Фінал буйнейшага рэспубліканскага сямейнага фестывалю па футболе пройдзе ў Мінску
Фінал самага буйнага спартыўнага сямейнага фестывалю адбудзецца ў Мінску 26 жніўня. Вырашальныя спаборніцтва фестывалю «Тата, мама, я — футбольная сям'я!» пройдуць на прафесійных палях Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» — арганізатара праекта.
Рэспубліканскае сямейнае свята накіравана на папулярызацыю здаровага ладу жыцця і ў гэтым годзе пройдзе пад эгідай прафілактыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў.
Мэта фестывалю «Тата, мама, я — футбольная сям'я!» — гэта развіццё масавага футбола ў Беларусі, папулярызацыя здаровага ладу жыцця (ЗЛЖ), фарміраванне культуры сямейнага вольнага часу. Ініцыятарам праекта стала Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» (АБФФ).
Начальнік аддзела развіцця масавага футбола АБФФ Віталій Крупіца адзначыў: «У верасні 2016 года АБФФ упершыню арганізавала сямейны футбольны фестываль «Тата, мама, я — футбольная сям'я!». Праект выклікаў вялікую цікавасць сярод аматараў актыўнага сямейнага адпачынку і атрымаў станоўчыя водгукі з боку грамадскасці і СМІ. Натхнёныя поспехам мінулага года, мы прынялі рашэнне аб глабальным развіцці фестывалю ў 2017 годзе, для чаго арганізавалі абласныя этапы і рэспубліканскі фінал.
Таксама ў 2017 годзе фестываль падтрымалі два буйных партнёра — Прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) і Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК). Чырвоны Крыж рэалізуе праект па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў і прасоўванні ЗЛЖ сярод насельніцтва Беларусі. З дапамогай фестывалю мы можам аб'яднаць нашы намаганні і разам папулярызаваць здаровы лад жыцця. Упэўненыя, мерапрыемства чакае паспяховая будучыня, яго геаграфія з года ў год будзе пашырацца, а колькасць удзельнікаў — расці».
Для ўдзельнікаў фестывалю Беларускі Чырвоны Крыж падрыхтаваў 4 зоны актывацыі. Першыя дзве прадстаўлены народнымі гульнямі для дзяцей і дарослых; віктарынай аб здаровым харчаванні і здаровымі рэцэптамі. У трэцяй актывацыі можна будзе ацаніць свой узровень рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў (памераць ціск, вагу, рост, індэкс масы цела), а таксама даведацца аб прафілактыцы інфаркту і інсульту, атрымаць кансультацыю ўрача. Завяршальная матывацыйная актывацыя — «Абяцанне сабе», дзе ўдзельнікі запоўняць паштоўку з пажаданнямі, якія яны хацелі б ажыццявіць у будучыні.
«Паводзінскі фактар — нездаровае харчаванне, маларухомы лад жыцця, курэнне, злоўжыванне алкаголем — значна ўплывае на развіццё сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, хранічных рэспіраторных захворванняў і цукровага дыябету. Але калі змяніць свой лад жыцця на здаровы, то можна папярэдзіць гэтыя захворванні ў 80% выпадкаў. Сямейны футбольны фестываль, які ў гэтым годзе пройдзе пад эгідай прафілактыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў, — добрая магчымасць у цікавай і даступнай форме праінфармаваць грамадскасць пра карысць здаровага ладу жыцця», — пракаментавала начальнік аддзела медыка-сацыяльнай працы БТЧК Святлана Анацка.
Вядома ж, на фестывалі сем'і змогуць прадэманстраваць свае спартыўныя навыкі, выявіць лепшую сямейную футбольную каманду года. Усім без выключэння ўдзельнікам арганізатары падрыхтавалі падарункі. А тыя сем'і, якія з поспехам пройдуць усе зоны актывацыі ад Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, атрымаюць дадатковыя прызы.
Фестываль «Тата, мама, я — футбольная сям'я!» праходзіў на працягу ўсяго 2017 года па ўсіх рэгіёнах рэспублікі. У выніку 70 лепшых сем'яў 2017 года ў жніўні прыедуць у Мінск для ўдзелу ў рэспубліканскім фінале. Кампанію ім складуць 56 сем'яў, якія прынялі ўдзел у першым фестывалі ў 2016 годзе па-за залежнасці ад таго, якое месца яны занялі на рэгіянальных спаборніцтвах. У выніку ў фінале рэспубліканскага фестывалю прымуць удзел 126 сем'яў з усёй краіны, якія і вызначаць лепшую футбольную сям'ю 2017 года.
Праект «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» БТЧК рэалізуе ў Беларусі з 2014 года пры фінансавай і экспертнай падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа і ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта — змяненне паводзін жыхароў мясцовых супольнасцяў у бок здаровага ладу жыцця з дапамогай стварэння і развіцця валанцёрскіх груп. На сёння створаны і паспяхова працуюць 14 ініцыятыўных груп па здаровым ладзе жыцця ў малых гарадах і вёсках Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама г. Горкі Магілёўскай вобласці. У склад ініцыятыўных груп уваходзяць больш за 280 чалавек рознага ўзросту, прафесійнага і сацыяльнага статусу. Гэта актыўныя людзі, захопленыя ЗЛЖ і гатовыя дапамагчы іншым змяніць сваё стаўленне да здароўя.
Паводле прэс-рэлізу