Гадзіла ці незалежнасць? (Абноўлена)
Днямі па беларускім Фэйсбуку пайшла гуляць выява, вырабленая ў стылі традыцыйных беларускіх маляваных дываноў, на якой Гадзіла ў намітцы і фартуху з нацыянальным арнаментам дыхае вогненымі кветкамі на купку скурчаных у куточку людзей.
Гэтая выява нанесеная на адну са сцен у Маладзечне. Яе аўтар Максім Осіпаў назваў яе «Поклік да вытокаў».
«У мяне даўно была мара намаляваць Гадзілу (звярталі ўвагу, як па-нашаму гучыць імя гэтага монстра?) у вэлюме, але тут было не наканавана. Дадзеная праца была натхнёная тымі, хто бясконца заклікае нас адраджаць і шанаваць разнастайныя традыцыі, не вельмі ўдаючыся, навошта, уласна, нам яны цяпер патрэбныя. Ад шпаргалак па выкарыстанні арнаменту (які ромбік сімвалізуе сонца, а які — маладосць?) да метадычак па выкананні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Але калі, уласна, гэтыя традыцыі ствараліся, яны выконвалі асабліва ўтылітарныя функцыі. Насіць вопратку з арнаментамі — ад сурокаў, майстраваць загарадкі на могілках — ад жывёлаў, якія пасвяцца, будаваць замкі — ад нападу ворагаў, пабіваць дзяцей і жонак — каб ведалі сваё месца ў сацыяльнай лесвіцы. На гэтай сцяне гандлёвага павільёна (які, па чыстым супадзенні, прадае сушы) Гадзіла ў традыцыйным беларускім касцюме заклікае неадкладна паважаць традыцыі натоўп, складзены з персанажаў хрэстаматыйных карцін Іванова, Пярова і Брулова. Там думкі падзяліліся, як і павінна быць. Мяркую, трэба кожны раз самому сабе абсалютна сур'ёзна задаваць пытанне «Навошта гэта мне трэба цяпер?». Калі выразнага адказу не атрымліваецца, упэўнены, любую, нават не абавязкова нацыянальную, традыцыю цалкам можна зліць. Я, напрыклад, ведаю, навошта я выкарыстоўваю матывы «маляваных дываноў». У першую чаргу, гэта выдатная візуальная прынада», — такое тлумачэнне даў аўтар свайму твору.
Напэўна, мастак пераследаваў высакародную мэту ўшчыкнуць тых, хто з усіх сіл супраціўляецца прыняццю закона аб хатнім гвалце, прыкрываючыся «традыцыйнымі каштоўнасцямі». Вось толькі выйшла ўсё зусім наадварот: замест фокуса на нездаровае разуменне (ці наўмыснае перакручванне) традыцыйных каштоўнасцяў атрымаўся наезд на ўсю нацыянальную і не толькі культуру. Паводле логікі Максіма Осіпава, калі замкі патрэбныя былі дзеля абароны ад ворагаў, цяпер іх трэба знішчаць, бо ніякай утылітарнай карысці ад іх ужо няма? Вось так адным махам пэндзля мала вядомага мастака можа быць пушчаная пад бульдозер уся архітэктурная спадчына планеты. Брава! Адзнак цікава, на якіх каштоўнасцях фармаваўся светапогляд самога спадара Осіпава? Ці ўсведамляе ён, што, калі б не было традыцыйнай культуры, псіхадэлічная выява Гадзілы не нарадзілася б у яго свядомасці і не прынесла яму славу — хаця б на прасторах інтэрнэту?
Ну а за нацыянальную традыцыйную культуру ўвогуле крыўдна да немагчымасці. Яе ганьбілі і нішчылі цягам стагоддзяў усе, хто толькі мог. І цяпер яе заклікаюць дабіваць свае ж. Правільна, давайце нішчыць — навошта нам нейкая самабытнасць, ад яе ж ніякай утылітарнай карысці. Вось толькі потым не трэба плакацца, што ў нас няма на што паглядзець, не тое што ў Еўропе, дзе о-го-го якія замкі ды каралеўскія палацы.
Па-мойму, аўтар бачыць праблему зусім не там, дзе яна насамрэч ёсць. Бяда не з традыцыямі. Бяда з мазгамі. І ваяваць трэба не з культурай, а з тымі дэструктыўнымі ўстаноўкамі, якія пад выглядам традыцый нам спрабуюць навязваць. Не ведаю, чаму аўтар так перакананы, што ў традыцыях беларусаў — біць жонак. Гэта адбывалася ў многіх краінах. Але любы дасведчаны гісторык вам скажа, што правы жанчын у Вялікім Княстве Літоўскім шанаваліся нароўных з мужчынскімі, а даступным ліцвінкам прывілеям маглі пазайздросціць знатныя дамы еўрапейскіх краін.
Ці вось яшчэ прыклад так званага ўтылітарнага мыслення. Падчас працы ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту вядомы гісторык Павел Каралёў знайшоў незвычайныя старадаўнія дзверы, якія нехта прыхінуў да аднаго з гаспадарчых памяшканняў. Выявілася, што гэта дзверы з рэдкай разьбянай мячэці XVIII стагоддзя з вёскі Даўбучкі, што на Смаргоншчыне. У збудаванні спалучалася дойлідства, уласцівае культавым пабудовам Усходу з традыцыямі драўлянага дойлідства Беларусі. Фрагменты мячэці (асобныя дэталі зруба, вітых калон, шалёўкі, скабянкі) яшчэ ў 1980-я паступілі на захаванне ў музей. Як сцвярджае яго супрацоўнік Ігар Іваноў, яны захоўваюцца ва ўстанове па сённяшні дзень разам з абмерамі і чарцяжамі, чакаючы дзяржаўнага інвеставання. А вось дзвярам не знайшлі лепшага выкарыстання, чым закрыць дзірку ў нейкім гаспадарчым памяшканні музея.
Клапоцячыся пра артэфакт, Павел звярнуўся да калег з прапановай перанесці яго ў іншае месца для належнага захавання. «На цяперашні розум я б, канешне, на сабе папёр бы гэтыя непад'ёмныя дзверы. Але тады думаў — музей, навуковая ўстанова, галоўная функцыя якой — зберажэнне спадчыны», — прызнаўся гісторык.
А на наступны дзень, прыйшоўшы на працу, ён убачыў, як гэтыя дзверы дагараюць. Іх спалілі без усялякіх тлумачэнняў гаспадарчыя службы. У музеі. Пакуль гэтыя дзверы нешта падпіралі ці закрывалі дзірку — яны былі патрэбныя. А як сталі прыцягваць непатрэбную ўвагу — палічылі за лепшае іх знішчыць.
Можна бясконца згадваць, як нішчылі шляхецкія палацы і храмы савецкія ўлады і як працягваюць разбураць нашую спадчыну сучасныя беларускія кіраўнікі. І калі цяпер нас не здзіўляе, што на ўскрайку габрэйскіх могілак у Мінску разгарнулася будоўля бізнес-цэнтру «Імперскі», якая пагражае знішчэннем часткі пахаванняў, то хай тады і не здзіўляе, што аднойчы нас паглыне адна суседняя імперыя з усходу. Бо навошта тая незалежнасць, калі ад яе няма ніякай утылітарнай карысці?