«У Беларусі ідзе паляванне на патрыётаў, каля 30 чалавек ужо за кратамі»

Карэспандэнт «Новага Часу» Зміцер Галко распавядае "Радыё Свабода" пра сваё журналісцкае даследаванне, тэма якога — пераслед футбольных фанатаў спецслужбамі Беларусі, разважае, ці звязана атрыманне расейскага крэдыту з ціскам на беларускіх патрыётаў, і адказвае на пытанне, што павінны зрабіць у гэтай сітуацыі беларускія палітыкі і праваабаронцы. З ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

279670dc_3921_4e34_a28e_aac0cd420155_w640_r1_s_cx0_cy2_cw0.jpg

Зміцер Галко

Цыганкоў: Зміцер, вы апублікавалі артыкул «Беларусь зачышчаюць ад патрыётаў», дзе апісалі наступ на актывістаў, які асабліва прыкметна разгарнуўся апошнія тыдні. Якія асноўныя факты і заканамернасці вы ўбачылі падчас свайго журналісцкага расследавання?

 


Прэсінг не закрануў фанатаў з прарасійскімі поглядамі

 

Галко: Некаторая інфармацыя з'явілася ўжо да майго артыкула — пра маці Эдуарда Лобава, пра валанцёраў, якія дапамагаюць Украіне. І пайшла пэўная пагалоска, што прэсуюць патрыётаў. Я запытаў камандзіра «тактычнай групы Беларусь», якая дзейнічае ва Украіне, апытаў галоўную валанцёрку, галоўнага анёла-ахоўніка беларусаў ва Украіне Вольгу Гальчанку, выйшаў на бацьку Яна Мельнікава, у якога праходзіў ператрус, — і яму, дарэчы, следчы сказаў, што такіх спраў дзясяткі.

 

У прыватнасці, моцна прэсуюць фанатаў былога футбольнага клубу «Партызан». Пры гэтым трэба асабліва падкрэсліць, што фанаў прэсуюць далёка не ўсіх. А менавіта прабеларуска, патрыятычна настроеных.

 

Фанаты «Партызана» яшчэ колькі гадоў таму былі проста анархістамі, левакамі, якіх міліцыя асабліва не чапала. Але потым у іх адбыўся пэўны ідэйны паварот. Адчуўшы пагрозу незалежнасці краіне, яны скіраваліся ў бок нацыянальных каштоўнасцяў, пачалі выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку і беларускую мову. З гэтага асяроддзя выйшла славутая ўжо група «Пошуг», вядомая па справе графіцістаў.

 

Паводле інфармацыі з маіх крыніцаў, гэты прэсінг ужо закрануў дзясяткі чалавек. Паводле інфармацыі саміх лідэраў фанацкага руху, за кратамі ўжо апынуліся каля 30 чалавек з розных гарадоў Беларусі. Каго не закрануў прэсінг — гэта фанатаў з прарасійскімі поглядамі. Такія яшчэ ёсць, і яны на сёння дзейнічаюць зусім вольна.

 

Наступ на патрыётаў як адпрацоўка расійскага крэдыту?

 

Цыганкоў: Чым можна патлумачыць, што гэты прэсінг пачаўся якраз некалькі тыдняў таму? Праваахоўныя органы выцягваюць на свет нейкія старыя справы, здавалася, даўно ўжо забытыя.

 

Галко: Нельга сказаць, што гэтага прэсінгу не было раней. Бо справа графіцістаў была даўно. Але ён стаў асабліва рэзкім і масавым некалькі тыдняў таму. І мае суразмоўцы лічаць, што тут некалькі чыннікаў.

 

Першы — гэта атрыманне расійскага крэдыту. Мае суразмоўцы намякаюць, што загад на гэтыя дзеянні ўвогуле ідзе не з беларускага цэнтру.

 

Магчыма, беларуская ўлада не хацела б бачыць ані беларускіх патрыётаў, здольных біцца, ані прадстаўнікоў «русского мира». Але, магчыма, некаторыя прадстаўнікі сілавых органаў Беларусі, прыхільныя да «русского мира», выконваюць толькі частку загаду.

 

Наколькі я магу зразумець Лукашэнку, ён аднолькава баіцца і тых, і тых — і прарасійскіх, і праўкраінскіх актывістаў. І, хутчэй за ўсё, ён хацеў бы, каб прэсавалі ўсіх.

 

Яшчэ адным сведчаннем, што тут «нячыста», сталі апошнія выступы старшыні КДБ Вакульчыка і міністра ўнутраных спраў Шуневіча, якія адбыліся ўжо пасля майго рэпартажу. І яны нібыта апраўдваліся, даводзілі, што беларусаў, якія ваююць за ДНР і ЛНР, нашмат болей, і што іх арыштоўваюць болей. Доказаў няма, але яны апраўдваюцца. Перад кім? Натуральна, перад прэзыдэнтам. Значыць, тут нешта ня тое.

 

Цыганкоў: Як могуць далей развівацца падзеі вакол гэтай справы? Ці дапаможа ўвага грамадзтва спыніць гэты пераслед? Ці ўвага грамадства і прэсы да гэтай тэмы пакуль не настолькі прыкметная, каб нешта тут змяніць?

 

Галко: Менавіта так, і я хацеў бы, каб увага грамадства была прыцягнута да гэтай тэмы. Далейшыя публікацыі, выступы палітыкаў, вядомых людзей могуць зрабіць шмат чаго. Чым гучнейшай і больш выразнай будзе рэакцыя грамадства, тым болей шанцаў, што яны зменшаць гэты ціск на беларускіх патрыётаў.

 

«Праваабаронцы павінны сказаць сваё слова»

 

Цыганкоў: Аналітыкі кажуць, што на фоне лібералізацыі адносінаў з Захадам улада ня будзе ісці на рэпрэсіі. Нікога не затрымліваюць, не саджаюць на суткі за несанкцыянаваныя акцыі, нават на Кастрычніцкай плошчы. Улада перайшла на «эканамічныя» формы барацьбы з апазіцыяй — праз штрафы. Але з іншага боку — тут, з футбольнымі фанатамі, адбываецца такое. Ці ўлада лічыць, што можа прэзентаваць гэта як барацьбу з экстрэмізмам?

 

Галко: Я думаю, яны разлічвалі на два моманты. Па-першае, яны выкарыстоўвалі крымінальныя справы, нейкія рэальныя крымінальныя эпізоды, бойкі, сутычкі. Па-другое, рэпрэсіі ў значнай ступені тычацца суполкі, якая была глыбока заканспіраваная, пазбягае публічнасці. Яны толькі ў апошні момант вырашылі, што варта падымаць шум, бо «горш ужо ня будзе». Улада якраз разлічвала, што ўсё будзе цішком, што інфармацыя нікуды ня выйдзе. І цяпер, я мяркую, сваё слова маюць сказаць праваабаронцы — даследаваць гэтыя рэпрэсіі і даць ім сваю ацэнку. Пасля гэтага, я мяркую, можа падключыцца і Захад.

 

Цыганкоў: Гэтыя людзі, якіх цяпер рэпрэсуюць, — не сябры «статусных» апазіцыйных партыяў. І апазіцыя не рэагуе на гэты прэсінг, бо, па-першае, магчыма, проста пакуль пра гэта ня ведае, а па-другое, бакі староняцца адзін аднаго.

 

Галко: Тое, што яны староняцца адзін аднаго — гэта відавочна. Але фанаты зрабілі па ўкраінскім пытанні ці ня больш, чым уся апазіцыя. Дастаткова ўзгадаць іхні славуты марш у падтрымку Украіны.

 

Мінус, вядома, у тым, што з-за сваёй няўключанасці ў зарэгістраваныя апазыцыйныя структуры фанаты апынуліся безабароннымі. Мы нават не назіраем пакуль вялікай рэакцыі СМІ, доўга чакаем рэакцыі праваабаронцаў — бо дагэтуль нічога не было вядома.


www.svaboda.org