КДБ непакоіцца, што беларускія добраахвотнікі ўцягнуць краіну ў вайну
«Удзел грамадзян Беларусі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаў стварае пагрозу ўцягвання рэспублікі ва ўзброеныя канфлікты ва ўрон нацыянальным інтарэсам. Такая сітуацыя негатыўна адбіваецца і на міжнародным іміджы нашай краіны», — заявіў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, прадстаўляючы 4 красавіка ў Савеце Рэспублікі праект закона, які ўстанаўлівае крымінальную адказнасць у тым ліку за ўдзел ва ўзброеных канфліктах за мяжой.
Як адзначыў кіраўнік КДБ, у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Канцэпцыяй Нацыянальнай бяспекі Беларусь праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку і імкнецца да стварэння ўмоў для набыцця нейтральнага статусу. Разам з тым яшчэ Гаагскай канвенцыяй 1907 года ўстаноўлена, што дзяржава страчвае статус нейтральнай, калі нейкая асоба з ліку яе грамадзян добраахвотна ўступае ў войска ваюючых бакоў.
«Удзел беларускіх грамадзян у баявых дзеяннях за мяжой у цэлым носіць антысацыяльны характар, спрыяе фарміраванню пласта спецыяльна падрыхтаваных баевікоў, якія прайшлі кроў», — цытуе Вакульчыка БелаПАН.
У той жа час, паводле яго слоў, Крымінальны кодэкс прадугледжвае адказнасць толькі для наймітаў, гэта значыць для тых, хто ваюе выключна з карыслівай зацікаўленасці. І гэта не дазваляе прыцягнуць да адказнасці грамадзян, якія ўдзельнічаюць ва ўзброеных канфліктах па ідэйных і іншых меркаваннях, а таксама ў выпадках, калі немагчыма даказаць іх матэрыяльную зацікаўленасць. Адсутнасць крымінальнай нормы таксама перашкаджае прафілактычнай працы сярод гэтай катэгорыі асоб, сказаў старшыня КДБ.
Вакульчык паведаміў, што законапраект прадугледжвае скасаванне гэтага прабелу і ўстанаўленне крымінальнай адказнасці за ўдзел на тэрыторыi замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах нават пры адсутнасці прыкметы наёмніцтва — арт. 361 прым. 3. Таксама прадугледжваецца адказнасць за вярбоўку і падрыхтоўку грамадзян, фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці.
«Улічваючы, што гэтыя злачынствы могуць учыняцца на тэрыторыi замежнай дзяржавы, папярэдняе следства прапануецца аднесці да кампетэнцыі органаў дзяржаўнай бяспекі», — удакладніў старшыня КДБ.
«Падобныя нормы ў апошнія гады былі ўведзеныя ў крымінальнае заканадаўства многіх краін СНД. Паводле даных нашых калег, гэта дазволіла істотна знізіць колькасць асоб, якія робяць спробы выехаць на Блізкі Усход для ўступлення ў ІГІЛ», — канстатаваў Вакульчык.