвалі перформансы, дзе цела — галоўны інструмент.

— Некаторыя феміністкі кажуць, што гэта толькі іх барацьба… Але гучыць гэта як «я чалавек з інваліднасцю, таму толькі я магу змагацца за правы інвалідаў». Барацьба за правы жанчын уздзейнічае на грамадства ў цэлым, скідвае нейкія чаканні грамадства з мужчын. Калі жанчына можа зараб­ляць, мужчына перастае быць «здабытчыкам». Калі жанчына служыць у войску, мужчына — больш не «абаронца Айчыны». У Беларусі прафеміністы (мужчыны, якія падтрымліваюць фемінізм) не такая ўжо рэдкасць: Андрэй Завалей, Кірыл Калбаснікаў, Нік Анціпаў… Мне здаецца, калі зрабіць апытанку сярод мужчын, палова высту­піць у падтрымку фем-руху.

Пры гэтым у нас слабая асветніцкая частка. Многім феміністкі ўсё яшчэ бачацца жанчынамі, якія хочуць знішчыць ненавісных мужчын. Вельмі варварскае ўяўленне. Калі для многіх еўрапейскіх краін фемінізм — звыклая з’ява, то ў нас усё яшчэ трэба тлумачыць, што феміністкі не стануць бегаць за табой з сякерай.

Я падтрымліваю кірунак інтэрсекцыянальнага фемінізму (тэрмін Кімберлі Крыншоў). Нельга казаць толькі пра адну дыскрымінацыю, якую зведвае жанчына. Напрыклад, ты можаш быць цемнаскурай лесбіянкай з інваліднасцю. Вобраз, канечне, канцэнтраваны, але ім лёгка патлумачыць накладанне дыскрымінацый.

 Фота: Наста Голікава

 Фота: Наста Голікава

«Рэбры Евы» — інтэрнацыянальны фестываль: групы з Расіі, Беларусі, Фінляндыі, самотная жанчына з Кыргызстана. Тэмы — самыя разнастайныя.

— Удзельніцы з Масквы паднялі праблему жанчын-палітвязняў. Чыталі п’есу пра менструацыю. Праводзілі перформанс «Счастье материнства»: драматургіня сабрала матэрыял на тэму «што значыць быць маці», і шчаслівых гісторый не знайшлося. Можа, выпадковасць, а можа — аб’ектыўная праўда: ніхто пра такое не кажа ўголас. Гучала гісторыя пра жанчыну, якая выйшла замуж і з’ехала ў Швецыю. Сваёй сястры яна дасылала здымкі, на якіх бачылася райскае жыццё. Аднойчы пасля вячэры гэтая жанчына сказала мужу: мне трэба пабыць адной. Калі муж вярнуўся, ён убачыў, што жонка засілілася. Засталося трое дзяцей.

Мы паказвалі перформанс пра мізагінію — як жанчыны прыціскаюць іншых жанчын. Перформерка чытала кнігу «Другі пол» Сімоны дэ Бавуар, і ў той жа час яе пераапраналі ў традыцыйную дзевачкавую апратку… З яе рабілі не тую, кім яна сябе адчувала, — рабілі «удобную в быту». Паказвалі відэаперформанс пра тое, як на працягу жыцця жанчыну лапаюць мужчыны, і сімвалічныя брудныя сляды, што застаюцца на целе, нікуды не знікаюць.

 Фота: Наста Голікава

 Фота: Наста Голікава


Яшчэ адна акцыя была «пра боршч». Мы частавалі ім людзей на вуліцах Піцера. Разам з тым пыталіся: хто ў вашай сям’і выконвае хатнія абавязкі? Адна жанчына страшна абуралася, што ў баршчы няма мяса: мяса мусіць быць, бо жанчына павінна быць моцнай! І ўвесь час выпытвала, хто за намі ста­іць… Быў мужчына ў касцюме Пятра І. Ён сказаў, што варыць боршч сам. У цэлым заўважна, што людзі не задумваюцца, чаму хатнія абавязкі ляжаць на жанчыне. Проста так ёсць.

Многія сяброўкі пыталіся: чаму ты не думаеш, што жанчыне гэта можа падабацца? Гатаваць, займацца хатняй гаспадаркай?.. Мне ў такі расклад не верыцца. Варта паставіць пытанне інакш: чаму яны так вырашылі? Можа, маці ўклала ў галаву «традыцыйныя каштоўнасці»? Ці муж сказаў: я зарабляю — ты сядзіш дома? Так, ёсць у мяне сяброўка, якая любіць «хатнія клопаты», але гэтым яна не абмяжоўваецца.


Гвалтоўныя «каштоўнасці»

У Мінску «Красный борщевик» плануе правесці перформанс «Месца крыку».

— Крык — гэта пра людзей, якія зведваюць дыскрымінацыю. Іх выключаюць з публічнага дыскурсу, ім не даюць слова. Крыкам мы абазначылі сябе, прысвоілі частку публічнай прасторы.

Гэты перфоманс паказвалі ў Піцеры. Было страшна, але там больш бяспечна, чым у Мінску, — патрулі не ходзяць кожныя дзесяць хвілін.

Што да «традыцыйных каштоўнасцяў» — я не ведаю, што гэта такое. Мне падаецца, набор словаў, вельмі зручных для маніпуляцый у руках тых, хто мае ўладу. І пра якія канкрэтна «традыцыйныя каштоўнасці» размова? У нас іх столькі!.. Напрыклад, часоў Сярэднявечча.

Для Беларусі самая актуальная праблема — хатні гвалт і эканамічная дыскрымінацыя, аднолькавыя магчымасці для жанчын і мужчын у прафесійнай сферы.

Артур Камароўскі. Фота: Макс Кот

Артур Камароўскі. Фота: Макс Кот

Я не з тых, хто сядзеў у зоне камфорту, а потым увесь такі прыгожы выйшаў змагацца за правы жанчын. Я сам — сведка дыскрымінацыі. І гэта было не за чужымі дзвярыма, а з маёй маці. Так, я бачыў хатні гвалт і ведаю, што гэта. Ведаю, што ў маім родным Міры гэта адбываецца з многімі жанчынамі, пастаянна. Ведаю маміну сяброўку, якую збіваў сужыцель. Да такой ступені, што яна не магла ісці, проста паўзла ад яго, уся сіняя. Але была залежная і кожны раз вярталася. Яшчэ прыклад: мая бабуля. Я быў зусім малы. У час сваркі сужыцель бабулі пакалаціў яе і пайшоў з хаты. А бабуля пабегла за ім і прасіла, каб вярнуўся. І мне шкада было абаіх.

Калі я распавядаю пра дыскрымінацыю жанчын, мне часам кажуць: ну давай, прывядзі хоць адзін прыклад!.. Мяне гэта крыху злуе: цябе як быццам змушаюць апраўдвацца. Але калі трэба, я прыводжу прыклады. Іх хапае.