Гатовы памерці ў імя справядлівасці

У Віцебску 21 лютага пачалі судзіць Сяргея Каваленку. Яму пагражае да трох гадоў зняволення. Ад пачатку суда ён абвясціў сухую галадоўку. Справу разглядае суддзя Алена Жук.



972cda1e62b72640cb7ac702714a115f.jpg

У Віцебску 21 лютага пачалі судзіць Сяргея Каваленку. Яму пагражае да трох гадоў зняволення. Ад пачатку суда ён абвясціў сухую галадоўку. Справу разглядае суддзя Алена Жук.
Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка абвінавачваецца паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу «ўхіленне ад адбыцця пакарання». Крымінальна-выканаўчая інспекцыя Першамайскага раёна Віцебска мяркуе, што актывіст парушыў рэжым адбыцця пакарання — «хатняй хіміі», да якой быў асуджаны за вывешванне ў Віцебску бел-чырвона-белага сцягу (гістарычны і нацыянальны сімвал Беларусі).
Падчас першага судовага пасяджэння Сяргея Каваленку накіравалі ў шпіталь СІЗА. У другі дзень суда жонка Сяргея Алена Каваленка з 7-месячнай дачкой на руках дастала бела-чырвона-белы сцяг у залі суда. Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі выдаліць яе з памяшкання, аднак заступіліся людзі. У выніку судовае пасяджэнне перанеслі ў іншую залю, куды ўжо не пусцілі сваякоў і журналістаў. Маці пад зачыненымі дзвярыма галасіла: «Дайце мне паглядзець на сына! Ён памрэ, а я не пабачу». З залі ёй адказалі: «Будзем выводзіць яго, тады і пабачыце». Сяргей Каваленка ў часе судовага працэсу гаварыў, што кепска чуе і бачыць, што яму блага, а перад вачыма кропкі. Калі Каваленку выводзілі з залі, ён паспеў крыкнуць прысутным: «Рабіце акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі!»
Цягам двух дзён суд так і не пачаў разглядаць справу — усе падзеі зводзяцца да супрацьстаяння міліцыі сваякам, да выклікання хуткай дапамогі, медаглядаў Сяргея.
На судовых пасяджэннях прысутнічаў праваабаронца Павел Левінаў, ён падкрэслівае: «Суда няма!»
«У мяне такое ўражанне, што я на міліцэйскім палігоне, дзе ідуць нейкія вучэнні. Калі падыходжу да будынку, то побач міліцыя, у самім судзе міліцыя. Па будынку і двару суда людзі ў форме вольна гуляюць. Міліцыянты камандуюць суддзі, у якой залі праводзіць разгляд справы. Ім дазволена здымаць усё і ўсіх, а іншых людзей у залю ні з фотаапаратамі ў руках, ні з ноўтбукамі не пускаюць. Прыязджае хуткая, і супрацоўнікі міліцыі вырашаюць, што дапамога Каваленку не трэба. І толькі калі ўмешваецца суддзя, то яны вымушаныя дапусціць дактароў», — дзеліцца жахлівымі ўражаннямі ад працэсу праваабаронца Левінаў.
У часе суда Сяргей Каваленка як рэцыдывіст сядзіць у клетцы, вакол яго стаяць шэсць-восем міліцыянтаў у форме, яшчэ шэсць чалавек у цывільным сядзяць у залі. «Вы ўяўляеце, якую небяспеку ён уяўляе для грамадства?!» — іранізуе Павел Левінаў. Па словах праваабаронцы, за два дні пасяджэнняў суддзя ні разу не спытала, ці не выклікаць хуткую дапамогу абвінавачваемаму, гэта рабілі родныя. Дзяржаўны абвінаваўца ні разу не засумняваўся ў стане здароўя Каваленкі, хаця той ад пачатку суда трымае сухую галадоўку. «Яны ж, наадварот, робяць высновы, што ён можа адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць. Я ведаў яго да галадоўкі і бачу цяпер яго стан. Ён крытычны», — гаворыць Павел Левінаў.
Праваабаронца падаў тры заявы з просьбай змяніць меру стрымання падсуднаму на больш мяккую, каб ён мог пачаць выходзіць з галадоўкі. Але адказу не было.
«Я не разумею: суддзя Жук, маці, як яна ноччу спіць, як яна есць? Мне б хацелася ў гэта зазірнуць. Ладна, супрацоўнікі міліцыі, якія прывыклі выконваць загады, а не думаць. Але чаму яна так робіць?» — пытанні ў пустэчу.
Па словах Левінава, нягледзячы на свой стан здароўя, Каваленка кіруе працэсам і суддзёй. Ён у рамках заканадаўства не дае пачаць разгляд справы. Але чым гэта скончыцца і на колькі хопіць здароўя ў актывіста — цяпер ніхто адказаць не можа.
Левінаў распавёў, што ў Віцебску гэтымі днямі ладзяцца акцыі па вывешванню нацыянальнага сцяга, што фактычна прызнана ў Беларусі злачынствам. «Ён можа пайсці да канца і ахвяраваць сабой. Я не разумею, чаму суддзя Жук гэта не ўсведамляе. Як яна будзе жыць у гэтым горадзе, калі Каваленка памрэ?» — зноў задае пытанні ў пустэчу праваабаронца.
Ці ёсць беларусам справа да чалавека, які гатовы памерці ў імя справядлівасці і гістарычнага сімвала Беларусі? — такое ж пытанне без адказу.