Галоўрэд «Новага Часу»: Калі ўсе з'едуць, то хто зробіць так, каб можна было вярнуцца?

Галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і галоўны рэдактар "Новага Часу" Аксана Колб распавялі Зеркалу, чаму не будуць з'язджаць з Беларусі нават пад пагрозай быць затрыманымі і кінутымі за краты.

kolb_1.jpg


За апошні год у Беларусі журналістаў затрымлівалі сотні разоў, дзясяткі навінавых незалежных сайтаў былі заблакаваныя, у офісах рэдакцый праходзілі ператрусы, на рэдактараў і супрацоўнікаў заводзілі крымінальныя справы, выдавецтвы адмаўляліся друкаваць недзяржаўныя газеты, а манапаліст на рынку распаўсюджвання перыядычнага друку — дастаўляць іх чытачам. Дзясяткі журналістаў былі вымушаныя пакінуць краіну і працягваюць працаваць з-за мяжы. Але ёсць і тыя, хто пры штодзённай рызыцы быць затрыманым і адпраўленым за краты не мае намеру з'язджаць. Зеркало пагаварыла з галоўрэдамі, якіх "ніхто з Беларусі не выкурыць".

Галоўны рэдактар БелаПАН: Мой план Б? Застаюся дома

Ірына Леўшына — генеральны дырэктар і галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. У 2018 годзе яе затрымлівалі па "справе БЕЛТА". Так што яна добра ведае, што такое ператрус, знаёмая з умовамі на Акрэсціна і працай беларускіх органаў унутраных спраў з падазраванымі і сведкамі па крымінальных справах.
 За апошні год журналістаў БелаПАН затрымлівалі не адзін раз. У пачатку 2021- га ў офісе рэдакцыі сілавікі правялі ператрус, паводле афіцыйнай інфармацыі, ён праходзіў у рамках расследавання крымінальнай справы медыяменеджара Андрэя Аляксандрава (крымінальная справа супраць яго першапачаткова была заведзеная па ч. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і фінансаванне такой дзейнасці). У канцы чэрвеня яму прад'явілі новае абвінавачанне — па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Па другім абвінавачванні Аляксандраву пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі).

Фота са старонкі Ірыны Леўшынай у фэйсбуку

Фота са старонкі Ірыны Леўшынай у фэйсбуку

У перыяд чарговай хвалі рэпрэсій супраць журналістаў Ірына Леўшына заяўляе: яна не мае намеру пакідаць краіну.
— Не ведаю, якія планы ўладаў на БелаПАН, але нас пакуль ніхто не закрываў. Кампанія працягвае працаваць, у краіне застаецца асноўная частка супрацоўнікаў. Ці магу я, дырэктар і галоўны рэдактар, усё кінуць і з'ехаць? Гэта па-першае, — пералічвае яна прычыны, па якіх не збіраецца пакаваць валізкі. — Па-другое, я вельмі не люблю, калі хтосьці дыктуе мне ўмовы. Толькі я буду вырашаць, дзе мне працаваць. Ніхто мяне адсюль не выкурыць: я не дастаўлю ім такога задавальнення.
Частка супрацоўнікаў інфармагенцтва на час з'ехала з краіны. Гэта значыць, што нават калі кампанію закрыюць, "белапанаўцы" знойдуць, якім чынам распаўсюджваць навіны. Гэта будзе запасным планам на выпадак немагчымасці працаваць у Беларусі.
Пра свой план Б суразмоўніца кажа коратка: "Застаюся дома". Страху ператрусу і затрымання, распавядае Ірына, у яе ўжо няма.
— Страх [што могуць прыйсці] даўно выцесніла злосць на тых, хто ператварыў нашу краіну ў канцлагер. Злосць, гнеў, пагарда — што заўгодна, толькі не страх. І я ўжо даўно гатовая да таго, што за мной могуць прыйсці. Вядома, непрыемна адчуваць трывогу, пачуўшы шум за ўваходнымі дзвярыма, але я фаталіст: раблю, што лічу патрэбным, — і будзь што будзе, — кажа яна.
Галоўрэд БелаПАН кажа, што імкнецца жыць як раней. Сустракацца з роднымі, глядзець добрае кіно, слухаць музыку пад келіх віна.
— Як бы псіхалагічна цяжка ні было, я параўноўваю сваё жыццё з жыццём тых, хто цяпер у ізалятарах, і разумею, што падаць духам нельга.
Шмат гадоў кожны дзень побач з Ірынай быў яе верны сябар — сабака Бруклін, якога яна называе антыдэпрэсантам. Бруклін паказваў, як нават у складаныя часы можна атрымліваць асалоду ад простых рэчаў: першым (як другім і дзясятым) снегам, павольнай прагулкай, вывучэннем прыроды паркаў і сквераў.
— Брукліна вельмі не хапае. Не хапае нашых доўгіх прагулак. Часам адпраўляюся шпацыраваць перад сном па бліжэйшым скверах. Стала хадзіць пешшу на працу — дарога займае прыкладна гадзіну. Усё яшчэ цяжка глядзець на сабак, на лабрадораў — асабліва. Калі наша жыццё вернецца ў нармальнае рэчышча, я абавязкова абзавядуся новым сабакам. Але ў мяне яшчэ дзве кошкі ёсць — тыя яшчэ антыдэпрэсанты! — дзеліцца Ірына Леўшына.
Цяпер, кажа, ёй дапамагае ўнутраная гармонія: як толькі расклала ў галаве "ўсё па палічках", адразу стала спакойна.

Галоўны рэдактар "Новага Часу": Я гатовая да таго, што чарга дойдзе да нас

У Беларусі выданняў на роднай мове менш, чым на рускай. Адно з іх — газета "Новы Час". У апошні год яна стала ці не адзіным веснікам навін (за выключэннем дзяржТБ) для пазбаўленых волі. Аднак у нейкі момант палітвязні сталі казаць, што газету ім перадаваць перасталі, нягледзячы на аплачаную падпіску. Потым галоўны рэдактар выдання атрымала два папярэджанні: спачатку ад Мінінфарма, а потым ад Генпракуратуры. А "Белпошта" выключыла газету з падпіснога каталога на другое паўгоддзе 2021-га.
Галоўны рэдактар газеты "Новы Час" Аксана Колб прызнае, што працаваць цяпер няпроста, але кажа, што працягне гэта рабіць з Беларусі, пакуль будзе такая магчымасць.
— Не разумею, чаму я павінна ехаць, калі тут мае продкі, мае карані. Гэта мая краіна. Гэта прагучыць пафасна, але я лічу, што не маю права з'язджаць, у першую чаргу таму, што гэта несправядліва ў адносінах да маіх продкаў. Мой дзед вынес значна больш, чым я: Першую сусветную вайну, польска-бальшавіцкую вайну, Другую сусветную вайну. Ён хаваўся ў лясах ад НКУС, ён страціў усё, што нажыў за сваё жыццё, і тым не менш застаўся тут. Ён жыў тут і верыў, што рана ці позна яго дзеці, унукі, праўнукі змогуць жыць у нармальнай краіне, — кажа галоўрэд «Новага Часу».
Верагодна, было б бяспечней з'ехаць і працаваць за межамі Беларусі, гэта дазволіла б пісаць нешта больш вострае, разважае суразмоўца. Але дадае: калі ўсе з'едуць, то хто зробіць так, каб можна было вярнуцца. Акрамя таго, выпускаць друкаваную версію газеты з-за мяжы, прызнае галоўрэд, немагчыма.
— Калі кола зусім звузіцца, магчыма, хто-небудзь з рэдакцыі з'едзе. Але я адназначна пераязджаць не збіраюся, хоць разумею, што ў нейкі момант магу падзяліць лёс калегаў з «Нашай Нівы». Пакуль, думаю, яшчэ не наша чарга. А калі ў краіне нешта зменіцца ў бліжэйшы час, гэтая чарга і не прыйдзе. Але калі сітуацыя зацягнецца, ведаю, што дойдзе і да нас. Я да гэтага гатовая.
Аксана Колб кажа, што як такога страху, што да яе дадому прыйдуць з сілавых структур, у яе няма, хоць яна цалкам усведамляе высокую верагоднасць такога зыходу.
— Так, кожны вечар я кажу сама сабе: "Як добра, што я засынаю ў сваім ложку". Так, раніцай ты прыслухоўваешся да крокаў за дзвярыма — а ці не прыйшлі? Але гэта не страх, а хутчэй жаданне паспець папярэдзіць сяброў, знаёмых, калег, — разважае яна. — У той жа час кожны такі дзень прымушае па-іншаму паглядзець на тое, што адбываецца, і шанаваць кожны момант, паспець зрабіць як мага больш, сказаць камусьці словы, якія павінен сказаць, але часам адкладаеш, таму што ты не ведаеш, што будзе заўтра. Я, нарэшце, стала жыць сёння. Неяк па жыцці было так, што жывеш альбо ўчора, альбо заўтра, а сёння заўсёды выслізгвала. Вось цяпер жывеш сёння і спрабуеш ў гэта "сёння" зрабіць усё, што можаш.

Незалежныя выданні працягнуць працаваць, нягледзячы на рэпрэсіі

Нягледзячы на рэпрэсіі і блакаванні, беларускія незалежныя медыя працягваюць выконваць сваю працу, падкрэслівае Ірына Леўшына, а чытачы за апошні год навучыліся атрымліваць доступ да штучна абмежаванай інфармацыі.
— Нас стала менш, але мы працуем у ранейшым фармаце. Больш таго, нават новыя праекты з'яўляюцца. Напрыклад, штотыднёвае шоў на youtube-канале Naviny.by. Яно так і называецца — "Пакуль вольныя". Вельмі сімвалічна, мне здаецца, — кажа галоўрэд БелаПАН. — Крыніц інфармацыі [у беларусаў] дастаткова. Прагрэсіўная частка грамадства ўжо даўно чытае навіны ў тэлеграм-каналах і карыстаецца VPN. Але, вядома, вар'яцка шкада той жа TUT.BY у ранейшым фармаце — магутны партал, які рыхтавала вялікая каманда, і дзе можна было знайсці інфармацыю на ўсе выпадкі жыцця. Безумоўна, журналістыка страціць у якасці, пакуль лепшыя аўтары будуць сядзець за кратамі. Але затое потым нас чакае медыяўзлёт і нават, я б сказала, медыявыбух. Будзе крута, вельмі крута. А колькі кніг будзе выдадзена, колькі фільмаў знята!
Галоўны рэдактар "Новага Часу" глядзіць на сітуацыю з ціскам на недзяржаўную прэсу ў Беларусі з аглядкай на прыклады гісторыі.
— СССР з яго прапагандысцкай і рэпрэсіўнай машынай здолеў пратрымацца ўсяго 70 гадоў. У плане чалавечага жыцця 50-70 гадоў гэта шмат, але ў плане развіцця грамадства гэта дробязь. Шкада, што гісторыю альбо забываюць, альбо наогул многія не вучаць у школе. Напэўна, тады было б менш памылак, ахвяр і раскаянняў, — разважае Аксана Колб.
Яна лічыць, што тыя, хто чытаў недзяржаўныя газеты і сайты, знойдуць выхад на крыніцы інфармацыі, якія заслужылі давер. «Можна закрыць абсалютна ўсю інфармацыйную прастору. Але гэта не значыць, што людзі пачнуць верыць прапагандзе, асабліва пасля таго, што было зроблена і сказана», — дадае яна.