Кацярына Барысевіч стала лаўрэаткай міжнароднай прэміі «За свабоду прэсы 2021»
Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч стала лаўрэаткай міжнароднай прэміі «За свабоду прэсы 2021». Пра гэта паведамляе сайт «Камітэта абароны журналістаў».
Як паведамляецца, прысуджэнне Барысевіч гэтай узнагароды дазваляе прыцягнуць увагу да цяжкага становішча журналістаў у Беларусі, перадае «Наша Ніва».
Нагадаем, Кацярыну Барысевіч судзілі за «разгалошванне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы» (ч. 3 арт. 178 КК) — паводле версіі Генпракуратуры, гэта «падвышаная напружанасць у грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзян да агрэсіі і проціпраўных дзеянняў». Яе прысудзілі да паўгода калоніі. Таксама вінаватым па справе прызнаны лекар БХМД Арцём Сарокін, ён атрымаў два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і выйшаў на волю пасля абвяшчэння прысуду. І Кацярына, і Арцём віну не прызналі.
Гаворка ідзе пра артыкул Барысевіч пра смерць Рамана Бандарэнкі «Урач БХМД: “У Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі”», лекар Сарокін даў каментар пра стан пацыента.
Пракуратура падала пратэст на прысуд у дачыненні да Барысевіч «з-за мяккасці прызначанага пакарання», аднак Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле.
Кацярына была затрыманая 19 лістапада 2020 года, увесь гэты час яна ўтрымлівалася ў СІЗА (спачатку ў Мінску, затым — у Жодзіне, а пасля — у Магілёве), дзе адзін дзень прыраўноўваецца да аднаго дня ў калоніі. Адпаведна, 19 траўня мінуў тэрмін зняволення.