Чаму падчас зачысткі ад КДБ зʼявіўся артыкул пра тэрарызм?

«Артыкул такі, што ўсё што заўгодна пад склад злачынства будзе пасаваць. Суд будзе закрыты, і ніхто нічога не пабачыць і не пачуе. І сядзець ён будзе восем гадоў», — узгадвае адвакат словы следчага, якія пачуў наконт аднаго з падабаронных.

Ілюстрацыйны здымак. Мінск, 29 лістапада 2020 года. Фота: «Белсат»

Ілюстрацыйны здымак. Мінск, 29 лістапада 2020 года. Фота: «Белсат»

У Беларусі другі дзень зачышчаюць журналістаў і актывістаў па ўсёй краіне. Ператрусы, затрыманні, канфіскацыя тэхнікі. Пры гэтым людзей пачынаюць вінаваціць ажно ў тэрарызме. «Белсат» разбіраецца, чаму так.


Што адбываецца

Афіцыйна ўлады доўга не каментавалі напад на медыя. Толькі ўвечары 8 ліпеня, хоць ператрусы пачаліся з самай раніцы, намеснік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» распавёў, што ў краіне трывае «шырокамаштабная аперацыя для зачысткі ад радыкальна настроеных асоб».

Пры гэтым часта крымінальныя справы заводзяцца за нібыта тэрарызм. У гэтым, паводле арт. 289 КК, вінавацяць, напрыклад, адміністратара Facebook-супольнасці «Письма солидарности» Сяргея Барысава і былога старшыню «Абʼяднанай грамадзянскай партыі» Васіля Палякова. Паводле ч. 2 арт. 289 КК ператрус праходзіў у баранавіцкім выданні «Intex-press». Шукалі тэрарызм і ў пінскім выданні «Медиа-Полесье».

Артыкул 289 КК («Акт тэрарызму») дзеліцца на тры часткі. Першая прадугледжвае пакаранне ад 8 да 15 гадоў зняволення, другая — ад 8 да 20, а трэцяя — ад 10 і ажно да смяротнага пакарання.

 

Чаму тэрарызм?!

Каментуючы для belsat.eu пачатак крымінальных спраў за тэрарызм, юрыст, прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк згадаў выпадак са сваёй адвакацкай практыкі ў Беларусі. Ён, у прыватнасці, абараняў затрыманага, які з дапамогай лазерных указак нібыта хацеў асляпіць амапаўцаў, хоць ніякіх пацярпелых не было.

Тады яму сказалі, што калі падабаронны не прызнае віны, то атрымае абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе.

«Там артыкул такі, што ўсё што заўгодна пад склад злачынства будзе пасаваць. Суд будзе закрыты, і ніхто нічога не пабачыць і не пачуе. І сядзець ён будзе восем гадоў», — заявіў тады следчы адвакату.

Юрыст мяркуе, што такія артыкулы ўжываюцца тады, калі віну даказаць немагчыма, але пастаноўлена даць вялікі тэрмін:

«З артыкулам пра тэрарызм, думаю, прыкладна тое самае. Пагатоў, вядзе справу і там, і там КДБ. Гэта іх артыкул — цяжкі і прадугледжвае доўгі тэрмін».

Паводле Міхаіла Кірылюка, выкарыстанне «тэрарыстычнага» артыкула дае КДБ наступныя магчымасці:

·        арыштаваць і трымаць пад вартай;

·        напужаць доўгім тэрмінам зняволення і схіліць да супрацы;

·        ужываць катаванні.

А патлумачыць гэта, мяркуе юрыст, можна будзе прынцыпам намесніка кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова: Крымінальны кодэкс у дачыненні да затрыманых не працуе, бо «яны ж тэрарысты».