Герояў матэрыялаў НН схіляюць заявіць, што журналісты ім плацілі
Пра гэта паведамляе ў сваім тэлеграм-канале «Наша Ніва». Выданне заяўляе, што ніколі не плаціла героям публікацыі.
«Наша Ніва» адзначае: цяпер стала вядома, што сілавікі дапытваюць герояў публікацый, схіляюць іх да заяваў, нібы журналісты выдання плацілі ім за інтэрв’ю, за ўдзел у палітычных акцыях.
«Наша Ніва» рашуча гэта адпрэчыла і рабіла заяву: У сваёй працы мы заўсёды кіраваліся законам і журналісцкімі стандартамі, мы ніколі не плацілі героям публікацый, не схілялі іх да аніякіх дзеянняў, мы аб'ектыўна асвятлялі тое, што адбываецца ў Беларусі і за мяжой.
Практыка допыту герояў публікацый у Беларусі не новая. З такім самым падыходам нядаўна сутыкнулася журналістка «Белсату» Валярына Кустава, якая асцерагаючыся палітычнага пераследу, была вымушаная з’ехаць з Беларусі. Героямі яе журналісцкіх матэрыялаў адразу ж зацікавіліся сілавікі. Як распавядала Валярына, іх схілялі да прызнанняў, што журналістка давала ім грошы за інтэрв’ю. Пазней «прызнальныя» аповеды з’явіліся ў прапагандысцкіх СМІ і тэлеграм-каналах.
Падобна, што тым жа шляхам сілавікі ідуць зараз па справе нашаніўцаў. Ад імя рэдакцыі заяўляем: «Наша Ніва» ніколі не плаціла героям публікацыі і не вымушала іх займаць тую ці іншую палітычную пазіцыю, выданне не з’яўляецца палітычным гульцом, наша задача — праўдзіва асвятляць падзеі ў краіне і за мяжой.
Тыдзень таму, 8 ліпеня, былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, рэдактар часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч. Усіх іх падазраюць ў арганізацыі ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх — ч. 1 арт. 342 КК. Па гэтым артыкуле асуджаныя многія ўдзельнікі акцый, што праходзілі да і пасля выбараў у Беларусі, праваабаронцы лічаць такі пераслед палітычна матываваным.