Выкладзены фрагмент рамана Катажыны Бонды «Акулярнік»

«Акулярнік» пасля выхаду ў Польшчы адразу стаў сенсацыяй, здабыў шалёную папулярнасць у чытачоў і выклікаў бурную дыскусію ў польскай прэсе, паведамляе fragments.by.

62170998_1371036379703264_5609487975910998016_n__1_.jpg

Падзеі дэтэктыўнага рамана вядомай польскай пісьменніцы беларускага паходжання Катажыны Бонды адбываюцца ў падляшскім мястэчку Гайнаўка і наваколлі.

У рамане некалькі сюжэтных ліній, адной з якіх з’яўляецца трагічная гісторыя забойства ў 1946 годзе некалькіх дзясяткаў сялян-беларусаў жаўнерамі Нацыянальнага вайсковага задзіночання з атрада Рамуальда Райса „Бурага”.

„Акулярнік” пасля выхаду ў Польшчы адразу стаў сенсацыяй, здабыўшы шалёную папулярнасць у чытачоў і выклікаў бурную дыскусію ў польскай прэсе. У 2015 годзе здабыў прэстыжную ўзнагароду „Бестселер Эмпік”.

Перакладзены на шэраг еўрапейскіх моў, паўсюль здабываючы прыхільныя ацэнкі ў крытыкаў і чытацкай аўдыторыі.

Фрагменты” публікуе ўрывак з рамана:

62170998_1371036.jpg


Вартавы пачуў, як нешта трэснула ў глыбіні лесу. Ён перазарадзіў вінтоўку і напружыў зрок. Паміж дрэвамі прамільгнуў цень, а праз імгненне дарогу перабег спалоханы заяц. Хоць вакол панавала начная цішыня, жаўнер быў упэўнены, што за іхнім сховішчам нехта назірае. Ён двойчы свіснуў, імітуючы крык птушкі. З шалаша высунуўся адзін з камандзіраў, апрануты дзеля маскіроўкі ў фуфайку, адабраную ў беларускага селяніна. На галаве меў вушанку. Толькі горды позірк і паношаныя афіцэрскія боты выдавалі, чым насамрэч займаўся Рамуальд Райс, камандзір спецыяльнага атрада хуткага рэагавання, больш вядомы як Буры. Камандзір нават адпусціў беларускія вусы, каб быць незаўважным сярод жыхароў памежных вёсак.
— Нехта крадзецца, — адрапартаваў вартавы, злёгку прыпадняўшы падбародак. — Недзе там.
Буры даў знак людзям. Падышло трое салдат у польскай форме. На чорных эпалетах у іх былі нашытыя белыя трыкутнікі з надпісам «Смерць ворагам айчыны». На лацканах — гаржэты з чэрапам і косткамі і выява Маці Божай. Камандзір падаў ім ручны кулямёт і некалькі гранат.
— Зніміце яго.
Салдаты разышліся. Аднекуль здалёк даносіўся крык савы.
Буры вярнуўся ў хаціну. Каля імправізаванага стала, збітага з замшэлых дошак, атачыўшы Зыгмунта Шэндзеляжа, празванага Лупашкам, стаялі камандзіры астатніх брыгад: Уладзіслаў Лукасюк «Молат», Мар'ян Плюціньскі «Мсціслаў» і Казімеж Хмелёўскі «Акула», непасрэдны намеснік Райса. Перад імі ляжалі намаляваная ад рукі карта, компас і нямецкі ліхтарык. Лупашка трымаў цыркуль і адмяраў кіламетры ўздоўж чыгункі. Чырвонай кропкай, якая нагадвала кроплю крыві, быў абазначаны найбліжэйшы гарадок — Гайнаўка, адкуль заўтра адпраўляюцца ў Савецкі Саюз апошнія чырвонаармейцы. Разам з войскам яны транспартуюць вялікую колькасць танкаў, боепрыпасаў і запасаў харчавання. Партызаны збіраліся здзейсніць паказальны напад на цягнік, абрабаваць яго, салдат выразаць, здраднікаў айчыны павесіць. Рыхтаваліся да крывавай бітвы, паколькі атака мусіла стаць дэманстрацыяй сілы антыкамуністычнага ваеннага падполля, для якога вайна яшчэ працягвалася. Зброі ў іх было дастаткова — і стралковай, і процітанкавай, і боепрыпасаў. Нешматлікія палякі, жыхары беларускіх вёсак, супрацоўнічалі з імі, захоўваючы ў хлеўчуках і стадолах іх арсенал. Чакалі толькі знаку, каб перадаць жаўнерам узбраенне. Партызаны ведалі, што напярэдадні ад'езду савецкія ваякі ад радасці панапіваюцца і будуць спаць. Напад быў запланаваны на сёння, перад світаннем. Інфарматары менш чым гадзіну назад данеслі, што горад ажно гудзе ад пераможных залпаў.
— У наваколлі не знойдзеш аніводнай свабоднай курвы, — адрапартавалі яны.
— Заўважаны лазутчык, — паведаміў Буры.
Лупашка моўчкі працягваў рабіць падлікі. Толькі скончыўшы з імі і занатаваўшы на палях «дваццаць сем кіламетраў» — занадта вялікую адлегласць для бяспечнага пешага адступлення ў выпадку правалу аперацыі, — ён буркнуў:
— Ён мне патрэбны жывым. Нават калі гэта кацап.
Буры маўчаў і заставаўся на тым самым месцы. Усе ведалі, як моцна ён ненавідзіць беларусаў. У Занях, вёсцы непадалёк, у пачатку вайны размяшчаўся палявы шпіталь, куды трапіў малодшы брат Райса. Сямнаццатага верасня 1939 года беларускія нацыяналісты з інтэрнацыянальных фарміраванняў савецкай арміі забілі ўсіх польскіх жаўнераў, якія там знаходзіліся.
Тэрыторыя, на якой яны цяпер вялі баявыя дзеянні, лічылася самай неспрыяльнай у плане падтрымкі польскага партызанскага руху. Рабочыя з Гайнаўкі, як і жыхары навакольных вёсак, былі наскрозь прасякнутыя камуністычнай ідэалогіяй і варожа ставіліся да ідэі незалежнай Польшчы. Адразу ж пасля вызвалення яны ўліліся ў шэрагі змагароў за ўзмацненне рабоча-сялянскай улады. Дэманстравалі ёй сваю падтрымку, матывуючы гэта тым, што яны падымаюць з руін прамысловасць горада. Заяўлялі, што хочуць хлеба і працы, а не бясконцай вайны.
Мясцовыя сяляне не бралі афіцыйны ўдзел у палітыцы, затое забяспечвалі камуністаў драўнінай і прадуктамі. Адбылося ўжо некалькі інцыдэнтаў, якія яшчэ больш распалілі нянавісць Бурага. Калі ў некалькіх хатах аб'явіліся польскія партызаны, сяляне не толькі адмовіліся падзяліцца набыткам, але яшчэ і данеслі службе дзяржбяспекі і міліцыі пра партызанскае сховішча. Буры ледзьве паспеў вывесці атрад. Месяцамі, галодныя і злыя, яны сядзелі ў зямлянках. Не хацелі гінуць як сабакі. Калі паміраць, то лепш са зброяй у руках. Буры адправіў у разведку некалькі патрулёў з заданнем здабыць харчы. Два з іх прынеслі мізэрную здабычу і навіны: «Нас называюць бандай. Адкрыта дэманструюць варожасць. Сялянскія дзеці плявалі нам на боты». Трэці патруль увогуле не вярнуўся. Палякі, што жывуць непадалёк, данеслі, што на салдат Бурага напалі трое вяскоўцаў, якія супрацоўнічаюць з камуністамі. Насадзілі іх на вілы, а зброю забралі. Палякі і раней папярэджвалі іх наконт агрэсіўных кацапаў, з якімі з дня ў дзень жылі як суседзі.
— На многіх беларускіх падворках, у стагах сена ці пад ламаччам багата зброі, — казалі людзі. — Тут, у вёсках, шмат былых дзеячаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Яны да гэтага часу захоўваюць партбілеты і даносяць на нас у дзяржбяспеку.
Палякі скардзіліся, што баяцца беларусаў. Прасілі дапамагчы, бо на ўласнай зямлі не могуць пачувацца бяспечна. Буры абяцаў адпомсціць за ўсе крыўды. Хутка ўсё зменіцца, запэўніваў ён.
— Яны ўсе ўзброеныя, калі мае патрулі раз за разам не вяртаюцца, — даказваў Лупашку Буры. Але ў камандзіра былі больш важныя справы, чым звядзенне рахункаў з мясцовым насельніцтвам. Ён толькі загадаў Райсу быць больш пільным і дадаў, што да гэтага часу за руку нікога не лавілі. Бураму доказы былі не патрэбныя. Дастаткова таго, што казалі палякі. Супляменнікам няма сэнсу падманваць сваіх салдат, лічыў ён.
— Гэта тэрыторыя ворага, — скончыў дыскусію Лупашка. І дадаў: — Для нас гэтая вайна не скончылася. Прыйдзе час расплаты.
Усе ў атрадзе ведалі, што не варта разлічваць на прыхільнасць беларускага насельніцтва. Гэта тут пасля вызвалення былі створаныя першыя ячэйкі Польскай рабочай партыі. Адсюль выйшла значная колькасць работнікаў беластоцкага аддзела дзяржбяспекі і ўпраўлення грамадзянскай міліцыі, а таксама іншых органаў дзяржаўнага апарату. І менавіта таму партызаны 3-яй Віленскай брыгады Нацыянальнага вайсковага задзіночання вырашылі атакаваць Гайнаўку: гэта прадэманструе моц польскага збройнага падполля. Беларусаў праваслаўнага веравызнання, то бок большасць тутэйшых людзей, яны лічылі здраднікамі.
— Адмяніць распараджэнне! — загадаў Бураму Лупашка. — Спачатку пагаворым з ім. Калі гэта кацап, то жывым ён адсюль не выйдзе. Даю табе слова.
Буры стукнуў абцасамі і выйшаў з шалаша. Чакаючы разведчыкаў, скруціў цыгарку. Не паспеў дакурыць, як да яго падвялі мужчыну ў сялянскай вопратцы. Ён быў не старэйшы за разведчыкаў: год ці два таму дасягнуў паўналецця.
— Кажа, што ён паляк.
Буры ўсміхнуўся ў вусы і кінуў акурак у снег.
— Тут няма рускіх. Кожны, як яго пасадзіш голай дупай на печку, кажа, што ён паляк. Гавары пацеры! — загадаў ён.
— Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, — пачаў шаптаць Сташэк Галчыньскі. — Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою.
— Перажагнайся.
Перапалоханы мужчына зрабіў знак крыжа ўсёй далонню. Праваслаўныя жагналіся трыма пальцамі. Але гэтага было недастаткова. Буры ўжо нагледзеўся на розныя штукі. Тутэйшыя былі вельмі спрытныя. Хутка зразумеўшы, што атрады Нацыянальнага вайсковага задзіночання ставяцца да католікаў больш спагадліва, палова з іх вывучыла некалькі польскіх малітваў. Адным размашыстым рухам Райс раздзёр палонніку кашулю. На грудзях таго блішчэў каталіцкі крыж.
— Мой бацька ваяваў у брыгадзе Акулы. Загінуў на фронце ў сорак другім. Слава айчыне! — няўмела аддаў чэсць затрыманы.
Буры ўважліва прыглядзеўся да яго.
— Я думаў, ты кацап, — ён схапіў Сташка за каўнер. — Мы ж цябе ледзь у расход не пусцілі.
— Пан капітан, у мяне інфармацыя. Суседка, у якой вы перахоўваеце ручныя кулямёты, вінтоўкі і боепрыпасы, сказала мне, што недзе тут у вас дыслакацыя. Паўночы шукаў вас.
З шалаша выйшаў Лупашка. Крыху наперадзе крочыў яго ахоўнік. У руках ён трымаў зараджаную вінтоўку і цэліўся проста ў вяскоўца. Угледзеўшы камандзіра, Сташэк збялеў, а потым упаў на калені, быццам убачыў самога Бога.
— Не забівайце, пан маёр!
Буры паглядзеў на яго з паблажлівым спачуваннем, а затым падняў за каўнер.
— З чым завітаў? Кажы, бо мы не збіраемся чакаць усю ноч.
Галчыньскі выпрастаўся, але галаву і далей трымаў апушчанай. Буры аслабіў руку, і Сташэк зноў паваліўся. Нехта з жаўнераў ткнуў яго злёгку штыком. Палоннік адразу падскочыў, стаў па стойцы «смірна», падняў галаву i далажыў:
— Вы шукаеце беларускіх дыверсантаў, панове. У вёсцы Залускі, каля Заляшанаў, дзе я жыву, ёсць трое такіх. У хляве хаваюць зброю, якую некалькі гадоў збіраюць для беларусаў. Тыя трое вашых забітых, — Сташэк зірнуў на Бурага, — што ішлі па харчы, — я ведаю, хто гэта зрабіў.
— Ты гэта бачыў?
Сташэк адмоўна пакруціў галавой.
— Людзі ў царкве казалі, яшчэ да таго, як яна згарэла. Я рамантаваў там дах. Я не рускі, — паўтарыў ён. — Мундзіры таксама там знойдзеце. Ад іх не паспелі пазбавіцца. Яны ў доме побач з хатай, дзе на падворку пад ядлоўцам ляжаць гарбузы.
Буры схапіў яго загрудкі.
— Прозвішчы!
Сташэк паглядзеў на руку, якая прыўзняла яго над зямлёй.
— Я на вашым баку, — горда заявіў ён. Цяпер ён пачуваўся больш упэўнена: ведаў, што яго словы ўпалі на ўрадлівую глебу. — Тыя трое павінны панесці кару. А для здраднікаў айчыны яна толькі адна: смерць.
Буры адпусціў хлопца.
— Тыя трое — гэта браты Леанід і Сцяпан Пірэсы з Заляшанаў, мае суседзі, і старэйшы Несцярук з вёскі Залускі. Асабліва небяспечны Мікалай Несцярук, — Сташэк дакрануўся да параненага твару. — Гэта ён зрабіў. І народ супраць вас ён падбухторвае. Такія, як ён, хочуць далучыць гэтыя землі да Саветаў. Кажуць, гэта ён забіваў вашых жаўнераў. Малады, але ўся вёска яго баіцца. Калі трэба, я пакажу, дзе ён жыве. Толькі католікаў не чапайце. Нас там няшмат. Пяць сем'яў. Мы ўсе молімся за вас і заўсёды рады бачыць і накарміць.
— Што ты хочаш за гэта? — Буры ўважліва паглядзеў на Сташка. Усё выглядала занадта проста. Яны ўжо некалькі месяцаў шукалі забойцаў патрульных. Ніхто нічога не бачыў, ніхто нікога не падазраваў. А тут раптам з'яўляецца гэты даносчык. Ды яшчэ і сёння, у такі важны для краіны момант. Райс адчуваў падвох. — Грошай у нас няма, — засмяяўся ён.
— Хіба што патронамі разлічымся, — адазваўся намеснік Бурага, Акула.
Хлопец паціснуў плячыма.
— Гэта ўсё праўда. Хіба я рызыкаваў бы, прыходзячы сюды, калі б мяне зло не брала на гэтых беларусаў? — адказаў ён. — Я хачу справядлівасці. Хачу жыць тут спакойна. Мы з маці тулімся ў зямлянцы. Каб касцёл адбудавалі. Польшча — для палякаў!
Буры паляпаў хлопца па плячы.
— Раз ужо ты такі ваяка, паедзеш з намі. Хлопцы, падвучыце Стэфку, — і ён пхнуў яго ў бок вайскоўцаў. — Падабаецца табе мянушка?
Пачуўся гучны смех. Сташэк не чакаў такога павароту.
— Але я мушу вярнуцца, — спрабаваў ён запярэчыць. — Маці засталася адна.
Буры падышоў да яго і вельмі спакойна заявіў:
— Так склалася, што нам патрэбны праваднік.
— Віншую, — далучыўся Лупашка. — Ты прыняты ў спецыяльны атрад хуткага рэагавання.
Потым асядлаў каня і павярнуўся да Бурага:
— Сёння для Польшчы асаблівы дзень. Ты камандуеш. І каб без бравады.
Першымі пайшлі разведчыкі. Молат, Жалезны і ўвесь атрад — следам.
— Вышэй нос, Стэфка! — усміхнуўся Буры. Ён выцягнуў біклажку і дазволіў Сташку глытнуць спірту. — Пакажаш мне гэтых мярзотнікаў. Калі гэта яны, адпушчу цябе на ўсе чатыры бакі. Застанешся ў жывых. Здаецца мне, у нас з табой адзін інтарэс: пакараць гэтых кацапаў.
Райс павярнуўся да сваіх людзей.
— Звязаць яго!
Базыль прамёрз да касцей. Калі прагучала каманда ехаць на шарварку, ён паспешна накінуў на сябе першае, што трапілася, і паехаў у чым быў, абы хутчэй адбыць ненавісную павіннасць. Апрануў кароткі кажух, зручнейшы для працы ў лесе, але цяпер аддаў бы ўсё за дадатковую фуфайку. Амаль усю ноч ён праседзеў з іншымі вазакамі на кучы бярвення, якое даўно ўжо трэба было разгрузіць пад школай у Орлі. Іх засталося трыццаць чалавек. Дваццаць вазакоў з яго вёскі, сямёра з суседніх. Базыль бачыў іх у царкве. Астатніх ведаў толькі з твару. Усё марылі толькі аб тым, каб банда іх адпусціла. Неахвотна выконвалі загады, абураючыся сабе пад нос. Дваццаці католікам, якія згадзіліся пайсці з атрадам Бурага, пашанцавала менш. Большасць з іх не вернецца, думаў Базыль. Залускі не збіраўся станавіцца героем. У яго была зямля, жонка, дачка, і яшчэ адно дзіця павінна нарадзіцца. Ён меў для каго жыць.
Калі побач са сваімі валёнкамі з газетнымі вусцілкамі ён убачыў начышчаныя вайсковыя боты, то нават не падняў галавы. Салдат быў у поўным абмундзіраванні і ўзброены. Але як толькі Базыль пачуў, як перазараджаецца вінтоўка, а перад носам убачыў рулю, падскочыў і стаў па стойцы «смірна». Канваіру не трэба было нічога казаць. Па яго міне вясковец здагадаўся, што прыйшлі распараджэнні. Ён нават усцешыўся, падумаўшы, што, можа, іх нарэшце адпусцяць.
На досвітку Буры з атрадам рушыў на Гайнаўку. Хоць здалёк час ад часу яшчэ чуліся стрэлы, з абрыўкаў размовы вайскоўцаў Базыль здагадаўся, што Райс пацярпеў паражэнне. У чырвонаармейцаў былі поўныя вагоны ўзбраення і скрышальная колькасная перавага. Менш чым паўгадзіны назад да абозу ў лесе дабраўся паранены салдат. Ён ледзьве паспеў перадаць распараджэнні, перш чым спусціў дух. Такім чынам, усе даведаліся пра фінал сутычкі польскіх партызан з чырвонаармейцамі. Служба дзяржбяспекі своечасова атрымала інфармацыю пра запланаваную атаку. Для абароны Гайнаўкі сцягнулі мясцовае насельніцтва, сілы міліцыі і тайных агентаў. Калі Буры з'явіўся са сваім атрадам, то атрымаў упэўнены адпор. Польскія збройныя сілы былі разгромленыя ўшчэнт. Палова людзей Райса загінула. Астатнія атрымалі раненні. Толькі жменька афіцэраў схавалася ў лесе, чакаючы падмогі, якая прыбыла занадта позна.
Буры загадаў неадкладна пачаць адступленне. Фурманы павінны былі рушыць у Гайнаўку праз лес, па акруговай дарозе, і там падабраць рэшткі атрада. Некаторыя вазакі цешыліся з паражэння, разлічваючы на хуткае збавенне ад партызан. Але Базыль падслухаў гутарку канваіра з параненым і ўжо ведаў, што за Бурым няма пагоні. Выглядала на тое, што ніхто іх не шукае. Ён вырашыў не дзяліцца дрэннай навіной з таварышамі. Чакаў моманту, каб збегчы, скарыстаўшы няўважлівасць канвою. Але пакуль усё выглядала дрэнна. Буры са сваім атрадам бесперашкодна ішоў ад вёскі да вёскі, рабуючы і падпальваючы чарговыя хаты. Ні міліцыя, ні тайныя агенты, ні войска не збіраліся ісці на дапамогу. Для звычайных жыхароў гэта азначала толькі адно — хуткую смерць.
— Знаеш гэты лес? — звярнуўся да Базыля канваір.
Селянін углядаўся ў твар дзецюка, апранутага ў мундзір, і разважаў, як доўга гэты юнак вытрывае на фронце. Ён павінен вучыцца, сустракацца з дзяўчатамі, хадзіць на танцы. Быў занадта малады і далікатны, каб ваяваць. А цяпер да ўсяго іншага ён яшчэ і панічна баяўся трапіцца. А тое, што іх пераловяць і пакараюць смерцю, — тут і да бабкі не хадзі. Як толькі службы дзяржбяспекі выкрыюць «банду», усіх паказальна павесяць на першым жа суку. Нават калі яны выберуцца з пушчы, іх чакае ваенны трыбунал. Яму стала шкада паляка, і ён кіўнуў на знак згоды.
— Паедзеш першым, — загадаў салдат. — Праз некалькі хвілін нашы ўжо будуць Пад Ніцай Вярбой. На скрыжаванні дарог. Ведаеш, дзе гэта?
Базыль глядзеў на яго з-пад заінелай шапкі і ніяк не рэагаваў.
— Па-польску не разумееш, кацап? — раз'юшыўся партызан і ўдарыў Залускага ў твар прыкладам вінтоўкі.
Мужчына не чакаў такога, таму не паспеў ухіліцца. Голад і бяссонная ноч прытупілі яго рэакцыю. Адчуў толькі, як ад выбітых зубоў рот напаўняецца крывёй. Базыль упаў на спіну, але гэта толькі разахвоціла ваяку. Ён пачаў біць селяніна падкаванымі афіцэрскімі ботамі, імкнучыся замаскіраваць уласны страх. Пацярпелы насілу падняўся, але пасля чарговага ўдару ўжо не страціў раўнавагу. Астатнія вазакі абыякава назіралі за тым, што адбываецца. Ніводны з іх не хацеў падзяліць лёс Залускага. Ніхто не ўстаў на яго абарону.
— Я ведаю, дзе гэта, — Сташэк выступіў з шэрага. Базыль з удзячнасцю паглядзеў на паляка. Выцер кроў, што цякла з носу. — Можна?
— Выходзім праз тры хвіліны.
Вайсковец разрэзаў вяроўкі, якімі звязалі католіка, указаў яму месца на козлах і адышоў хуткім крокам. Калі рыпенне снегу сціхла, Базыль выплюнуў выбітыя зубы разам са згусткам крыві. Ён зірнуў на астатніх вазакоў, якія, здавалася, змірыліся з хуткай смерцю. Ніхто не збіраўся нават падбухторваць іншых да бунту. Нехта падзяліўся з Базылём рэшткамі тытуню. Усе былі галодныя. Ніхто не чакаў, што шарварка зацягнецца больш чым на суткі. Янка Корч выняў бутэльку з рэшткамі самагонкі і працягнуў вазакам, што стаялі побач. Калі чарга дайшла да Базыля, той набраў поўны рот пякучай вадкасці, прапаласкаў яго і праглынуў самагон. Потым чулліва папляскаў па спіне сваю кабылу, паправіў на ёй шарсцяную гуньку і ўзяў лейцы. Сташэк сядзеў ужо на козлах, угінаючы галаву ў авечы каўнер старой зношанай целагрэйкі.
Рушылі па вузкай дарозе праз лес. За імі — астатнія сорак дзевяць фурманак. Усе амаль пустыя. У іх меліся сесці салдаты Бурага. Толькі на апошнім возе ляжаў мёртвы пасыльны. Канваір спачатку хацеў закапаць яго дзе-небудзь у лесе, але потым перадумаў, бо пабаяўся ваеннага трыбунала. Буры трымаў сваіх людзей у строгай дысцыпліне. Атрад Райса славіўся пакараннямі за парушэнне субардынацыі. Камандзір біў сваіх жаўнераў, муштраваў іх да знямогі. Любая правіннасць магла прывесці да смяротнага прысуду.
— Молодец! — Базыль папляскаў Сташка па плячы, але хлопец толькі махнуў рукой. Тады Базыль нахіліўся да яго і спытаў: — Чаму яны цябе ўзялі? У цябе няма ні фурманкі, ні каня. І не рускі ты.
Сташэк прамармытаў штосьці ў адказ, але Базыль не зразумеў. Нейкі час яны ехалі моўчкі. Неўзабаве Галчыньскі нахіліўся да солтыса і выцягнуў з-за пазухі срэбны крыжык.
— Калі вас спытаюць, то кажыце, што вы католік.
Базыль здзівіўся.
— Я паляк, але тутэйшы, праваслаўны. Калі мяне хацелі адправіць у Беларусь, я адмовіўся. Тут мой дом. Мая зямля. Як я магу вырачыся ўсяго гэтага?
— Значыць, загінеш, солтыс, — уздыхнуў Сташэк і адвярнуўся. — Лепш бы паслухаў мяне.

fragments.bywww.racyja.com