FIDH і ПЦ «Вясна» асуджаюць чарговую атаку на незалежныя СМІ

FIDH і ПЦ «Вясна» выступілі з сумеснай заявай, у якой асуджаюць чарговую атаку на незалежныя СМІ, што пагражае свабодзе слова ў Беларусі, паведамляе прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

press_12.jpg

9 ліпеня 2021 года, Парыж-Мінск

Учора супрацоўнікі праваахоўных органаў арганізавалі шырокамаштабны наступ на незалежныя СМІ ў Беларусі. У офісах па меншай меры пяці медыя-рэсурсаў былі праведзеныя ператрусы, шэраг іх супрацоўнікаў былі затрыманыя. Супраць супрацоўнікаў «Нашай Нівы», аднаго з найстарэйшых і найбуйнейшых незалежных СМІ Беларусі, былі распачатыя крымінальныя справы, а сайт газеты заблакаваны. Яшчэ двум выданням пагражаюць павесіць цэтлікі экстрэмістаў.

FIDH і «Вясна» асуджаюць бесперапынныя атакі, якія пагражаюць знішчыць апошнія свабодныя СМІ ў Беларусі і тое, што засталося ад свабоды слова і аб'яднанняў у краіне.

Раніцай 8 ліпеня прадстаўнікі беларускіх праваахоўных органаў прыйшлі з ператрусамі ў офіс «Нашай Нівы» [1]. Ператрусы таксама прайшлі ў кватэрах галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, рэдактараў Андрэя Скурко і Андрэя Дынько, а таксама бухгалтаркі Вольгі Раковіч. Усе чацвёра былі затрыманыя ў якасці падазраваных паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Сайт выдання заблакаваны.

Сярод іншых СМІ, у якіх прайшлі ператрусы, — найбуйнейшыя брэсцкія рэгіянальныя выданні: «Брэсцкая газета», «Інтэкс-Прэс» і «Медыя-Палессе». Рэдактар іншага брэсцкага СМІ, «Першы рэгіён», Алег Супрунюк быў неправамерна аштрафаваны за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Раней аналагічныя абвінавачанні былі прад'яўленыя выданню «Інтэкс-Прэс» за публікацыю інтэрв'ю з лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.

Учора прайшлі ператрусы ў кватэрах рэдактара аднаго з найбуйнейшых аршанскіх навінавых парталаў Orsha.eu Ігара Казмерчака і фатографа Дзяніса Дубкова. Абодва былі затрыманыя. Казмерчак падазраецца ў парушэнні арт. 218 Крымінальнага кодэкса («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці»).

18 траўня гэтага года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Беларусі правёў ператрус у найбуйнейшым у краіне незалежным медыя-партале TUT.by, 15 супрацоўнікаў партала былі арыштаваныя [2]. 8 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да іншага сайта, адкрытага камандай TUT.by, якой удалося ўцячы з краіны. Абодва рэсурсы застаюцца недаступнымі з Беларусі. Акрамя таго, Міністэрства ўнутраных спраў запатрабавала прызнаць сайт TUT.by экстрэмісцкім.

Тыя ж абвінавачанні пагражаюць і Telegram-каналу Hrodna.life. У чэрвені 2021 года яго рэдактар Аляксей Шота ўжо атрымаў штраф у памеры 14 500 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

8 і 9 ліпеня прайшлі ператрусы ў кватэрах яшчэ як мінімум чатырох журналістаў, якія працуюць на Onliner, «Белсат» і Bobr.by. Яшчэ адзін незалежны журналіст, Віталь Скрыль, праходзіць па арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). З кожнай гадзінай з'яўляюцца ўсё новыя і новыя факты, і, хутчэй за ўсё, у дадзены момант затрымліваюцца новыя журналісты і праводзяцца ператрусы ў офісах.

Вышэйпаказаныя дзеянні сур'ёзна абмяжоўваюць магчымасці журналістаў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю як індывідуальна, так і ў складзе медыя-структур, што з'яўляецца парушэннем артыкулаў 19 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (свабода слова і свабода аб'яднанняў). FIDH разам са сваёй сяброўскай арганізацыяй у Беларусі, праваабарончым цэнтрам «Вясна», рашуча асуджаюць рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў і заклікаюць беларускія ўлады неадкладна спыніць юрыдычны пераслед СМІ, а міжнародную супольнасць — тэрмінова і рашуча адрэагаваць на тое, што адбываецца.

[1] Пакуль невядома, хто менавіта праводзіў ператрус, хутчэй за ўсё, цэнтральны апарат Міністэрства ўнутраных спраў і/або ГУБАЗіК, дэпартамент па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю.

[2] У тым ліку дырэктарка Людміла Чэкіна, намесніца дырэктара Ірына Рыбалка, галоўная рэдактарка Марына Золатава, рэдактарка аддзела палітыкі Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова, а таксама бухгалтар, інжынер, тэхнічны дырэктар, менеджар, былыя і сапраўдныя юрысты кампаніі, удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.