Генадзь Бураўкін. Беларусь была перадусім
Гады без Генадзя Бураўкіна... Дзесяць гадоў таму класік беларускай літаратуры адышоў у лепшы свет. Пра сумесны шлях даўжынёй больш чым у паўстагоддзя распавядае яго жонка Юлія Якаўлеўна. Успаміны жонкі Генадзя Бураўкіна «Новы Час» апублікаваў у 2019 годзе.
Заканчэнне. Пачатак тут
— Калі Генадзь атрымаў прызначэнне на дыпламатычную пасаду, ехаць у Нью-Ёрк не хацелі ні ён, ні я, тым больш што мяне толькі нядаўна абралі дырэктарам выдавецтва «Народная асвета». Я сказала, што не паеду, на гэта Генадзь адказаў: «Ну, і я таксама»…
Прыехаўшы ў ЗША, мы апынуліся на зусім іншай планеце. Праўда, тое, чым я там займалася, было мала цікава мне: трэба было наведваць афіцыйныя прыёмы і нярэдка ехаць разам з Генадзем туды, куды мне ўвогуле не хацелася. Апроч таго існавала іншая праблема: грошай у нас было няшмат (па першым часе мы нават пазычалі), і вельмі цяжка было годна апранацца. Дасюль памятаю адзін афіцыйны прыём і такую карціну ў гардэробе: вісяць норкавыя футры, а сярод іх — мой шэры плашч савецкай вытворчасці… Я вельмі няёмка адчувала сябе тады…
Што ж тычыцца Генадзя, дык працы яму і ў Нью-Ёрку хапала, але працы найперш руціннай. Зрэшты, сам ён пасля гаварыў, што дыпламатычны досвед таксама спатрэбіўся яму, бо ў яго ўзнікла, так бы мовіць, маштабнасць бачання — раней для яго існавала найперш і пераважна Беларусь, а тут ён здолеў убачыць, па сутнасці, увесь чалавечы свет, усю планету, дзе ёсць не толькі краіна Беларусь, але, напрыклад, афрыканскі кантынент, на якім ад голаду паміраюць дзеці. І тут ужо паўставаў цяжкі маральны выбар: ці прасіць за Беларусь, ці існуюць больш важкія на дадзены момант пытанні…
Варта сказаць, што і падчас дыпламатычнай службы Генадзь мэтанакіравана праводзіў беларускую лінію, хоць, канешне, у Нью-Ёрку ўзнікалі пэўныя цяжкасці хоць бы таму, што ў беларускім прадстаўніцтве ў ААН працавалі прадстаўнікі ГРУ і КДБ — і абодва, вядома, з Масквы. І грошы беларускім прадстаўніцтвам вылучаліся на выданне мясцовай газеты пад назвай… «Русский голос». Прадстаўнікі ж беларускай дыяспары афіцыйна лічыліся калабарантамі. Гэта ўжо пасля 1991 года стаўленне да іх пачало змяняцца, і яны нават атрымалі магчымасць упершыню пасля вайны прыехаць на радзіму… Памятаю, як Вітаўт Кіпель распавядаў Генадзю пра свой першы прыезд у Мінск: «Падымаюся па прыступках гасцініцы, а мне насустрач старшыня КДБ. Скажы мне, ці выпадкова ён там апынуўся?..» Але і з Вітаўтам Кіпелем, і з Янкам Запруднікам Генадзь пазнаёміўся, калі яшчэ раней прыязджаў у Нью-Ёрк, і тады, дарэчы, прасіў іх не гаварыць публічна, у эмігранцкім друку, добрыя словы на ягоны адрас, бо, тлумачыў, гэта ідзе яму не на карысць…
У Нью-Ёрку мы пазнаёміліся і з Наталляй Арсенневай, тым больш, што наша дачка Святлана пісала курсавую працу па яе творчасці. Арсеннева аказалася вельмі прыемнай і сімпатычнай — маленькая, вытанчаная, чарнявая. Яны з Генадзем адразу адчулі прыязнасць адно да аднаго… Згадваецца яе аповед пра тое, як яна прыехала ў Амерыку з трыма далярамі ў кішэні… Потым мы яшчэ раз сустрэліся — на з’ездзе беларусаў Паўночнай Амерыкі, дзе нечакана апынуліся побач. І калі ёй далі слова для выступу, Генадзь падхапіўся, каб падаць ёй руку, але яна адмовілася і горда пайшла да мікрафона — маўляў, маладая яшчэ і дапамога ёй без патрэбы! Хоць колькі ёй было — восемдзясят?.. Памятаю, з якім запалам яна чытала гэты свой вядомы верш:
Ня дось крычаць аб Беларусі
і захлынацца ўласнай слінай,
ня досыць верш слабы згарусціць
і прысвяціць яго краіне…
* * *
А як мы ўзрадаваліся, калі Беларусь была абвешчана незалежнай краінай! Праўда, тут жа ўзнікла нечаканая праблема: трэба было вывесіць на флагштоку каля нашага прадстаўніцтва новы сцяг, але ніхто не ведаў дакладных прапорцый бел-чырвона-белых колераў — ні наша амерыканская дыяспара, ні тым больш у Мінску. Але неяк з дапамогай мясцовых беларусаў мы здолелі даведацца пра гэта… Якія мы былі тады шчаслівыя! Мы ледзь не плакалі, гледзячы на наш бел-чырвона-белы сцяг… Гэта былі хоць і няпэўныя, але найшчаслівейшыя дні нашага жыцця ў Амерыцы. Няпэўныя, бо да Генадзя пастаянна апелявалі журналісты, аднак што ён мог сказаць, калі і ў Мінску нічога не ведалі?..
У той час Генадзь неаднойчы пісаў заявы аб адстаўцы — ён прагнуў вярнуцца ў Беларусь, бо на радзіме адбываліся карэнныя перамены, ішло адраджэнне, беларусізацыя, а ён у гэты час знаходзіўся далёка за акіянам. Аднак калі, нарэшце, ягонае прашэнне было задаволенае, высветлілася, што яго не дужа тут і чакалі. Хоць тагачасны прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч і паабяцаў пасаду міністра культуры і друку, але калі Генадзь вярнуўся, нейкі час увогуле заставаўся без працы. Гэта ўжо потым яго прызначалі ўсяго толькі намеснікам міністра… Памятаю, як супакойвала яго: «Не — і не трэба. Наш час мінуў. Урэшце ў цябе ёсць літаратура». Трэба ж было неяк суцешыць яго. У адказ ён толькі маўчаў…
Зрэшты, я ж таксама хадзіла на прыём да тагачаснага міністра культуры Анатоля Бутэвіча — прасілася на працу, але безвынікова. Хоць для мяне не абавязкова было ўладкавацца дырэктарам ці галоўным рэдактарам выдавецтва — дастаткова было і пасады загадчыка аддзела…
Намеснікам міністра культуры і друку Генадзь адпрацаваў усяго год. «Я не магу з імі!» — казаў ён неаднойчы. І прасіў Валянціна Блакіта, які быў рэдактарам «Вожыка», трымаць яму месца, так бы мовіць, «запасны аэрадром». У выніку, звольніўшыся з Міністэрства культуры, стаў намеснікам рэдактара часопіса «Вожык». Трэба ж было за нешта жыць — у нас не было вялікіх зберажэнняў. Але калі ўжо быць бедным, дык лепш усё-ткі ў сваёй краіне…
Вядома, Генадзь адчуваў сваю незапатрабаванасць. Сам ён ніколі пра гэта не гаварыў, бо ўсё насіў у сабе, але я адчувала, што яму цяжка і невыносна горка… Гэта не па-чалавечы — тое, як паступалі з Генадзем, пачынаючы з 2000-х гадоў, — рабілі выгляд, быццам яго няма. Аднак што яму заставалася?.. Ён пісаў вершы і публіцыстыку, вёў калонку ў газетах Аляксандра Старыкевіча «Беларускі час» і «Салідарнасць». І па-ранейшаму заставаўся ў віры, у эпіцэнтры грамадскага жыцця — людзі ішлі да яго бясконца… Аднойчы нават прапанавалі вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, але Генадзь адмовіўся і нават не раіўся са мной…
* * *
Для яго праз усё жыццё былі важны ягоныя прынцыпы. Мусіць, невыпадкова ў апошнія свае дні Генадзь адным са сваіх галоўных учынкаў назваў абарону Васіля Быкава. Ён меў на ўвазе гісторыю 1966 года, калі пасля публікацыі ў часопісе «Новый мир» аповесці «Мёртвым не баліць» Васіля пачалі шальмаваць у друку. Тады Генадзь разам з Анатолем Вярцінскім напісаў ліст у ЦК КПБ, пад якім яны сабралі больш за пяцьдзясят подпісаў пісьменнікаў. Я, канешне, ведала пра той ліст — дзе ж было не ведаць, калі мы жылі ў двухпакаёвай кватэры, а раніцай, а палове восьмай, раптоўна прыйшоў Іван Навуменка, які напярэдадні адмовіўся падпісваць гэты ліст, але ўранні перадумаў, і я бегала па кватэры ў начнушцы і не ведала, куды падзецца. Дасюль памятаю тое пачуццё няёмкасці, пакуль ужо Генадзь не пайшоў з Навуменкам на кухню… І сёння ў памяці той дзень, калі Генадзь павёз ліст у ЦК. Я праводзіла яго да тралейбуснага прыпынку, што быў каля Дома друку, праводзіла з думкай, што развітваюся ледзь не назаўсёды, — я была перакананая, што яго пасадзяць. Але, дзякуй Богу, абышлося…
А калі ў Саюза пісьменнікаў забіралі Дом літаратара, Генадзь быў адзіны, хто, пратэстуючы, цэлы дзень прастаяў з плакатам у пікеце каля Дома літаратара… Пазней ён дапамагаў адстаяць Саюз беларускіх пісьменнікаў, калі зайшла размова пра ягоную ліквідацыю. У Генадзя тады спынілася сэрца… Я потым пыталася: «Навошта ты так хваляваўся?» — «Я не хваляваўся, — казаў ён. — Проста я адчуў сцяну, як у Васіля ў апавяданні, і я не мог прабіцца праз гэтую сцяну!»
* * *
А ў тую апошнюю восень… У яго й настрою не было, і апетыту, ён пачаў хутка стамляцца…
Пра хваробу дакладна стала вядома ў снежні. Ён быў у лечкамісіі яшчэ ў сакавіку, і адтуль яго накіравалі ў Бараўляны, дзе, зрэшты, урачы нічога не дыягнаставалі, але папрасілі прыйсці ў верасні. Аднак восень ён правёў на лецішчы. Ён вельмі любіў Крыжоўку!.. Звычайна мы з дзецьмі з’язджалі напрыканцы жніўня, а Генадзь заставаўся адзін. Ён, відаць, нават чакаў, пакуль мы з’едзем, і, застаўшыся сам-насам, паліў грубку, глядзеў на вогнішча, чытаў, думаў і пісаў вершы… Вярнуўшыся з Крыжоўкі гэтым разам, ён не спяшаўся ў Бараўляны, пакуль урач сама не патэлефанавала. Толькі тады, пасля новага абследавання, стала вядома пра анкалогію. Генадзю прапанавалі адразу пакласціся ў бальніцу, але ён запярэчыў: «Новы год трэба сустрэць». І ў Бараўляны зноў паехаў ужо ў студзені…
Па дзіўным супадзенні, у тую апошнюю восень на нашым лецішчы раптам упала вялікая сасна. Генадзь распавядаў, што выходзіў з дому — і каб зрабіў яшчэ крок, то загінуў бы. А другая сасна ўпала 13 студзеня — у той дзень, калі ён паклаўся ў бальніцу…
Ён, відаць, прадчуваў нядобрае. Таму і такі апошні верш у яго апошняй прыжыццёвай кнізе «Нагаварыцца з зоркамі»:
У кватэры настылай
Я шукаю прытулку ў мальбе…
Мой адзіны,
Мой мілы,
Навучы мяне жыць без цябе…
Верш прысвечаны жонцы мастака Арлена Кашкурэвіча Людміле. Генадзь апошнім часам бываў у доме Кашкурэвічаў, бо Арлен пісаў ягоны партрэт. А калі яго раптам не стала, у Генадзя выплеснулася гэта на паперу… Ён ужо ведаў пра сваю хваробу і, мусіць, напісаў гэта не для адной Людмілы, але і для мяне таксама, для ўсіх…
Ён да апошняга не верыў у свой сыход. І толькі, відаць, калі зусім ужо апусціў крылы, тады і захацеў паспець сказаць пад запіс тое, што павінен быў сказаць, захацеў убачыць сваю апошнюю кнігу, якую я потым паклала разам з ім… Канешне, ён быў і застаўся найперш паэтам. Таму мы і напісалі на яго надмагільным помніку — паэт.
* * *
Ці была я шчаслівая з ім? Дасюль не ведаю адказу на гэтае пытанне. Усё-ткі нашае жыццё было такое разнастайнае… У ім было ўсё — і добрае, і кепскае, і радаснае, і горкае, шчаслівае і не. Мы ж не анёлы абое былі… Адзінае, што я вельмі рада, што ў нас такія дзеці — дачка Святлана і сын Аляксей. Яны цалкам падзялялі і падзяляюць нашы думкі і пачуцці. У гэтым сэнсе я насамрэч шчаслівая. А калі жанчына шчаслівая ў дзецях, значыць, яна ўвогуле шчаслівая, ці не так?.. Шчасце — гэта крыху дзіўнае паняцце… Усё ж больш як пяцьдзясят гадоў пражыта разам, і не магу сказаць, што гэта былі бясхмарныя гады. Колькі я пераплакала… А пасля прачытаеш ягоны верш… Я даравала яму ўсё за яго паэзію…
Для Генадзя праз усё жыццё на першым месцы была нават не праца, а літаратура. Калі пабудаваць градацыю важных для яго паняццяў, дык яна будзе наступнай: літаратура і сябры-літаратары, праца і ўжо потым ішла сям’я. Аднойчы ён нават прызнаўся: «Я адчуў сябе бацькам толькі тады, калі нарадзілася Святлана…» Але перадусім гэтым для яго былі Беларусь і беларушчына — яны былі ў яго душы і сэрцы пастаянна, гэта і было яго сапраўдным жыццём. У Генадзю было нешта такое, перад чым я схіляла галаву. Ён усё жыццё ішоў і змагаўся за беларускае — нягледзячы ні на што, нягледзячы ні на мяне, ні на дзяцей. І, вядома, меў рацыю, калі папрасіў у апошнія свае дні, каб на яго надмагільным помніку былі гэтыя два радкі:
Ты, мой народ, мяне не папракнеш:
Я ўсё табе аддаў — жыццё і сілы…
Бо Беларусь была для яго праз усё жыццё перадусім.