Фігуры тыдня: Аляксандр Глеб, Дзмітрый Дзічкоўскі, Аляксандр Качан
Аляксандр Глеб Футбаліст Аляксандр Глеб заключыў з клубам «БАТЭ» новы кантракт, тэрмін дзеяння якога скончыцца 31 снежня 2013 года. Летам 2012 года Глеб вярнуўся ў Барысаў пасля дванаццацігадовай адсутнасці і паспрыяў выкананню «жоўта-сінімі» асноўных задач на сезон — заваёвы чарговага золата нацыянальнага першынства і трапляння ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў.
— Шмат думаў перад прыняццем такога рашэння. Шчыра кажучы, разлічваў працягнуць кар’еру ў бундэслізе. Варыянты былі, але дзесьці не задавальняла таблічнае становішча каманды, дзесьці трэнер хацеў мяне бачыць, а клубнае кіраўніцтва сумняваліся — у асноўным з-за вялікай колькасці раней перанесеных мной траўмаў. Таму, параіўшыся з роднымі, я вырашыў яшчэ годзік пагуляць у БАТЭ. У БАТЭ выдатны калектыў, дасведчаны трэнерскі штаб. Немалаважна, што клуб пастаянна развіваецца, расце. І быць часткай такога праекта мне вельмі прыемна. Спадзяюся, прынясу камандзе максімальную карысць, і ў 2013 годзе мы выступім яшчэ больш паспяхова, чым у мінулым, зробім чарговы крок наперад. Працягнуць супрацоўніцтва з БАТЭ — гэта цалкам узважанае рашэнне, і, упэўнены, яна будзе правільным, — цытуе Аляксандра Глеба афіцыйны сайт ФК «БАТЭ».
Раней старшыня праўлення клуба Анатоль Капскі заявіў, што ўмовы асабістага кантракту Глеба супастаўныя (калі не лепшыя) з тымі, якія ў яго былі ў «Крылах Саветаў». Паводле ацэнак асобных СМІ, у Самары Глеб атрымліваў каля 100 тысяч долараў на месяц.
Дзмітрый Дзічкоўскі
Генеральны дырэктар СП ЗАТ «Мілавіца» Дзмітрый Дзічкоўскі мяркуе, што развіццю швейнага бізнэсу ў Беларусі перашкаджае неразвітасць прыватнай сферы ды недахоп швачак.
«У прыватніка ў параўнанні з дзяржавай заўсёды больш магчымасцяў знайсці эфектыўных менеджараў. Калі ўласнік не можа сфармаваць якасную кіраўнічую каманду, то ён сам бярэцца за рашэнне праблем кіравання, бо яму ёсць што губляць. У «Мілавіцы» кіраўнічая каманда ва ўсе часы пры рознай структуры ўласнасці была якаснай, эфектыўнай. Прадпрыемства можа быць паспяховым, і застаючыся дзяржаўным, калі ёсць магчымасць знайсці для яго эфектыўных кіраўнікоў. Аднак дзяржава не можа быць добрым уласнікам тысяч прадпрыемстваў, бо не ў стане падабраць эфектыўныя кіраўніцкія каманды для гэтых прадпрыемстваў. Калі б дзяржава пакінула за сабой толькі стратэгічна значныя прадпрыемства і прадала велізарную масу астатніх — якасць кіравання і ў рамках дзяржуласнасці, і ў рамках прыватнай вырасла б шматкроць», — заявіў у гутарцы з журналістам «Рэспублікі» кіраўнік «Мілавіцы».
Дзмітрый Дзічкоўскі таксама адзначыў, што ў краіне «катастрафічна не хапае швачак».
Аляксандр Качан
«Беларусьфільм» адмовіўся ад экранізацыі кнігі Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Начальнік аддзела рэалізацыі і рэкламы кінастудыі Міхаіл Кацюшэнка заявіў, што праблема ў падрыхтаваным сцэнары, які ёсць «пераказам» рамана. Ідэю фільма паводле гэтага рамана на «Беларусьфільме» адклалі «ў запаснікі».
Аўтар сцэнару Аляксандр Качан мяркуе, што прычыны тояцца ў іншым. «Сцэнар разглядаўся некалькі гадоў таму — на пасяджэнні Экспертнай рады пры Міністэрстве культуры і на «Беларусьфільме». Сцэнар быў прыняты і аплачаны. У тым ліку спачатку была чатырохсерыйная версія, а потым — пракатная поўнаметражныя. Абодва сцэнары былі прынятыя, — патлумачыў сцэнарыст у інтэрв’ю «Еўрарадыё». — Калі мы абмяркоўвалі сцэнар з былым міністрам Латушкам, гэта непасрэдна ад яго быў такі заказ, выглядала інакш сацыяльная і ідэалагічная атмасфера ў краіне. Фільм задумваўся ў іншай сацыяльнай атмасферы, чым пануе ўжо некалькі гадоў у Беларусі. Таму я зусім не здзіўлены тым, што яго адклалі. І быў бы здзіўлены, калі б гэты фільм зараз пачаў рэалізоўвацца — зараз гэта за дзяржаўныя грошы наўрад ці будуць здымаць».
Паводле сцэнару, паўстанцы павінны былі змагацца за свабоду краіны пад бел-чырвона-белымі сцягамі, ключавым момантам у фільме з’яўляецца супрацьстаянне з Расійскай імперыяй.