Футбольны фанат: «У кабінетах ГУБАЗ вісяць сцягі менскіх «Тарпеда» і «Дынама»

Прынамсі двое заўзятараў-антыфашыстаў Ілля Валавік і Вадзім Бойка застаюцца пад вартаю з абвінавачваннем у хуліганстве, што адбылося ў траўні 2014 года. Справа набыла рэзананс дзякуючы салідарнасці сябраў футбольнага клубу «Партызан»

hgvapdle9lg.jpg


22 сакавіка Галоўнае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю правяло вобшукі ў больш як 20 прыхільнікаў гэтага клубу. Адзін з іх — малады мянчук, які бярэ ўдзел ў фанацкім руху 10 гадоў, распавёў belsat.eu пра акалічнасці справы. На просьбу крыніцы рэдакцыя не публікуе ягонага імя.
— З чым, на вашу думку, звязаная ўвага ГУБАЗу да сяброў вашага клубу?
— Выклікі ў міліцыю і прафілактычныя размовы здараліся часта. Першая хваля сур’ёзных рэпрэсіяў была перад чэмпіянатам свету па хакеі. Рух «Румол» рабіў у Менску спаборніцтвы па расейскім выціску (жыме). Гэта не спартовая імпрэза, а палітычная — пад прыкрыццём спорту. Мы сарвалі ўзнагароджанне. Пасля гэтага ўвага міліцыі да нас павялічылася. Тады затрымалі 5 хлопцаў з нашага клубу. Ілля Валавік атрымаў 10 содняў на Акрэсціна. Камусьці званілі, да кагосьці ўчастковы прыходзіў, кагосьці проста з дому забралі за нецэнзурную лексіку. Нядаўна выйшла праграма з нагоды гадавіны ГУБАЗу. Яны там наўпрост кажуць пра футбольных фанатаў, што не жадаюць паўтарэння ўкраінскага сцэнару.
Заўзятарамі займаюцца заўжды адны і тыя ж людзі? У міліцыі ёсць «фанацкая» спецыялізацыя?
— Гэта трэці аддзел ГУБАЗу. Ён займаецца моладзевымі экстрэмісцкімі групамі. Фанаты сярод іх. Я ведаю, што ў іх выходзяць нават спецыяльныя навучальныя фільмы пра супрацьдзеянне фанатам, бо відэа трапляла ў сеціва. Шмат нашых распавядаюць, што ў кабінетах ГУБАЗу вісяць «трафеі»:сцягі менскіх «Тарпеда» і «Дынама». У міліцыі таксама ёсць весялуны.
— Як адбываўся вобшук? Што працаўнікі казалі «па-за» пратаколам?
— 22 сакавіка а 7 раніцы да мяне пагрукаліся ў дзверы, зайшлі працаўнікі ГУБАЗу і простыя міліцыянты. Забралі ноўтбукі, флэшкі, фотакамеру, відэакамеру, а таксама вопратку, якая, на іх меркаванне, можа адносіцца да справы. Прыкладна 1,5 гадзіны быў вобшук. Мне казалі: у цябе ёсць шанец не прайсці па гэтай справе, нехта ўжо дае паказанні. Усё гэта здымалася на міні-камеру. У ГУБАЗе мне прапаноўвалі даць паказанні на Валавіка: адкрыта або ананімна. Яны хочуць, каб я сказаў, што Валавік распыляў газ у тралейбусе.
— Фанаты «Партызана» — хто гэта? Што іх прываблівае ў фанацкім руху?
— У асноўным гэта моладзь, бясспрэчна. Дактароў навук няма, але звычайныя дактары ёсць. Клуб — гэта зрэз грамадства: у кагосьці больш прэстыжная праца, у кагосьці менш. Каля 5 тысяч чалавек у клубе заўзятараў «Партызан», які быў антыфашысцкім з пачатку. Фанаты непадкантрольныя — гэта падабаецца людзям, хоць праваахоўнікі іх не любяць усюды. У Польшчы фанаты займаюцца крымінальнаю дзейнасцю. Часта там фанацкія разборкі ўяўляюць сабою дзяленне тэрыторыі, дзе яны могуць пакрываць гандаль наркотыкамі. У Расеі фанаты часта выступаюць аховаю палітычных партыяў, моладзевых рухаў або, наадварот, як «цітушкі». У Еўропе класічнага руху, напэўна, ужо няма. У нас сілавікі ставяць за мэту разбурыць усе моладзевыя групы. Цяпер яны ўзяліся за фанаў, таму што бо іншых ужо няма.29 чэрвеня 2014 года адбылася бойка на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава, а пасля невядомыя разбілі шкло ў тралейбусе і распылілі газ. Крымінальную справу распачалі паводле артыкулу 339 «Хуліганства», частка 2, пазней змянілі на частку 3 гэтага артыкулу. Абвінавачаным пагражае да 10 гадоў зняволення. Вядома, што шкода за разбітае шкло складае Br 280 000 і моцна пацярпелых сярод пасажыраў няма.
belsat.eu