Фігуры тыдня: Алесь Бяляцкі, Святлана Алексіевіч, Лідзія Ярмошына
Алесь Бяляцкі Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію імя Вацлава Гавела. Ён апярэдзіў такіх намінантаў на прэмію, як аўтарытэтныя праваабарончыя арганізацыі: Асацыяцыю маладых юрыстаў (Грузія) і Rights Defence Network (Кітай).
Жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук на цырымоніі ўручэння прэміі адзначыла, што Вацлаў Гавэл з’яўляўся духоўным настаўнікам Алеся. Незадоўга да сваёй смерці Гавэл накіраваў Алесю ў турму ліст падтрымкі. Алесь піша ў паштоўцы, што для яго гэты ліст стаў промнем надзеі і салідарнасці.
Бяляцкі, які адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі №2, не спыняе і літаратурнай дзейнасці. Паводле Наталлі Пінчук, яе муж з газетаў даведаўся пра смерць свайго блізкага сябра і паплечніка Віктара Івашкевіча.
Па словах жонкі, для яго гэта навіна была ашаламляльнай. Алесю яшчэ цяжка асэнсаваць тое, што адбылося, настолькі моцнай была для яго гэта трагічная навіна. Бяляцкі сказаў, што хоча сабрацца з думкамі і напісаць успаміны пра Віктара Івашкевіча, з якім ён знаёмы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Беларусі пачынаўся рух нацыянальнага Адраджэння.
Святлана Алексіевіч
Беларуская рускамоўная пісьменніца Святлана Алексіевіч нарабіла шораху напярэдадні ўручэння Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Зусім нечакана па версіі букмекераў яна ўвайшла ў тройку фаварытаў. Букмекерская кантора «Ladbrokes», якая ў 2011 і 2012 гадах слушна прадказала лаўрэатаў прэміі па літаратуры, прымала стаўкі на Алексіевіч у суадносінах 6 да 4.
Справа ў тым, што да пачатку «Нобелеўскага тыдня» Алексіевіч нават не была заўважана ў ліку найбольш верагодных кандыдатаў на прэмію. А потым нечакана патрапіла ў «шорт-ліст». Некаторыя нават загаварылі пра «зліў» інфармацыі з Нобелеўскага камітэта.
Увагу да беларускай пісьменніцы мог прыцягнуць выхад яе кнігі «Час сэканд-хэнд», якая завяршае серыю «Галасы Утопіі». У жніўні, калі кніга выйшла ў шведскім перакладзе, мясцовыя газеты абвясцілі Алексіевіч прэтэндэнткай на Нобелеўскую прэмію; высокія ацэнкі працы далі і рэцэнзенты з іншых краін. У пачатку верасня «Час сэканд-хэнд» выйшаў на рускай мове.
Пісьменніцы 65 гадоў. Славу ёй прынесла дэбютная кніга «У вайны не жаночае аблічча» (1983). Далей выйшлі кнігі «Апошнія сведкі» (1985) пра дзіцячы погляд на Вялікую Айчынную, «Цынкавыя хлопчыкі» пра вайну ў Афганістане, «Зачараваныя смерцю», зборнік апавяданняў самагубцаў, «Чарнобыльская малітва» аб наступствах аварыі на АЭС.
Паводле дадзеных СМІ, Алексіевіч з 2002 года намінуецца на Нобелеўскую прэмію.
Лідзія Ярмошына
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына зараз назірае за прэзідэнцкімі выбарамі ў Азербайджане. З пачаткам выбараў яна адзначыла высокі ўзровень актыўнасці выбаршчыкаў у дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Азербайджане.
Паводле звестак карэспандэнта агенцтва «Інтэрфакс-Азербайджан», на сустрэчы са сваім азербайджанскім калегам Мазахірам Панахавым Ярмошына выказала надзею, што выбары прэзідэнта Азербайджана завершацца на самым высокім узроўні.
«Высокі ўзровень» выбараў у Азербайджане адзначыўся выключнай падзеяй. За дзень да прэзідэнцкіх выбараў у сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя аб выніках галасавання. Вынікі выбараў — з дакладнасцю да сотай долі працэнта — былі пазначаны ў спецыяльных праграмах для iOS і Android. Гэтыя праграмы былі распрацаваны кампаніяй «Happy Baku» (як сцвярджаецца, да іх распрацоўкі мае дачыненне ЦВК рэспублікі). У праграмах, актываваных 8 кастрычніка, была інфармацыя, што за дзейнага прэзідэнта Ільхама Аліева прагаласавалі 72,76% выбаршчыкаў. За кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі Джаміля Гасанлы — 7,4%.
На гэта звярнулі ўвагу журналісты азербайджанскага інтэрнэт-рэсурсу «Meydan TV». Яны зрабілі скрыншоты і апублікавалі іх у Facebook. Пасля гэтага выканаўчы дырэктар кампаніі «Happy Baku» Вуса Ісаеў звязаўся з менеджарам «Meydan TV» і спрабаваў дамовіцца аб выдаленні скрыншотаў, аднак атрымаў адмову.
Здавалася б, пры чым тут Лідзія Ярмошына?